Панядзелак, 09 Лістапад 2015

На «Нафтане» адмаўляюцца павышаць зарплату

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Надоечы заводзкая газэта «Веснік Нафтана» паведаміла: пытаньне павышэньня стаўкі 1-га разраду пакуль застаецца адкрытым.

Немагчымасьць павышэньня зарплаты тлумачыцца тым, што згодна з пастановай Саўміну № 744 павышэньне тарыфных ставак (акладаў) дапускаецца толькі пры ўмове суадносін росту прадукцыйнасьці працы і заработнай платы больш за 1,0. Апроч таго, паводле дакумэнтаў канцэрну «Белнафтахім» павышэньне зарплаты можа ажыцьцяўляцца пры росьце чыстага прыбытку. Аднак паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці ААТ «Нафтан» (у тым ліку па чыстым прыбытку) былі ня выкананыя.

Але сытуацыя можа зьмяніцца, калі наймальнік прыслухаецца да прапановы першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП).

«Каля двух тыдняў таму мы накіравалі наймальніку ліст, у якім прапануем прэмію, якая дасягае 90% акладу, зьнізіць, а тарыфную стаўку падняць на 50%. Паглядзім, як наймальнік на гэта адрэагуе. Чаму мы прапануем пайсьці на такі крок? Прэмія сёньня ёсьць, а заўтра яе можа ня быць. Або, дапусьцім, чалавек прыходзіць з адпачынку, а прэмію атрымлівае месяцам пазьней – атрымліваецца, яму два месяцы трэба сядзець на голым акладзе. Трэба прызнаць, што напружаньне ў калектыве ёсьць, падзеньне ўзроўню жыцьця ёсьць, таму трэба нешта прадпрымаць», – распавёў старшыня першаснай арганізацыі БНП работнікаў ААТ«Нафтан» Іван Сьвятоха.

Разам з тым прафсаюзны лідэр адзначыў, што калектыўная дамова на прадпрыемстве выконваецца. Работнікам выплачваюцца квартальныя прэміі, была таксама выплачаная апошняя частка «трынаццатай зарплаты» па выніках 2014 году.

Раней паведамлялася, што на «Нафтане» на аўтсорсінг выводзяць некалькі падразьдзяленьняў, і што ААТ прадае рэзыдэнцыю пад Масквой за 6,3 мільёну даляраў.

Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі