У віцяблян бралі падпіску пра неразгалошванне, таму зместам гутарак яны падзяліцца не могуць. Але адзначаюць, што размовы працягваліся па 2-3 гадзіны.
Справа «Вясны» – гэта некалькі крымінальных справаў, распачатых у дачыненні да кіраўніцтва і сябраў арганізацыі за праваабарончую дзейнасць і дапамогу людзям у адстойванні іх правоў і інтарэсаў.
На дадзены момант 7 «вясноўцаў» застаюцца за кратамі, у тым ліку старшыня праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка, якога цяпер утрымліваюць пад Віцебскам у калоніі «Віцьба-3» (асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Пераслед «вясноўцаў» праходзіць па шэрагу артыкулаў. Лідараў праваабарончага цэнтру Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, затрыманых у межах крымінальнай справы, вінавацяць па ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад выплаты падаткаў). У дачыненні да іх абраная мера стрымання – заключэнне пад вартай.
За кратамі ўтрымліваюць і валанцёраў «Вясны» – Таццяну Ласіцу (асуджаная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу нібыта за парушэнне грамадскага парадку, адбывае пакаранне ў калоніі №4 г. Гомеля), Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка ( абодвух абвінавачваюць па арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), а Марфу дадаткова і па арт. 130 Крымінальнага кодэксу («распальванне варожасці»). Усе зняволеныя «вясноўцы» прызнаныя палітвязнямі.
Андрэй Кот