“Аказалася, што і ў калгас трэба, і на гарадзкія сьметнікі, таму што ў ЖКГ ёсьць плян па макулятуры, пластыкавых бутэльках, шклотары… Цэлы дзень на гэтым сьмярдзючым сьметніку ў мароз трэба адкалупацца. Пыталіся ў начальніка, чаму мы павінны, калі я, дапусьцім, уладкоўвалася мыць пад’езды, а не на сьметнік. Яны адказвалі, што калі не падабаецца - звальняйся”, - расказвае жанчына.
Аксана мае праблемы са здароўем. Жанчына сьцьвярджае, што па мэдычных паказчыках ёй нельга працаваць у марознае і ветранае надвор’е, ёсьць і адпаведная даведка.
Пазьней Аксане далі трэцюю ступень інваліднасьці, і, паводле слоў жанчыны, кіраўніцтва вырашыла разарваць зь ёй кантракт. Але высьветлілася, што кантракт з Аксанай быў заключаны толькі на першы год працы, на астатнія тры гады ён не працягваўся. Жанчыне прапанавалі падпісаць паперы заднім днём, а пасьля яе адмовы прапанавалі скласьці працоўную дамову:
“Юрыст сказаў: калі не падпішаце працоўную дамову, вы звольненыя, вы працуеце без дакумэнтаў, гэта незаконна. Аддзел кадраў сказаў: няма розьніцы, што паводле кантракту, што паводле дамовы - вы будзеце атрымліваць тую самую зарплату. І вось у мяне ў выніку зарплата зьнізілася на мільён - да мільёна трохсот - мільёна чатырохсот. Я ўзяла крэдыт у банку на рамонт кватэры. Зрабіла рамонт, цяпер павінная выплаціць 39 мільёнаў, і мне трэба з гэтага мільёна трыста жыць, дачцэ дапамагаць і яшчэ крэдыт выплачваць”.
Кіраўнік Аксаны Віктар Філіпенка тлумачыць, што пакуль звальняць жанчыну ніхто не зьбіраецца, але да яе ёсьць прэтэнзіі ў кіраўніцтва: “Я ўжо зрабіў запыт у шпіталь, яна павінная прайсьці камісію. Там жа далі рэкамэндацыю, што можа працаваць бухгальтарам, кастэлянкай, гардэробшчыцай, але ў нас такой працы няма”.
Сама жанчына з прэтэнзіямі кіраўніка нязгодная, таму зьбіраецца падаваць скаргу ў камісію па працоўных спрэчках.