«Ён трымаецца, ён баец, ён мае ўнутраны стрыжань», – сказала пасля спаткання з сынам маці Уладзіслава Наталля Макавецкая.
Па словах спадарыні Наталлі, Уладзіслава прывялі ў пакой для спатканняў у кайданках, а потым прыкулі да кратаў каля ваконца, хаця іншыя зняволеныя прыходзілі на спатканне без наручнікаў. Чаму Уладзіслава дагэтуль трымаюць у кайданках, дакладна не ведае. Сам Уладзіслаў патлумачыў, што яго яшчэ раней паставілі на спецулік.
Наталля Макавецкая расказала, што сын выглядае нармальна.
«Але, відаць, паветра ў камеры не стае, бачна, што кругі пад вачыма. Казаў, што ведае пра снег на волі, бо пабачыў праз акно маленькі кавалачак неба, з якога снежыла. Прызнаўся, што са здароўем усё нармальна, але ўжо колькі дзён баліць зуб», – расказала жанчына.
Уладзіслаў Макавецкі перадае праз маці «велізарныя падзякі» за лісты, якія атрымлівае з волі. Кажа пра фантастычную падтрымку.
«Гэта так крута! Я калі пра гэта думаю – проста хочацца жыць!» – перадае словы сына Наталля Макавецкая. Лісты атрымлівае не толькі з Беларусі, але і з Францыі, з Канады, ЗША і г.д. Просіць не крыўдзіцца тым, каму не паспеў адказаць. Шмат хто просіць у лістах даслаць малюнак, таму зняволены мастак шмат малюе.
Паводле маці, сустрэча з сынам у СІЗА-2 цягнулася каля двух гадзін.
«Я размову пераводзіла больш на бытавыя тэмы, бо там усё праслухоўваецца, але ён пастаянна вяртаў мяне да палітыкі. «За мяне не перажывай. Я вытрымаю! Я спраўлюся! І ў Беларусі ўсё будзе добра!» – перадае словы сына Наталля Макавецкая.
Яна паведаміла таксама, што 28 снежня яе сын падаў праз адвакатку апеляцыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд на пастанову суддзі Сняжаны Кіндзеевай, якая 16 снежня прызнала яго вінаватым у гвалце да супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 364 КК) і прысудзіла яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Наталля Макавецкая вельмі спадзяецца, што яе сын будзе прызнаны праваабаронцамі палітычным вязнем. Уладзіслаў знаходзіцца за кратамі ад 18 верасня.
Паводле ПЦ «Вясна» па стане на 10 студзеня 2021 году ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 169 чалавек, сярод якіх – гарадоцкі рабочы Мікалай Чарняўскі, асуджаны на паўтары гады калоніі за пагрозы і абразу супрацоўніка МУС (арт. 369 КК).
Зміцер Міраш