Серада, 11 Лістапад 2015

Валер Місьнікаў: Як былы выкладчык права імкнуся супрацьстаяць сыстэме бюракратычнага ашуканства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Былы выкладчык права, праваабаронца Валер Місьнікаў зь Віцебску ўжо шмат гадоў змагаецца з самавольствам бюракратычнай сыстэмы. Ён ня толькі спрабуе адстаяць свае законныя інтарэсы, але спадзяецца, што яго змаганьне дапаможа іншым грамадзянам, якія, як і ён, сутыкнуліся зь бюракратызмам з боку дзяржаўных чыноўнікаў.

Справа, якой праваабаронца займаецца ўжо больш як пяць гадоў, тычыцца рэалізацыі яго права на атрыманьне сацыяльнага жытла. У 2010 годзе ён быў выключаны з сацыяльнай чаргі на той падставе, што нібыта мае працаздольных чальцоў сям'і.

У 2009 годзе рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму Валера Місьнікава ўлучылі ў чаргу на атрыманьне сацыяльнага жытла, а ў 2010 годзе з чаргі ён быў выключаны. Адвольна трактуючы закон, чыноўнікі гарвыканкаму не зважаюць на тое, што яго дарослыя дзеці пражываюць асобна, маюць уласныя сем'і, а таму ня маюць ніякага дачыненьня да справы з сацыяльным жытлом для іх бацькі.

Дзеці спадара Місьнікава не зьяўляюцца чальцамі яго сям'і, ён не вядзе зь імі агульнай гаспадаркі і не пражывае сумесна. Бо паводле закону чальцамі сям'і могуць быць прызнаныя  тыя, хто пражывае ў адным населеным пункце асобна, толькі ў тым выпадку, калі яны пра гэта заяўляюць і калі гэта засьведчана рашэньнем суду, а таксама ў тым выпадку, калі яны заключылі паміж сабой дамову пра членства сям'і.

Як адзначае віцебскі праваабаронца, усе ранейшыя рашэньні гарвыканкаму і двух судоў наконт яго справы прымаліся не ў адпаведнасьці з нормамі закону, а выключна ў адпаведнасьці з канкрэтнай сытуацыяй. Калі чыноўнікам было карысна, каб у спадара Місьнікава былі законныя сямейнікі, яны казалі, што дзеці – чальцы сям'і. Калі  гэта было ім ня трэба, яны сьцьвярджалі, што ня могуць пэўных асобаў прызнаць чальцамі яго сям'і.

Так, калі праваабаронца патрабаваў сацыяльнае жытло, яму яго не далі, кажучы, што яго дзеці зьяўляюцца чальцамі яго сям'і. А калі прасіў гарвыканкам падзяліць асабовы рахунак кватэры (у якой ён зарэгістраваны, але не пражывае) паміж ім і былой цешчай з аднаго боку і былой жонкай і дзецьмі з другога боку, яму паведамілі, што гарвыканкам ня можа прызнаць чальцом яго сям'і былую цешчу. Такая гульня чыноўнікаў працягваецца аж дагэтуль. Паводле Валера Місьнікава, адбываецца наўмысная падмена паняцьцяў.

Зь меркаваньня чыноўнікаў вынікае, што калі грамадзянін мае сямейнікаў, якія пражываюць у адным зь ім населеным пункце, то ён ня мае права на ўлучэньне яго ў сьпісы на атрыманьне сацыяльнага жытла, бо тыя павінны пра яго клапаціцца. У гэтым выпадку яны кіруюцца не Жыльлёвым кодэксам, а артыкулам 100 Кодэксу аб шлюбе і сям'і, дзе сказана, што «дзеці абавязаныя дбаць пра бацькоў і аказваць ім дапамогу, утрыманьне непрацаздольных бацькоў, якія патрабуюць дапамогі, зьяўляецца абавязкам іх поўнагадовых, працаздольных дзяцей».

Аднак спасылка чыноўнікаў на Кодэкс аб шлюбе і сям'і ў гэтым пытаньні ёсьць недарэчнай, бо згаданы кодэкс рэглямэнтуе не разьмеркаваньне жытла, а алімэнтныя адносіны, ва ўрэгуляваньні якіх спадар Місьнікаў пакуль ня мае ніякай патрэбы, бо знаходзіцца на дзяржаўнай пэнсіі і дзяржаўным утрыманьні, прычым памер яго пэнсіі супастаўляльны з заробкамі яго дзяцей. Як сьцьвярджае праваабаронца, нават калі б ён у судовым парадку запатрабаваў ад сваіх дзяцей дапамогі, то ягонага патрабаваньня не задаволіў бы ніводзін суд – не задаволіў бы, бо паводле закону ён, апроч пэнсіі, мае яшчэ права і на матэрыяльную дапамогу, і на аднаразовую дапамогу, і на адрасную дапамогу з боку дзяржавы.

