У адказе міліцэйскі начальнік падрабязна распавёў доктару Пастнову, якія арганізацыі адказныя за санітарна-эпідэміялягічны стан камэраў і памяшканьняў ІЧУ, за гігіену і харчаваньне вязьняў. Так, паводле спадара Руколя, дзяржаўная ўстанова «Віцебскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі» на сталай аснове ладзіць прафіляктычныя дэзінфэкцыйныя, дэзінсэкцыйныя і дэратызацыйныя (зьнішчэньне грызуноў) мерапрыемствы. Што ж да прыбіраньня камэраў, дык яно ажыцьцяўляецца асобамі, што ўтрымліваюцца пад вартай, у парадку чарговасьці. Прадметы для прыбіраньня камэры выдаюцца на адмысловую просьбу ў час, вызначаны распарадкам дня.
Як сьцьвярджае намесьнік галоўнага начальніка міліцыі вобласьці, грамадзяне, якія ўтрымліваюцца пад вартай, забясьпечваюцца бясплатным трохразовым харчаваньнем, дастатковым для падтрыманьня здароўя і сілаў - паводле нормаў, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гатаваньне ежы для асоб, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, згодна з дамовай ажыцьцяўляе ААТ «Віцебскі ЛГЗ "Прыдзьвіньне"». Ежа раздаецца ў адпаведнасьці з вызначанымі санітарна-гігіенічнымі нормамі.
Разгледзеўшы прыведзеныя скаржнікам факты, Руколь паведамляе, што гэтыя факты «падчас дасьледаваньня пададзеных матэрыялаў, вывучэньня матэрыяльна-тэхнічнага абсталяваньня, апытаньня супрацоўнікаў міліцыі, а таксама асоб, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, не знайшлі свайго пацьверджаньня».
Аднак доктар Пастноў ня верыць міліцэйскім адпіскам. Ён спадзяецца, што найбліжэйшым часам праваабаронцы адкрыюць ўсю праўду пра ўмовы ўтрыманьня і побыту ў ІЧУ.
Лявон Яфрэменка