Бізнэсовец-вытворца агучыў праблемы, зь якімі сутыкнуўся сам, кіруючы прыватным прадпрыемствам «Віторжа», і прапанаваў наколькі канкрэтных дзеяньняў па паляпшэньні эканомікі краіны. У адказ Міністэрства эканомікі даслала яму ліст з падзякай за грамадзянскую пазыцыю.
Неправасудныя рашэньні судоў
На думку Ўладзімера Журбы, беларускія суды не становяцца абаронай для прадпрымальнікаў і спрыяюць разбурэньню бізнэсу, выносячы неправасудныя рашэньні, што зьяўляецца злачынствам з боку судзьдзяў. «Скаргі на судзьдзяў у пракуратуру не прымаюцца без аплаты пошліны. Атрымліваецца: «заплаціце пракуратуры, і тады яна разгледзіць ваша паведамленьне пра крымінальнае злачынства судзьдзі», і ў той самы час неданясеньне аб злачынстве крымінальна караецца, - наракае прадпрымальнік. - Пракуратуры, суды, кантралюючыя органы, міліцыя сталі камэрцыйнымі арганізацыямі, якія спаборнічаюць, хто больш і хутчэй зьбярэ грошай штрафамі, пошлінамі. Прычым памеры дзяржаўных пошлін за падачу ў суд вымагаюць вялікіх грошай: напрыклад, любы зварот у эканамічны суд каштуе каля 4-5 мільёнаў рублёў».
Словы ураду не пацьверджаныя справамі
Наваполацкі прадпрымальнік заяўляе, што ўрад толькі кажа пра паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату, але на практыцы нічога не рэалізуецца: «Дзе тыя 680 сучасных прадпрыемстваў, якія прэм’ер Сідорскі абяцаў яшчэ сем гадоў таму, зьбіраючыся іх пабудаваць за тры гады? У папяровых дакумэнтах ураду шмат правільных слоў, але на месцах нічога не рэалізуецца». Паводле глыбокага перакананьня прадпрымальніка, «ня трэба марнаваць пустых слоў, лепш ўладу ўжыць».
Уладзімер Журба мае саракагадовы досьвед працы, прайшоў шлях ад сьлесара да намесьніка дырэктара на прадпрыемствах хімічнай прамысловасьці розных формаў уласнасьці. Прадпрымальнік высьмейвае сьцьверджаньне ўраду пра магчымасьці інвэстара распачаць гаспадарчую дзейнасьць на працягу 10 дзён: «Хіба што можна толькі «зладзейскім» спосабам падлучыцца да электраэнэргіі і камунікацыяў».
«Любыя праектныя работы ў Беларусі патрабуюць шмат часу і грошай, - сьцьвярджае прадпрымальнік, - а інвэстар ня будзе ўкладаць грошы і доўга чакаць дазволу на працу, ён хоча хутка атрымаць гатовую вытворчасьць і прыбытак. Да таго, як запрашаць замежных інвэстараў, спачатку трэба стварыць умовы для працы ўнутраных інвэстараў - прадпрымальнікаў. У Полацкім раёне за апошнія гады мы маем дзясяткі спустошаных і зьнішчаных прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацыяў».
Прадпрымальнік Журба на прыкладзе ўласнага прадпрыемства, ТАА «Віторжа», паказаў, як чыноўнікі руйнуюць прыватны бізнэс: «У выніку ліквідавана 113 працоўных месцаў. Людзі страцілі працу, дзяржава страціла падаткі ў бюджэт, і ўсе сталі жыць горш».
Прапановы прадпрымальніка
Уладзімер Журба прапанаваў ураду сем простых дзеяньняў для паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату і стварэньня новых працоўных месцаў:
1. Адзін з кіраўнікоў выканкаму павінен адказваць за лёс малых прадпрыемстваў.
2. Правесьці падатковую амністыю, на 50% скараціць колькасьць кантралюючых арганізацыяў.
3. Бясплатна даваць пустуючыя землі пад вытворчасьць малога бізнэсу.
4. Правесьці масавую амністыю і выпусьціць з турмаў тэхнічных спэцыялістаў.
5. Спрасьціць для прадпрыемстваў сыстэму дазволаў, ліцэнзаваньня, сэртыфікацыі.
6. Ліквідаваць абаротныя падаткі, ПДВ зрабіць зваротным, а не заліковым.
7. Не прымаць законаў, якія маюць зваротную сілу.
«Ня трэба пераконваць галасаваць супраць палітыкі ўраду, урад сам усё робіць, каб людзей настройваць супраць. І прыкладаў гэтаму дастаткова», - са шкадаваньнем кажа прадпрымальнік.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна