Пад паведамленьнем, якое атрымаў Пётар Іваноў, стаіць подпіс начальніцы АгіМ Вольгі Мурзы. Начальніца спасылаецца на закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», згодна зь якім іншаземцу можа быць ануляваны дазвол на сталае пражываньне ў Беларусі, калі ён ня мае законнай крыніцы атрыманьня даходаў, які забясьпечвае яму і яго сямейнікам пражытачны мінімум на пэрыяд больш як шасьці месяцаў у каляндарным годзе.
Да 20 студзеня Пётар Іваноў абавязаны падаць у аддзяленьне па грамадзянству і міграцыі дакумэнт, які пацьвярджае, што ён мае, за кошт чаго жыць. «Пры адсутнасьці зьвестак пра наяўнасьць законнай крыніцы атрыманьня даходаў у дачыненьні да Вас будзе распачатая працэдура ануляваньня дазволу на сталае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь», – папярэджвае Пятра Іванова Вольга Мурза.
«Свавольства, вядома, зашкальвае! Калі і ў дачыненьні да каго яшчэ з іншаземцаў-расейцаў адсутнасьць пастаяннай крыніцы даходаў зьяўлялася падставай для дэпартацыі?! Тым больш, што я ж яшчэ і беларус, родам адсюль. Тут мае сям’я, дзеці, хатка на вёсцы, магілы продкаў…» – абураны Пётар Іваноў.
«Крыніца пастаяннага даходу ў мяне – пэнсія», – патлумачыў Пётар Іваноў. Ён упэўнены, што цяперашнія праблемы ўзьніклі ў яго ў выніку яго праваабарончай дзейнасьці: «”Наезд” зьвязаны з пракурорскім папярэджаньнем пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства Беларусі, “сынхронна” зацьверджаным пракурорам Генадзем Дыско, і судом, дзе я патрабаваў кампэнсацыі за незаконнае затрыманьне мяне і зьмяшчэньне пад вартай у Кастрычніцкім РАУС Віцебску 1 лістапада 2013 году».