Чацвер, 05 Верасень 2024

Віцебская праваабаронца Ірына Траццякова просіць дапамогі: яе маці патрэбна тэрміновая аперацыя на сэрцы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пасля хвалі ператрусаў 16 лютага 2021 года, калі сілавікі ўрываліся да праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў, Ірына Траццякова была вымушана пакінуць Беларусь. На радзіме супраць яе распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Цяпер праваабаронца знаходзіцца за мяжой, але і тут не спыняе свае працы – кансультуе тых, хто стаў ахвярай рэпрэсій, дапамагае пацярпелым ад пераследу знайсці прытулак і абарону ў краінах Еўразвязу. Але сёння сама Ірына апынулася ў сітуацыі, калі вымушана прасіць дапамогі.

Пасля  ад'езду Ірыны з Беларусі сілавікі не пакідаюць у спакоі яе пажылых бацькоў: да іх увесь час прыходзяць то з ператрусамі, то з роспытамі наконт дачкі. Маці з бацькам востра перажываюць кожны такі візіт, і гэта не магло не адбіцца на стане іхнага здароўя. У снежні 2023 года ў бацькі Ірыны здарыўся інфаркт, яму ўстанавілі два стэнты. Сур'ёзныя праблемы з сэрцам выявілі і ў маці праваабаронцы: абследаванне паказала, што ёй неабходна тэрміновая аперацыя па аортакаранарным шунціраванні.

«У Беларусі на такую аперацыю вялікая чарга, і маці да яе можа проста не дажыць. Штодзённы страх і чаканне новых ператрусаў пагаршаюць стан яе здароўя, і аперацыі яна можа не дачакацца. Да ўсяго, з улікам узросту вельмі высокія рызыкі ўскладненняў падчас такіх аперацый. Тым больш, што ў Беларусі іх вынік цяжка прадказальны – тут бракуе і кваліфікаваных спецыялістаў, і дапаведных умоваў. Таму я вырашыла шукаць медычнай дапамогі ў замежжы, -- распавядае Ірына. -

Альянс кардыёклінік у Нямеччыне Nordrhein-Westfalen Clinic Complex, прааналізаваўшы дасланыя мной медычныя дакументы, пагадзіўся правесці аперыцыю і распачаць лячэнне адразу пасля атрымання дэпазіту ў памеры €60.000. Гэтая сума ўключае выдаткі і на аперацыю, і на медычны догляд, і на рэабілітацыю. Але я не ў стане сабраць гэтую суму адна».

Фонд BYSOL распачаў збор сродкаў для маці праваабаронцы. Падрабязнасці пра размеркаванне неабходных грашовых сродкаў можна прачытаць на гэтай старонцы .

«Усе папярэднія гады я змагалася за справядлівасць і правы іншых людзей, а цяпер прыйшоў час змагацца за жыццё самага дарагога для мяне чалавека. Я веру ў вашу падтрымку і шчыра прашу вашай дапамогі», -- піша Ірына Траццякова.