Гэта значыць, што і надалей не для кожнага рабочага «Шкловалакна» будзе дзейнічаць беларускае канстытуцыйнае права на вядзеньне калектыўных перамоваў для абароны сваіх эканамічных інтарэсаў.
Час выканаць дамову не надышоў
Старшыня першаснай арганізацыі Белхімпрафсаюзу работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Тацьцяна Гурава 23 чэрвеня паведаміла Свабоднаму прафсаюзу, які дзейнічае на гэтым жа прадпрыемстве, пра ЗАЎЧАСНАСЬЦЬ уключэньня прадстаўніка рабочых ад Свабоднага прафсаюзу ў камісію па калектыўных перамовах з наймальнікам. Гурава тлумачыць такое рашэньне тым, што «Саветам (пры Міністэрстве працы - рэд.) па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры не прынятыя рашэньні па праекце Кіруючых прынцыпаў вядзеньня калектыўных перамоў на ўзроўні прадпрыемстваў, дзе дзейнічаюць некалькі прафсаюзных арганізацыяў, выпрацаваных падчас працы сэмінару».
Аднак на самім сэмінары Міжнароднай арганізацыі працы, які прайшоў 14 траўня ў Менску, не ўзьнікла ніякіх пярэчаньняў па стварэньні адзінай прафсаюзнай камісіі для перамоваў з наймальнікам - ані з боку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ані з боку Белхімпрафсаюзу і Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ані з боку наймальнікаў.
Безь пярэчаньняў на сэмінары была прынятая норма Кіруючых прынцыпаў пра «ўключэньне ў склад камісіі па вядзеньні калектыўных перамоваў прадстаўнікоў усіх першасных прафсаюзных арганізацыяў, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве, па рашэньні іх выбарных органаў, прапарцыйна колькасьці (але ня менш за аднаго чалавека), з правам замены».
Актывіст Свабоднага прафсаюзу, рабочы заводу «Шкловалакно» Мікалай Шарах: «Для нас такі адказ заводзкага Белхімпрафсаюзу не зьяўляецца нечаканым. Яны не адмаўляюцца ўключыць нашага прадстаўніка ў камісію, аднак выстаўляюць дадатковыя ўмовы, не агавораныя на міжнародным сэмінары. Такім чынам, яны выстаўляюць сябе не зусім добрасумленнымі партнэрамі перад Міжнароднай арганізацыяй працы».
Папрасілі прабачэньня за недакладнасьць
Апроч таго, у лісьце Белхімпрафсаюзу ў адрас пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) закралася недакладнасьць. Паведамляецца, што «ўсе сябры СПБ у пісьмовым выглядзе выказалі сваю згоду лічыць першасную прафсаюзную арганізацыю адкрытага акцыянэрнага таварыства «Полацак-Шкловалакно» Белхімпрафсаюзу ўпаўнаважаным прадстаўніком іх інтарэсаў у калектыўных перамовах…», што не адпавядае рэчаіснасьці. Ня ўсе сябры СПБ далі згоду прадстаўляць іх інтарэсы Белхімпрафсаюзу. Магчыма, блытаніна здарылася таму, што ўсе сябры СПБ далі згоду на распаўсюд на іх калектыўнай дамовы для атрыманьня сацыяльнага пакету, г.зн. для атрыманьня сацыяльных выплат наймальніка, такіх як выплаты да адпачынку на аздараўленьне, да юбілейных дат і іншыя. Але ж гэта розныя рэчы - давяраць Белхімпрафсаюзу весьці калектыўныя перамовы і згаджацца на выплаты па калектыўнай дамове. Старшыня заводзкага прафсаюзу Гурава ў размове зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу выбачылася за дапушчаную недакладнасьць.
Наймальнік трымае нэўтралітэт?
Дырэктар ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалай Качаноўскі ў сваім лісьце Свабоднаму прафсаюзу заявіў, што гатовы ўступіць «у калектыўныя перамовы з адзіным прадстаўнічым органам работнікаў арганізацыі ў асобе прафсаюзаў. Таму пытаньне прадстаўніцтва ў камісіі па вядзеньні калектыўных перамоваў з боку работнікаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю наймальніка». Гучыць добра, але ёсьць адна акалічнасьць: усе прадстаўнікі наймальніка ў камісіі па перамовах зьяўляюцца сябрамі Белхімпрафсаюзу. Улічваючы гэта, ці можна дапусьціць думку, што наймальнік не ўплывае на ўсе прынцыповыя рашэньні Белхімпрафсаюзу?