Гэтыя ўлікі маюць свае абмежаванні і правілы, якія не прапісаны ў адкрытых нарматыўных крыніцах. Былы вязень, які адбываў пакаранне ў адной з папраўчых калоній Беларусі, распавёў «Вясне», як выглядаюць на практыцы прафілактычныя ўлікі для зняволеных: як абмяжоўваюць «палітычных» і якія гэта наступствы мае.
Як ставяць на ўлік вязняў і на які тэрмін?
Зняволеных у СІЗА і калоніях на ўлік ставяць па заяве начальніка атрада, па аператыўных меркаваннях або па «просьбе» сілавых структур (ГУБАЗіКа, КДБ і г.д.). Рашэнне аб пастаноўцы вязняў на прафілактычны ўлік прымае камісія, якая складаецца з кіраўнікоў розных аддзелаў калоніі ці СІЗА.
Вязня могуць паставіць на прафулік тэрмінам на адзін год. Яго могуць скараціць за добрыя паводзіны ці іншыя заслугі перад адміністрацыяй. Але гэтак жа тэрмін прафуліка можа быць працягнуты камісіяй.
У кожнага зняволенага на прафілактычным уліку ёсць свой куратар, якога прызначае супрацоўнікі рэжымнага або аператыўнага аддзелаў. Яго задача — правяраць вязня на працягу ўсяго тэрміну знаходжання на ўліку. Па заяве куратара зняволеных здымаюць з уліку, а таксама могуць скараціць або павялічыць тэрмін.
Чым адрозніваюцца ўмовы ў СІЗА для зняволеных на прафуліках?
У следчых ізалятарах у вязняў, якія стаяць на ўліку як «схільныя да экстрэмізму» і «схільныя да захопу ўлады», ёсць адпаведная адзнака ў картцы вязня, які знаходзіцца пад следствам і яго асабістай справе. Для іх прадугледжаныя праверкі, падчас якіх яны заўсёды павінны прамаўляць, што яны «схільныя да экстрэмізму». Яны маюць «асаблівыя месцы» ў камеры — другі ярус каля выхаду з камеры.
"Схільных да захопу закладнікаў" вязняў, акрамя вышэйпералічанага, увесь час перамяшчаюць у кайданках, а таксама апранаюць іх на праверках два разы на дзень, і калі ў камеру заходзіць начальнік СІЗА або іншыя супрацоўнікі адміністрацыі. Акрамя гэтага, з імі праводзяцца прафілактычныя гутаркі з псіхолагамі, аператыўнікамі і іншымі. Галоўная мэта прафілактых улікаў — пільны кантроль з боку адміністрацыі.
Адзначым, што на этапе следства ў ізалятарах на кожнага пішацца характарыстыка, якая прыкладаецца да пісьмовых матэрыялаў справы, таму ўсе прафулікі будуць адлюстраваныя ў судзе. Пасля этапу ў іншае СІЗА ці ўжо ў калонію вязня з ўліку не здымаюць, але тэрмін могуць скараціць. Акрамя гэтага, пры наяўных парушэннях улік таксама не здымаецца.
З чым сутыкаюцца асуджаныя на прафуліках у калоніях?
У папраўчых калоніях у асуджаных, якія стаяць на ўліках як асобы «схільныя да экстрэмізму» і «схільныя да захопу закладнікаў», толькі жоўтыя біркі. Нагадаем, падчас Другой сусветнай нацысты нашывалі яўрэям жоўтыя «зоркі Давіда». Упершыню пра тое, што «палітычным» вязням, асуджаным за падзеі 2020 года, нашываць жоўтыя біркі на адзенні распавёў палітычны зняволены Вітольд Ашурак, якога этапавалі адбываць пакаранне ў шклоўскую калонію.
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», – пісаў у лістах да сяброўкі Вітольд.
Такім чынам раней ужо абазначалі асуджаных за распаўсюд наркотыкаў. Тады родныя звярталіся ў ААН са скаргамі на дыскрымінацыю, і адміністрацыя калоній адмовілася ад такога падыходу.
Вядома, што многія вязні спрабуюць даведацца ў адміністрацыі калоніі, якімі дакументамі рэгламентаваная пастаноўка на прафілактычны ўлік, але адказ яны не атрымліваюць. Супрацоўнікі адміністрацыі спасылаюцца на тое, што гэта ўнутраная інфармацыя для супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП).
Акрамя гэтага, зняволеныя ходзяць наперадзе калоны, каб заўсёды знаходзіцца пад пільнай увагай адміністрацыі калоніі. Тройчы ў дзень асуджаным неабходна «па форме» ў пэўны час падыходзіць да дзяжурнага афіцэра і адзначацца. Рабіць гэта яны павінны ў свой вольны час. Вязні, якія стаяць на прафуліку, «правяраюць» часцей, чым звычайных асуджаных. Спяць яны на ўваходзе ў пакой каля дзвярэй і выключна на другім ярусе. Такія ўмовы створаны, каб было прасцей ажыццяўляць дадатковы кантроль у начны і дзённы час.
Таксама былы зняволены ўзгадвае, што хваля пастаноўцы «палітычных» на прафілактычныя ўлікі пачалася ў сакавіку 2020 года, а з жодзінскай следчай турмы №8 большасць вязняў этапавалі на «Валадарку» ўжо як «схільных да захопу закладнікаў».