Распавядае Валер Місьнікаў: «Яны ня хочуць прызнаць мяне адзінокім і даць мне сацыяльнае жытло, паколькі я маю дзяцей, а калі так, то яны аўтаматычна прызнаюць дзяцей чальцамі маёй сям'і. З гэтай нагоды я пайшоў у гарвыканкам і напісаў заяву, каб яна выдалі на рукі копію іх рашэньня пра тое, што дзеці прызнаныя чальцамі маёй сям'і. Але ж, вядома, гарвыканкам гэткім правам не надзелены. І вось адказ: Упраўленьня жыльлёвай палітыкі Віцебскага гарвыканкаму: Разгляд пытаньня аб прызнаньні грамадзянаў «чальцамі сям'і наймальніка» не зьяўляецца адміністрацыйнай працэдурай і не ўваходзіць у кампэтэнцыю Віцебскага гарвыканкаму. Такім чынам, яно не магло разглядацца на паседжаньні Віцебскага гарвыканкаму або грамадзкай камісіі, у сувязі з чым даць адпаведныя выпіскі не ўяўляецца магчымым».

«Маючы гэты адказ, я пачаў казаць ім, што яны перавысілі свае паўнамоцтвы. – працягвае Валер Місьнікаў. – Службовыя асобы адвольна тлумачаць прававыя акты, чым парушаюць мае правы. У сувязі з гэтым зьвяртаюся зь пісьмовай заявай у аблвыканкам і прашу старшыню аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва прыняць мяне ў прыёмны дзень дзеля вырашэньня супярэчнасьцяў і прыняцьця палітычнага рашэньня наконт майго пытаньня. Гэты зварот разгледзеў кіраўнік спраў аблвыканкаму і вынес сваё рашэньне: "Падставы для запісу Вас на асабісты прыём да службовых асобаў аблвыканкаму адсутнічаюць"».

«Пасьля гэтай адмовы знаходжу ў аркушы нумар 24 судовай справы Кастрычніцкага райсуду  картку прыёму грамадзян: Місьнікаў Валер Аркадзьевіч, сацыяльная група, адрас, тэлефон,  зьмест звароту – абскарджаньне рашэньня Віцебскага ГІК № 253 пра недакладную інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў адказе аблвыканкаму. Прозьвішча таго, хто вядзе прыём: М.М. Шарстнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкаму. Але ж я ня быў у яго на прыёме – значыць ашуканства, падлог. І гэты дакумэнт знаходзіцца ў матэрыялах грамадзянскай справы. Я, натуральна, пішу заяву на імя Шарстнёва і прашу яго прыняць мяне асабіста. Шарстнёў прымае грамадзян, але мяне ў гэтым сьпісе няма. Няма на той паставе, што, як мне паведамілі раней: "З Вамі ліставаньне спыненае па ўсіх пытаньнях, датычных сацыяльнага жытла, з 2013 году". Выходзіць, яны ня выслалі мне апавяшчэньне на той падставе, што са мной спыненае ліставаньне, і я нічога ведаць ня мушу. Але ж у гэтым выпадку мусіць быць разгледжанае пытаньне, якое ніхто ніколі не разглядаў. Гэткім чынам чыноўнікі ашукваюць ня толькі мяне, але і старшыню аблвыканкаму», – завяршыў Валер Місьнікаў расповед пра сваю гісторыю.

Я папрасіў спадара Валера ацаніць паводзіны віцебскіх чыноўнікаў і абгрунтаваць сваю пазыцыю. Яго адказ:«Існуе некалькі груп людзей: сіроты, інваліды, шматдзетныя сем'і, героі і іншыя катэгорыі – усе яны не атрымліваюць тое, што гарантавана дзяржавай. А вымушаныя з крывёю вырываць свае гарантаваныя законам правы. Я таксама належу да гэтай катэгорыі,  якой гэтыя чыноўнікі маніпулююць як хочуць, забаўляюцца. Калі б я ня быў выкладчыкам права, то пасьля першага адфутбольваньня больш нікуды і не зьвяртаўся б. Але ж я ведаю, што яны хлусяць, скажаюць інфармацыю, падманваюць мяне. І ня толькі мяне, а і ўсіх астатніх, перад якімі ўлады ня могуць выканаць узятых на сябе забавязаньняў. Я ж імкнуся  ўсяго толькі супрацьстаяць сыстэме бюракратычнага ашуканства, каб іншым грамадзянам стала крыху лягчэй».

С. Горкі, Віцебская вясна