“Я не самагубца!”
“Я будаўнік, аддзелачнік. Усё жыцьцё гэтым займаюся, хаця па адукацыі наладчык радыёапаратуры. У Маскве рамантую хаты, катэджы, офісы. У 2015-16 гадах атрымлівалі ці не па 80 тысяч расейскіх рублёў. За тымі часамі гэта больш двух “касароў” было. Зараз меней атрымліваецца.
Дзе я такія грошы ў Віцебску змагу зарабляць? Не дадуць жа нармальна працаваць! А калі і дадуць, то станеш на ногі – і забяруць. Вы ж ведаеце, як гэта бывае. Некаторыя пасьля такога на самагубства ідуць. А я не самазабойца…
Жонка бугальтарам раней працавала, а потым у будаўнікі перакваліфікавалася. Кажа, абрыдла мне ўжо чужыя грошы лічыць – хачу сама зарабляць. Спачатку тут працавала. А потым я яе ў Маскву забраў. Там ужо дзявяты год разам працуем…”
“Мне што, падцерціся цяпер гэтай паперай?..”
“Вось атрымаў паперку. Так, паперку, бо інакш ня скажаш – дакумэнтам гэта цяжка назваць. Ані подпісу, ані пячаткі, а на зваротным баку яшчэ крэмзалі нейкія іхнія. Мне што, у клязэце падцерціся цяпер гэтай паперкай?..
Гэта маразм! Навошта я мушу кудысьці ісьці і камусьці штосьці даказваць? Калі ўжо вы мяне туды запісалі, то самі даказвайце, што я дармаед і як там – “ня ўдзельнічаю ў эканоміцы краіны”.
Але падлічыце, колькі грошай тут пакідаюць беларусы, якія прыяжджаюць дамоў з расейскіх “заробкаў”. Мы ж усё сюды цягнем! Дык гэта што, я ня ўдзельнічаю ў эканоміцы? Я вунь рамонт у кватэры колькі гадоў раблю. Усе матэрыялы тут, у Беларусі, набываю. Вокны тыя ж…
Вось што думаю: калі і ісьці на гэтую камісію, дык толькі дзеля таго, каб сказаць ім, што за ўвесь гэты абсурд рана ці позна давядзецца адказваць менавіта ім – як прамым выканаўцам”.
“Хачу беларусаў у Маскве сабраць і ўсёй хеўрай прыехаць”
“Жонка мне кажа: ну што, цяжка табе гэтых 10 рублёў заплаціць ці колькі там? А чаму я мушу нешта плаціць? За што? Дык дайце мне нармальную працу! Я згодны нават на 800 рублёў. Калі я буду ўпэўнены, што гэтыя 800 атрымаю і заўтра, і пасьлязаўтра, і штомесяц – дык самы першы назад прыеду, вярнуся на радзіму. Сур’ёзна. Я ня дзеля прыгожага слова кажу…
Мне ня трэба, як нехта піша, каб 1800. Мне 800 досыць будзе. Затое – дома!
І ня трэба кудысьці бегаць кватэру здымаць. Мы ж там за шалёныя грошы за арэнду жыльля плацім!..
… Я сур’ёзна. Хачу беларусаў у Маскве сабраць і ўсёй хеўрай сюды прыехаць, каб задаць некаторыя пытаньні. А беларусаў у Маскве – процьма. Пра гэты дэкрэт усе ведаюць. Навіны адсочваем, абмяркоўваем, спрачаемся. Канечне, ёсьць такія, хто лепш 10 рублёў заплаціць і будзе спаць на дупе роўна. Але я так не хачу. Бо сёньня заплачу 10 рублёў, пасьлязаўтра – 20, а праз два дні 30 папросяць. Ім жа ні каліва даверу няма!
Навошта я павінен плаціць? За што я павінен плаціць? Я якраз празь іх вымушаны зараз у чужой краіне боўтацца і дома ня жыць. Я ім за гэта буду плаціць? Гэта яны мне павінны плаціць, а ня я ім...”
“Гатовы судзіцца і ісьці аж да канца”
"І наконт паперкі яшчэ. Там напісана – плацельшчык ЖКП (уласьнік). У дэкрэце ж таксама, па-мойму, гаворыцца, што тарыфы па поўнай будуць аплочваць тыя, хто зьяўляецца ўласьнікамі жыльля. Але ж я ня ўласьнік і ня ведаю яшчэ, калі ім стану, бо кватэра ў працэсе прыватызацыі зараз, выплачваю патроху. А яны мне гэтую паперу дасылаюць! Клоўны…
Дык вы паспрабуйце хоць разабрацца, каму іх дасылаць? У вас кампутары там, і куча чыноўнікаў – дык спраўдзіце інфармацыю! Вельмі абурыла мяне гэтая паперка, такое вось зьняважлівае да нас стаўленьне, да канкрэтнага чалавека.
Мала таго, уявіце сабе, што перад Новым годам у нас вада аж на два тыдні ў доме зьнікала. І нядаўна, кажуць, два дні вады не было наогул. Машына з бочкай прыяжджала. З падагрэвам таксама праблемы. Раней, калі я ў ваннай уключаў гарачую ваду, дык у суседа зьверху ўвогуле зьнікала.
І пасьля гэтага я тут буду па нейкіх іншых тарыфах плаціць?.. Ніколі! Гатовы судзіцца і ісьці аж да канца. А што тут губляць? Альбо “так”, альбо “не”. Але калі тупа сядзець на кухні, то нічога ня будзе…”
“А тут жа Радзіма, блін…”
“Ведаеце, я так разумею, у дзяржавы няма грошай. І цяпер проста хочуць з народа капейку злупіць. Трэба ж крэдыты аддаваць і запазычаньні – а чым? Няма, мусіць, чым.
Майму напарніку 54 гады. Дык спрачаемся аж да ўср…кі. Ён кажа: “Пачытай гісторыю!”
Я яму: “Гісторыю добра ведаю, але калі ўвесь час будзем так разважаць, што нічога ня зьменім, то будзем да канца гісторыі сядзець у дупе і паўтараць: “Во, пачытай гісторыю!..” І ў носе далей калупацца. Замкнёнае кола…
Вы не глядзіце, што я 15 гадоў у Расеі працую – я за самастойную Беларусь. Спачатку дык была такая спакуса кінуць усё, здаць кватэру ў Віцебску і пераехаць туды на сталае жыцьцё. Што спыніла? Розум. Якога сэнсу мяняць быка на індыка? І ня тое, што тут спакайней, а проста… тут жа Радзіма, блін!”
Запісаў Зьміцер Міраш