Пятніца, 23 Студзень 2015

Рабочыя сельгаспрадпрыемства ў Гарадку: «Дырэктар урэзаў заробак да 900 тысяч бруднымі, як нам жыць на гэтыя грошы?»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ужо ня ведаем, што і рабіць, - уздыхаюць работнікі фэрмы ў вёсцы Лажані, што ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Фэрма належыць ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» - гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасьцю малака і мяса буйной рагатай жывёлы.

Рабочыя вядуць мяне паўз фэрму. Старыя даільныя апараты і печка на дровах, каб грэць ваду. У «ленпакоі» - невялічкай бытоўцы, дзе пераапранаюцца даяркі, стаіць печка-буржуйка. Нас чакаюць сямёра работнікаў. Усяго тут працуе 11 чалавек.

У вёсцы Лажані нас сустракае вось такі будынак з шыферу.
У вёсцы Лажані нас сустракае вось такі будынак з шыферу.

«Заробак нам давалі часткамі»

- За апошні год у нас зьмянілася чатыры дырэктары. А заробкі толькі падаюць, - наракаюць рабочыя. - За лістапад нам заплацілі менш, чымся за кастрычнік. На рукі мы атрымалі па 1,2 - 1,8 мільёну. Дый тое часткамі далі. 700 тысяч спачатку, а потым астатняе даплацілі.

- А літаральна пасьля Новага году выклікалі ўсіх брыгадзіраў і сказалі, што, маўляў, жыць трэба па сродках. На гэтай сустрэчы ім сказалі, што ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам усім работнікам зьнізяць на 50% заробак. Мы самі загад бачылі, - распавядаюць рабочыя. - Гэта значыць, атрымліваецца, што нам налічаць па 900 тысяч ці максымум па мільёне. На рукі тады выйдзе і таго менш.

Будынак фэрмы.
Будынак фэрмы.

- І як нам цяпер жыць? Мы ж крэдыты ўзялі, каб хоць што-то купіць. Адна камуналка цяпер каштуе ледзь ня ўвесь заробак. Газ жа даражэе. Ды кожны месяц нешта даражэе, - абураюцца даяркі. - Крэдыторы тэлефануюць, пішуць паперы ў суд. І з заробку вылічваюць гэтыя грошы цяпер. А ўсё таму, што нам ня плацяць нармальна.

- А што рабіць мне, калі ў мяне муж таксама тут працуе, вось мы і атрымаем на дваіх 1,8 мільёну, - кажа худзенькая жанчына.

У адлігу тут стаяць лужыны.
У адлігу тут стаяць лужыны.

- У мяне жонка-інвалід, ды і мне толькі 600 тысяч на лекі трэба, - паўтарае за ёй рабочы Сяргей.

- Ну, а разьлікоўкі вы маеце, пакажыце? - прашу я.

- Ды не, нам іх не далі. Зараз у канторы сьвятло і ацяпленьне адключылі. Ад рукі нам іх выпісвалі раней, а цяпер не, - уздыхаюць рабочыя.

Усяго на фэрме 200 кароў.
Усяго на фэрме 200 кароў.

«За перанос цэнтнера малака нам плацяць 533 рублі»

Паводле словаў рабочых, найвялікшы заробак даяркі нават летам не дасягаў трох мільёнаў.

А вось тут работнікі пераапранаюцца. Душу на фэрме няма.
А вось тут работнікі пераапранаюцца. Душу на фэрме няма.

- Як насілі мы малако за 533 рублі, так і носім. Ні дэвальвацыя, ні інфляцыя нашых расцэнак не закранулі. І так на ўсіх фэрмах.

За перанос цэнтнэру мукі ў Лажанях плацяць 533 рублі, нягледзячы на дэвальвацыю і інфляцыю
За перанос цэнтнэру мукі ў Лажанях плацяць 533 рублі, нягледзячы на дэвальвацыю і інфляцыю

533 рублі плацяць за перанос 100 літраў малака. У дзень зімой на фэрме надоі ў 1,2 тысячы літраў. Іх пераносяць рукамі. Гэта каштуе ўсяго 6400 рублёў. У год жа, нават пры найлепшым раскладзе, калі адна карова дасьць 3000 літраў, за перанос малака ад 200 кароў работнікі фэрмы атрымаюць на ўсіх крыху больш за тры мільёны ў год.

А вось такія расцэнкі на адкорм жывёлы.
А вось такія расцэнкі на адкорм жывёлы.

- У нас старое абсталяваньне, лядоўня нармалёва не астуджае, летам малако кісьне. І за ўсё гэта таксама здымаюць грошы, - вядуць мяне да лядоўні рабочыя. Ёмістасьць сапраўды разьбітая і старая. Малако астуджае звычайная вадаправодная вада. Улетку яна награваецца і малако астудзіць ня можа.

Гэта лядоўня для малака.
Гэта лядоўня для малака.
Астуджаюць малако вадой з-пад крана.
Астуджаюць малако вадой з-пад крана.

- А чаго не звальняецеся? - дзіўлюся я.

- Ды ў нас ужо звольніліся людзі. Раней было амаль 700 чалавек, а цяпер вось 288 чалавек. Ну, нас жытло трымае, а так і мы б звольніліся ўсе, - кажуць на разьвітаньне рабочыя. - Вы ведаеце, вельмі хочацца, каб ваш артыкул трапіў на вочы прэзыдэнту. Ён бы сапраўды парадак навёў.

А гэта печка, на дровах, якой грэюць ваду.
А гэта печка, на дровах, якой грэюць ваду.

ДАРЭЧЫ

Бухгальтары і аддзел кадраў сядзяць на працы ў куртках і валёнках

У двухпавярховым будынку адміністрацыі ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» ідзе рамонт.

У будынку адміністрацыі прадпрыемства ідзе рамонт
У будынку адміністрацыі прадпрыемства ідзе рамонт

Тут усталявалі новыя шклопакеты, пафарбавалі фасад. Але ўнутры вельмі халодна. Прыёмная дырэктара зачыненая, а ўсе работнікі ходзяць па калідорах у куртках і валёнках.

Работнікі адзяваюць ў “канторы” валёнкі.
Работнікі адзяваюць ў “канторы” валёнкі.

- А чаго ж так холадна? - курчымся мы.

- Дык адключылі ў нас ацяпленьне, цяжкае матэрыяльнае становішча, - кажуць работнікі, грэючы дыханьнем рукі.

Ацяпленьне адключанае, таму даводзіцца сядзець у куртках.
Ацяпленьне адключанае, таму даводзіцца сядзець у куртках.

- А ў нас яшчэ і са сьвятлом перабоі, - кажуць тут. - На ўсёй тэрыторыі яго няма. Ні ў гаражах, нідзе. Толькі нам уключаюць. Але ён то ёсьць, то яго няма. Таму з раніцы мы сядзім дзьве гадзіны ў цемры. Прыходзіцца пры ліхтарыку ад рукі ўсе паперы пісаць.

У габінэтах на тэрмомэтры ўсяго 4 градусы.
У габінэтах на тэрмомэтры ўсяго 4 градусы.

Пакуль шукаюць дырэктара, я гляджу на градусьнік, які паказваюць бухгальтары. Слупок тут апусьціўся да 4 градусаў.

АФІЦЫЙНА

«А што мне рабіць, калі на ўсіх у нас 400 мільёнаў»

- Заробак мы зрэзалі не напалову, - кажа дырэктар прадпрыемства Яўген Гаўрыленка. - Мы прынялі рашэньне, што ўсім зьнізім на 25%. Зьнізілі ўсім пароўну. Кіруючаму складу зьнялі надбаўкі і яшчэ 24 адсоткі, як усім.

- І які сярэдні заробак зараз па прадпрыемстве?

- Менш за мінімальны, - уздыхае дырэктар. - Вы зразумейце, я працую тут тры тыдні. У мяне паступленьне грошай толькі ад малаказаводу. Малаказавод даў толькі 400 мільёнаў. Гэта грошы за малако, якое надаілі, калі я яшчэ практычна не працаваў. У мяне 288 чалавек, што б вы зрабілі на маім месцы? У людзей такое паняцьце, што новы кіраўнік прыйшоў і не зьбіраецца плаціць. Але я ж ня ўцёк і ня зьехаў нікуды. Я тлумачу сытуацыю. Я разумею, што гэта вельмі складана растлумачыць, калі такія грошы людзі атрымліваюць, калі зарплата менш за мінімальную. Але хто вінаваты, калі раней 1,5 мільярду на малацэ атрымлівалі, а цяпер 400 мільёнаў. Пакуль разьбіраюся ў сытуацыі. Часу-то зусім у абрэз было. Вы ж разумееце, што мы спрабуем павялічыць надоі і заплаціць людзям грошы. Але пакуль так…

Крыніца: Kомсомольская правда в Беларуси