Прадстаўніца міністэрства адмовілася паведаміць, у чым канкрэтна палягае парушэньне газэтай закону. Галоўны рэдактар газэты Андрэй Герашчанка кажа, што даведаўся пра папярэджаньне з публікацыяў у СМІ.
Як паведамляла раней «Наша ніва», актывіст «Маладой Беларусі» Аляксандар Галавань разам зь іншымі праваслаўнымі вернікамі зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай праверыць выпускі газэты «Наше православие» на адпаведнасьць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. У адным з нумароў выданьня была надрукаваная гутарка з грамадзянкай Нямеччыны Маргарытай Зайдлер, якая ваюе на баку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны і заклікае праваслаўных узяць удзел у гэтай вайне.
Галоўны рэдактар газэты «Наше православие» Андрэй Герашчанка сказаў, што пакуль ня бачыў ніякіх папярэджаньняў: «Там быў перадрук артыкулу пра становішча на Данбасе, і ня намі першымі ён быў зроблены. І я не лічу, што там ёсьць нешта такое. Там быў расповед пра гісторыю немкі, якая прыняла праваслаўе, і яе асабістыя погляды. Дарэчы, там ніякіх заклікаў не было. Таму я даволі зьдзіўлены, але ніякіх пісьмовых папярэджаньняў мы не атрымлівалі. Я не лічу, што мы там нешта парушалі».
Таксама Герашчанка назваў «даволі спэцыфічным таварышам» аўтара ліста ў Міністэрства інфармацыі Аляксандра Галаваня: «Ён у свой час спрабаваў атрымаць палітычны прытулак у Латвіі, яго адтуль дэпартавалі, бо ён страціў пашпарт. Калі прыяжджаў патрыярх Кірыл, ён раздаваў “Каталіцкі весьнік”, які насамрэч ня меў дачыненьня да каталіцкай царквы. Быў затрыманы міліцыяй. Дарэчы, калі будзе папярэджаньне, мы гэта таксама ўсё надрукуем – і пра гэтага чалавека, і пра яго папярэднюю дзейнасьць. Каб было бачна, хто гэта робіць. Бо гэта ня просты вернік, а чалавек, які даўно займаецца палітыкай. Гэта проста непрыгожы ўчынак».
Крыніца: Радыё Свабода