У заяве Павал Левінаў распавёў, што каля гандлёвага цэнтру “Эвіком” хлопец і дзяўчына некалькі дзён распаўсюджваюць чырвоныя сьцяжкі зь сярпом і молатам. Яны чапляюцца да мінакоў, торкаюць ім у рукі сьцяжкі, потым вымагаюць грошай. Пры гэтым, лічыць Левінаў, яны выказваюць свае грамадзкія перакананьні: паказваюць мінакам паперку, дзе напісаны лёзунг іхнай акцыі – “Народжаны ў СССР”. Таму праваабаронца папрасіў кіраўніка абласной міліцэйскай управы правесьці праверку гэтых фактаў, высьветліць асобы распаўсюднікаў, пакараць іх за несанкцыянаваныя акцыі, забараніць ім чапіцца да мінакоў і кіроўцаў аўтамашын, парушаючы правілы дарожнага руху.
З абласной управы прыйшоў адказ, што ліст Левінава пераслалі ў Кастрычніцкі РАУС, бо “Эвіком” тэрытарыяльна знаходзіцца ў Кастрычніцкім раёне. У райаддзеле правялі праверку – прынамсі, у матэрыялах гэтай справы ёсьць некалькі рапартаў ад супрацоўнікаў, кажа Левінаў:
“Есьць рапарты, што міліцыянты патрулявалі тэрыторыю, выбарачна размаўлялі з гандлярамі і пакупнікамі гандлёвага цэнтру, але нікога не знайшлі. Гэта вялікае дзіва! Я даслаў у міліцыю фотаздымкі распаўсюднікаў, дзе добра бачныя твары. Між тым згадайце сумнавядомую фотасэсію “з клеткамі і птушкамі”! Усіх удзельнікаў вызначылі па фотаздымках менш як за два тыдні, у тым ліку выпадковага мінака, які сфатаграфаваўся за кампанію. І ўсіх тут жа пакаралі! А тут – нікога не знайшлі. І на гэтай падставе зрабілі выснову, што правапарушэньня не было!”
У адказе, падпісаным старшым лейтэнантам міліцыі Сяргеем Вяраксам, сапраўды гаворыцца, што “падчас праведзенай праверкі асобы (распаўсюднікаў) высьветленыя не былі. Такім чынам, праведзенай праверкай было выяўлена, што ў дзеяньнях нявызначаных асобаў няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня”.
Зь іншага боку, калі правапарушэньня няма, то навошта было шукаць тых людзей, адзначае праваабаронца. Але самы вялікі шок ён атрымаў, прачытаўшы пастанову Сяргея Вяраксы пра тое, што ў адносінах да яго, Левінава, была заведзеная адміністрацыйная справа! І скасаваная праз тое, што складу правапарушэньня няма…
“Я ўсяго толькі напісаў заяву ў міліцыю. У нас што, кожны, хто зьвярнуўся з заявай, ужо правапарушальнік? Пра якое правапарушэньне мне пішуць? Можа, усё тлумачыцца тым, што пастанова датаваная 12 красавіка, калі ўсе людзі сьвяткавалі Вялікдзень, адпачывалі… У чым міліцэйская лёгіка? Гэта ж я прасіў праверыць факты, якія лічу правапарушэньнем, але ня я распаўсюджваў тыя сьцяжкі”…
Калі правапарушэньня ў распаўсюдзе сьцяжкоў міліцыя ня бачыць, Павал Левінаў пісьмова папярэдзіў кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС, што таксама будзе распаўсюджваць сымболіку, толькі нацыянальную. У грамадзкіх месцах ён мае намер раздаваць бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Але адказ, падпісаны С.Вяраксам, будзе аспрэчваць у судзе. Бо тое, што ў ім напісана, гэта ня проста бязглузьдзіца – гэта не адпавядае заканадаўству, лічыць праваабаронца.