Пятніца, 11 Чэрвень 2021

Барыс Хамайда – на волі. «У мяне адчуванне блізкага канца гэтага рэжыму»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Барыс Хамайда праз гадзіну па вызваленні Барыс Хамайда праз гадзіну па вызваленні

73-гадовы дысідэнт і распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда 11 чэрвеня выйшаў на волю з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ён правёў за кратамі 8 сутак, якія яму прысудзілі за бел-чырвона-белы парасон і стужку такіх жа колераў (арт. 24.23 КаАП). Па вызваленні Хамайда прызнаўся, што было цяжка, але сваім турэмшчыкам ён ні на што не скардзіўся і нічога ў іх не прасіў.

Барыса Хамайду вызвалілі з ізалятару каля 12.30, але адразу пасадзілі ў міліцэйскую машыну і вывезлі ў цэнтр гораду – падалей ад людзей, якія яго сустракалі каля віцебскага СІЗА-2.

Толькі на сёмы дзень сказалі пра пасцельны рэжым

«Цяжка было. Цяжка... Можна, канечне, казаць, што я герой. Але не. Мне ўжо 73 гады, і перад гэтым я 25 дзён хварэў на каронавірус, прымаў лекі. А там, у ізалятары, для чалавека майго веку нармальна існаваць немагчыма. У прыбіральню прыйдзеш – няма ўнітазу. А я ж і сагнуцца не магу. Не ўсё мог есці, што мне там давалі – таксама даводзілася прыстасоўвацца», – прызнаўся Барыс Хамайда па вызваленні.

Па словах Барыса Хамайды, толькі на сёмы дзень яму паведамілі, што ў яго пасцельны рэжым, то бок увесь гэты час ён мог днём ляжаць на «шконцы», але пра гэта не ведаў.

«Таму – хадзіў, сядзеў і думаў. Пра пасцельны рэжым не казалі, хоць матрац удзень не забіралі. А тут дзяжурны паведамляе. Ну, слухайце, я прынцыпова апошнія суткі сядзеў – і не прылёг. Мне кажуць: дзед, у цябе ж пасцельны рэжым! А я ім: і так вытрымаю!» – расказаў Хамайда.

«Арышт – гэта кошт майго ўчынку»

Кажа, што сядзеў у камерах, дзе быў адзіным «палітычным». Уначы рабілі пад'ёмы з праверкамі, удзень – шмоны. Перыядычна знікала вада і не працаваў зліў у прыбіральні. Пісаць і чытаць не давалі. Выказвае вялікую падзяку беларусу Варанцу (Варенец – рус.), які на наступны дзень па затрыманні перадаў яму самае неабходнае – зубную шчотку з пастай, мыла, паперу, гель і кнігу. Дарэчы, кнігу аддалі толькі на выхадзе з ІЧУ.

Хамайда кажа, што ўспрымае свой арышт як плату за годнасць пры затрыманні.

«На мяне ціснулі, каб я сам прыбраў бел-чырвона-белы парасон і стужку. Але для мяне было прынцыпова не рабіць гэтага, бо гэта было б здрадай тым ідэалам, за якія я столькі год змагаўся. Ведаў, што будзе развязка – вялікі штраф альбо арышт. І лічу, што зрабіў годна, бо гэта яны забралі ў мяне парасон і стужку, а не я сам іх прыбраў. І гэтыя 8 сутак – кошт майго ўчынку», – кажа мужчына.

«Ад сіняга дому не сыходжу!»

БЧБ-парасон і стужка канфіскаваныя, але Барыс Хамайда запэўнівае, што вернецца да «сіняга дому» – з беларускамоўнымі кніжкамі і часопісамі.

«Ад сіняга дому не сыходжу! Пакуль ногі рухаюцца – я там застаюся», – сцвярджае Хамайда.

Гаворыць, што са здароўем пакуль усё больш-менш нармальна, аднак адчувае моцную стомленасць.

«Але галоўнае, што я адтуль вынес – гэта адчуванне блізкага канца гэтага рэжыму. Гэта нябачна візуальна, але дзесьці нібыта ў паветры лунае», – падсумаваў Барыс Хамайда.

Янка Прас