Нядзеля, 21 Май 2017

Віцебскі электрык прымусіў наймальніка пайсьці на міравую

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вяртаньне часткі прэміяў, кампэнсацыя адной зарплаты і зьмена фармулёўкі прычыны звальненьня ў працоўнай – вынік міравога пагадненьня паміж работнікам і наймальнікам – культурна-гістарычным комплексам «Залатое кальцо гораду Віцебску "Дзьвіна"».

Валер Раманоўскі, электрык дзяржаўнай установы «Культурна-гістарычны комплекс „Залатое кальцо горада Віцебску "Дзьвіна"“» і сябра прафсаюзу РЭП, зьвярнуўся па прававую дапамогу ў прафсаюз пасьля таго, як яго звольнілі з працы з фармулёўкай «за неаднаразовае парушэньне дысцыпліны».

Пра падрабязнасьці распавёў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП па Віцебскай вобласьці Андрэй Левінаў,  які вёў справу Раманоўскага.

– Да звальненьня Валер на працягу 6-ці месяцаў не атрымліваў частку прэміяльных даплат. Прычына была ў тым, што ён увесь час інфармаваў у сваіх дакладных пра неналежны стан праводкі будынку, у якім знаходзіцца комплекс (будынак стары і зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю). Замест таго, каб прыслухацца да спэцыяліста, кіраўніцтва рэгулярна «выкрывала» работніка ў неабгрунтаваных правінах: то даведка пра стан здароўя ня той формы, а новую пазьней належнага тэрміну зрабіў, то работнік адмаўляецца выйсьці на працу ў звычайны выхадны, – і ў рэшце рэшт звольніла па артыкуле.

Пасьля 4 судовых паседжаньняў, у выніку якіх былі выяўленыя гэтыя факты, першапачатковая ўпэўненасьць наймальніка ў сваёй праваце пахіснулася. Таму ён пагадзіўся пайсьці на міравое пагадненьне і кампэнсаваць Валеру Раманоўскаму зарплату за месяц, патрачаны на ўдзел у паседжаньнях сууа, і выплаціць прэміяльныя. У агульнай складанасьці сума, спагнаная з наймальніка, склала 350 беларускіх рублёў. Таксама была зьмененая прычына звальненьня. Замест звальненьня ў сувязі зь «неаднаразовымі парушэньнямі дысцыпліны», цяпер у працоўнай кніжцы Валера будзе значыцца «паводле пагадненьня бакоў».

– Важна заўсёды адстойваць сваю пазыцыю і не баяцца казаць «не», калі начальнік настойвае на «так», – раіць Андрэй Левінаў. – Уважлівае стаўленьне да сваёй працы часам ідзе ў разрэз з жаданьнем наймальніка выканаць працу. Таму калі вы бачыце парушэньне, пішыце дакладную – фіксуйце факт парушэньня. Часьцяком наймальнік сам ня ведае працоўнага заканадаўства і думае, што працаўнік будзе маўчаць. Таму заўсёды сачыце за тэрмінамі, пазначанымі ў дакумэнтах, якія падпісваеце, патрабуйце адказаў на свае заявы і дакладныя запіскі

praca-by.info