Такі своеасаблівы падарунак ад працадаўцы сябры прафсаюзу ўспрынялі як чарговы акт умяшаньня ў дзейнасьць арганізацыі рабочых.
Намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах кажа, што адключэньне электрычнасьці ў офісе ня надта ўскладніць працу прафсаюзнай арганізацыі: «Офіс выкарыстоўваецца пару разоў на месяц, у асноўным для правядзеньня паседжаньняў кіроўнага органу – рады пяршоўкі СПБ. Затое цяпер мы зэканомім грошы, атрыманыя ад прафсаюзных унёскаў. Гэта чарговая беспэрспэктыўная спроба працадаўцы зьнішчыць Свабодны прафсаюз рабочых заводу».
Як патлумачылі прафсаюзныя актывісты, згодна зь беларускім заканадаўствам прафсаюзы карыстаюцца належнай абаронай супраць любых актаў умяшаньня з боку працадаўцаў або з боку іх агентаў у дзейнасьць арганізацыяў і кіраваньне імі. Таму дзеля атрыманьня належнай абароны будзе накіраваная скарга прафсаюзу ў пракуратуру.
Апячатваньне разэтак і ўключальніка ў офісе прафсаюзу зьдзяйсьняў вядучы энэргетык ААТ «Полацак-Шкловалакно» Муртазін А.М. у прысутнасьці старшага майстра ўчастку Сьлезіна М.В. і прадстаўніка прафсаюзу СПБ Стукава В.Я.
Ад прафсаюзу энэргетыку была ўручаная пісьмовая памятка з пазначэньнем прававых нормаў заканадаўства, якія ён парушае як прадстаўнік працадаўцы. У адказ спадар Муртазін заявіў, што нічога не парушае, а дзейнічае ў адпаведнасьці са сваімі абавязкамі, абмяжоўваючы доступ да электраэнэргіі за нявыплату ў памеры 116 рублёў 53 капеек.
У ААТ «Полацак-Шкловалакно» дзейнічае калектыўная дамова, у якой запісана, што наймальнік абавязваецца даваць прафсаюзу памяшканьне і аплачваць камунальныя паслугі. Аднак наймальнік лічыць, што гэта тычыцца толькі Белхімпрафсаюзу, у які ўваходзіць і сам дырэктар.
Наконт гэтага пытаньня Свабодны прафсаюз знаходзіцца з наймальнікам у працэсе калектыўнай працоўнай спрэчкі. Сябры СПБ патрабуюць аднолькавых умоваў для дзейнасьці розных прафсаюзаў, як гэта было ў пэрыяд з 2009 па 2012 гады, калі ААТ «Полацак-Шкловалакно» даваў Свабоднаму прафсаюзу неабходныя памяшканьне і абсталяваньне ў бязвыплатнае карыстаньне.
https://vitebskspring.org/news/pravy-pracounykh/item/2745-dyrektar-pradpryemstva-adklyuchyu-elektrychnasts-svabodnamu-prafsayuzu#sigProId33e554af19
На фотаздымках: Вядучы энэргетык Муртазін А.М. адключае электрычнасьць у офісе прафсаюзу.
Аляксандар Марозаў