Нядзеля, 26 Люты 2017

Праваабаронцу нарэшце паведамілі, дзе знаходзіцца найбліжэйшае бамбасховішча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Яшчэ ў верасьні 2014 году, падчас вострай стадыі збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў гарадзкі выканаўчы камітэт. Ён прасіў паведаміць яму адрас найбліжэйшага абсталяванага бамбасховішча. Каб атрымаць уцямны адказ, спатрэбіўся час.

Чыноўнікі Віцебскага гарвыканкаму пераадрасавалі заяву праваабаронцы ў гарадзкі аддзел па надзвычайных сытуацыях. З адказу мясцовага аддзелу МНС праваабаронцу стала вядома, што ў горадзе Віцебску адсутнічаюць адмысловыя хованкі для грамадзянскага насельніцтва на выпадак надыходу раптоўных надзвычайных сытуацыяў. Альбо яны ёсьць, але іх наяўнасьць і месцазнаходжаньне засакрэчаныя.

Леаніда Валянцінавіча такі адказ не задаволіў, і ён зьвярнуўся з прапановай у Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца прапанаваў міністэрству зладзіць інфармацыйную кампанію па давядзеньні насельніцтву інфармацыі пра найбліжэйшыя абаронныя хованкі, якімі яны могуць скарыстацца ў выпадку неабходнасьці.

Адказаў Леаніду Сьвеціку першы намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Васіль Сьцепаненка. Ён падзякаваў праваабаронцу «за актыўную пазыцыю ў сфэры грамадзянскай абароны і абароны насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сытуацыяў» і растлумачыў, што ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам укрыцьцё насельніцтва прадугледжваецца ў абаронных збудаваньнях грамадзянскай абароны, у склепавых і цокальных паверхах жылых будынкаў. Таксама намесьнік міністра праінфармаваў, што ў выпадку пагрозы хімічнай атакі або радыеактыўнага заражэньня вуліцы Леніна ў Віцебску сам Леанід Валянцінавіч, яго сям'я і іншыя грамадзяне змогуць схавацца ў склепе бібліятэкі імя Леніна або ў сутарэньнях іншых вакольных дамоў.

«Трагедыя вайны ў Данбасе, дзе ваенныя дзеяньні вядуцца ў вялікіх гарадох, паказала, што насельніцтва, каб выжыць, мусіць ведаць, куды можна схавацца ад артылерыйскіх удараў. Таму мэтай маіх зваротаў да ўладаў было атрыманьне інфармацыі пра месцазнаходжаньне збудаваньняў грамадзянскай абароны, разьмешчаных недалёка ад майго дома. Спадзяюся, што віцебчукі пяроймуць мой прыклад і даведаюцца ў МНС, дзе знаходзіцца найбліжэйшае бамбасховішча», – пракамэнтаваў сваю настойлівасьць праваабаронца.

Лявон Яфрэменка