Белстат паведаміў 23 жніўня, што сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў 973,8 рублі. Пры гэтым у Віцебскай вобласьці статысты адзначылі самы высокі рост велічыні заробкаў (14,1%) за студзень-ліпень па краіне ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась. Паводле Белстату, сярэдні заробак у Віцебшчыне складае зараз 830,8 рублёў (больш за 400 даляраў).
Яшчэ крыху – і “папіццот”?..
Але, як апынаецца, працу з такім (сярэднім!) заробкам знайсьці ў Віцебску практычна нерэальна. Сярод сьвежых 108-мі вакансіяў, выстаўленых на афіцыйным сайце службай занятасьці 24 жніўня, толькі тры прапаноўвалі заробак, адпаведны “сярэдняму”. Усе яны – “ненародныя”.
Гэта дзьве вакансіі начальнікаў упраўленьня ад віцебскага канцэрну “Мяса-малочныя прадукты”, які гатовы плаціць людзям на гэтай кіроўнай пасадзе па 1115 і 848 рублёў за месяц. А таксама вакансія мэнэджэра па зьнешнеэканамічным сувязям ад прадпрыемства “Інком Інтэрсэрвіс” – з фантастычным для Беларусі заробкам у 4575 рублёў (валоданьне ангельскай, досьвед працы – 5 гадоў).
Астатнія працадаўцы (105 вакансіяў за 24 жніўня) прапануюць заробкі, ніжэйшыя за сярэдні белстатаўскі. У большасьці выпадкаў – нашмат ніжэйшыя.
Што праўда, яшчэ тры вакансіі зусім крыху не дацягнулі да памеру “сярэдняга” белстатаўскага заробку. На заробак 800 рублёў шукаюць:
- дзяржаўнага інспэктара (аблупраўленьне Дэпартамэнту па нагляду за бясьпечным вядзеньнем работ у прамысловасьці МНС РБ),
- кіроўцу на прадпрыемства “Галяген сэрвіс”
- тынкоўшчыка на “Слаўманалітбуд”.
Гэта самыя дарагія вакансіі ў Віцебску. Сярэдні ж заробак па вакансіях на 24 жніўня складае прыкладна 450-500 рублёў за месяц.
Самыя запатрабаваныя – кіроўцы і лекары
Паводле статыстыкі Дзяржаўнай службы занятасьці Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці на сёньня прапануецца 6679 вакансіяў (колькасьць рэзюмэ на сайце ад нашага рэгіёну – 756).
У топ-5 найбольш запатрабаваных на Віцебшчыне спэцыяльнасьцяў уваходзяць кіроўцы аўтамабіляў, лекары-спэцыялісты, мэдсёстры, прадаўцы і кухары.
Людзі ж найчасьцей шукаюць на сайце працу падсобнага рабочага, грузчыка, эканаміста ды бугальтара…
Нагадаем, што, паводле статыстыкі, на Віцебшчыне штомесяц звальняюць больш за 8 тысяч працаўнікоў у розных сфэрах.
Зьміцер Міраш