Рэч у тым, што апошнія некалькі мэтраў да ліцэю дзеці вымушаныя ісьці або па праезнай частцы, або па вільготным газоне пад гаўбцамі жылых дамоў, спадзеючыся, што адтуль нішто ня зваліцца на галаву. Асабліва сытуацыя ўскладняецца пасьля дажджу, калі ўтвараецца вялікая лужына.
«На першы погляд праблема невялікая, але пракладка 10-15 мэтраў ходнікаў абыдзецца значна таньней, чым згуба дзіцячага здароўя. Усе школы пазначаныя надпісамі “Увага, школа”, а на прылеглых да ўстановаў адукацыі дарогах усталяваныя дарожныя знакі “Дзеці”. Тут жа няма нават элемэнтарнай разьметкі пешаходнага пераходу, і “ляжачага паліцыянта” таксама няма.
Нядаўна прайшло сьвята ведаў. Кожны першаклясьнік атрымаў падарунак ад прэзыдэнта. На сьвяце было багата гасьцей, роставыя лялькі на дыбах, галубы і балёнікі ў небе... Малыя з трымценьнем сэрца глядзелі і слухалі, забыўшыся на жаданьне круціцца і шумець. Усё гэта, безумоўна, мусіць быць, як мусіць быць і бясьпечнае асяродзьдзе для дзяцей ў школе і на падыходах да яе», – кажа Ірына Яскевіч.
Ліцэй уваходзіць у пяцёрку найлепшых па краіне, а яго навучэнцы рэгулярна займаюць прызавыя месцы ня толькі на гарадзкіх і рэспубліканскіх, але нават і на міжнародных алімпіядах, таму сытуацыя, што склалася, выглядае як недарэчнасьць.
«У школе шмат робіцца для ўсебаковага разьвіцьця вучняў. Аднак бясьпека навучэнцаў ня менш важная! Каб забясьпечыць яе, трэба ўпарадкаваць усяго 10-15 мэтраў ходнікаў. Трэба пакласьці “ляжачых паліцыянтаў”, зрабіць разьметку пешаходнага пераходу і пазначыць адрэзак дарогі спэцыяльным знакам “Увага, дзеці!”», – піша ў сваім звароце да мясцовых уладаў Ірына Яскевіч.
С. Горкі