Івана быў прыняты на працу зваршчыкам у магілёўскае ТДА «Брандбудпраект» у лістападзе 2017 году і камандзіраваны на будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.
«Праца мяне задавальняла, пакуль была нармальная зарплата – больш за 1000 рублёў на месяц. Але так працягвалася нядоўга. Заробак кожны месяц пачаў зьніжацца. А атрымліваць 600 рублёў, працуючы вахтавым мэтадам па два тыдні, удалечыні ад сям'і – мяне не задавальняе. Я прапанаваў наймальніку скасаваць кантракт па пагадненьні бакоў, але са мной нават ня сталі размаўляць. Тады я ўступіў у Свабодны прафсаюз і зьвярнуўся па кансультацыю ў юрыдычную службу прафсаюзу, і мне там дапамаглі», – паведаміў ВВ рабочы.
На зварот работніка Магілёўскі абласны дэпартамэнт аховы працы правёў праверку. У выніку праверкі намесьнік дырэктара арганізацыі быў пакараны штрафам за парушэньне заканадаўства – спэцвопратка і сродкі індывідуальнай абароны былі выдадзеныя зваршчыку ў чэрвені 2017 году, то бок больш чым праз паўгода пасьля пачатку працы.
Пасьля гэтага наймальнік пагадзіўся звольніць работніка паводле артыкулу 41 Працоўнага кодэксу – у сувязі з парушэньнем наймальнікам умоваў кантракту і выплаціць кампэнсацыю ў памеры трохмесячнага заробку.
«Адмова ў звальненьні – гэта адна з найбольш частых прычын зваротаў да нас работнікаў. Мы, вядома, дапамагаем, калі ёсьць парушэньне заканадаўства з боку наймальніка. Наша юрыдычная служба супрацоўнічае ў рэгіёне з Полацкім праваабарончым таварыствам, абараняючы правы грамадзян. Але больш эфэктыўным мэтадам абароны сваіх правоў зьяўляюцца калектыўныя дзеяньні, таму трэба ствараць пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемствах. Тады можна будзе дамагацца нармальнай зарплаты, захаваньня нормаў аховы працы і не давядзецца звальняцца такім складаным спосабам», – распавёў старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах.
Нягледзячы на пэўны посьпех, Іван мяркуе, што пасьля звальненьня прадпрыемства разьлічылася зь ім ня цалкам, а таму мае намер працягнуць спрэчку ў судзе.
Аляксандар Марозаў