Ужо пасьля аршанскай адседкі Паўлу давялося пабываць зноў «на сутках», гэтым разам у Менску. Таму ня дзіва, што ён увесь час параўноўвае ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ Воршы і ў ізалятары ў Менску, што на вуліцы Акрэсьціна.
Умовы ўтрыманьня ў Воршы? Нешта лепш, чымся ў Менску, нешта горш. Горш, чымся ў Менску, – гэта тое, што там падымаюць пасьля 6-й ранку з ложку на ўвесь час. Ёсьць патрабаваньне, каб чалавек не ляжаў, не сядзеў на ложку. І калі, напрыклад, уначы пераводзілі кудысьці, альбо калі ўначы не высыпаесься, – гэта твае праблемы.
Разам з тым, ежа ў Воршы лепшая, ніж у Менску. Я б яе не назваў ідэальнай, але на прымальным узроўні.
З бытавых рэчаў? У прынцыпе, калі дабівацца свайго, то можна.
Вокны ў камэры былі. Можна было дабіцца ад іх штыра. Сам ты фортку не адчыніш. Бо дзеля таго праз дадатковыя краты, якія паміж табой і шклом, там трэба прасунуць штыр – штыр гэты давалі. У Менску гэткага не дапрасіцца. Калі вокны адчыненыя, а на дварэ ці не зіма – нікога гэта не хвалюе.
Асадка, папера – былі ў Воршы. Дазвалялі. У адрозьненьне ад Менску. Шпацыры – рэгулярна. Дакладней, шпацыры рэгулярна для мяне. Іншыя людзі зьдзіўляліся, як выводзілі: «Ух, мы на шпацыр ходзім!» Я кажу: «Дык я кожнага дня хаджу!» – «Кожнага дня? Нічога сабе...» Дасюль там праблемы былі – 15 сутак можна было прасядзець бяз шпацыру.
Наогул, стаўленьне да палітычных там лепшае, ніж да астатніх.
Ставіліся больш-менш. Для Воршы я быў такой дзівоснай птушкай, якая заляцела зь Менску, дык яны самі пабойваліся трохі. Але было пáра момантаў, калі перакідвалі, незразумела чаму, з камэры ў камэру. Напрыклад, арганізоўвалі такую каманду: камуніст, уцякач з Данбасу – у адну камэру, і мяне туды. Мо' каб там былі спрэчкі, канфлікты. Такое выпрабаваньне: мацаюць, ці чалавек пойдзе на канфлікт. Але ж я таксама дасьведчаны чалавек – знаходзім агульную мову, размаўляем. Пару дзён. Пасьля расфармоўваюць камэру.
І начальства карэктна ставілася. Начальнік выклікаў да сябе два разы. Былі спрэчкі. Я яму ўвесь час казаў, што я незаконна асуджаны, я іменна так прадстаўляўся і падчас кожнай праверкі: «Незаконна асуджаны Севярынец». Ён спакойна ставіўся. Супраць мяне там рэпрэсіў з гэтай нагоды ніхто не чыніў.
Я так зразумеў, што ў іх пасьля праверак АБСЭ шмат што зьмянілася. А Ворша ж ёсьць брамай Беларусі, там у іх пастаянна паступаюць мігранты з Банглядэш, Віетнаму і ўсе астатнія – дык гэтыя праверкі АБСЭ і ААН іх выхавалі.
Дык што, калі параўноўваць з Акрэсьціна, то ў Воршы ўсё ж лепш.
Не праходзілі лісты. Дакладней, яны даходзілі. Але мне іх аддалі толькі перад самым выхадам – 15 дзён былі праблемы зь ліставаньнем.
Іншая праблема, зь якой я там ня здолеў суладаць, гэта радыё: цалкам расейскамоўнае, абсалютна папса. Уключаюць а 6-й ранку – і паняслося. Яно езьдзіць па вушох. Я ўжо не прасіў выключыць: «Зрабіце вы цішэй!» – «Гэта можна толькі ў цэлым па ізалятары, мы рабіць цішэй ня будзем». Ты мусіш, хочаш ня хочаш, слухаць гэта.
На ноч сьвятло не выключалі, але прыглушалі.
Людзі, якія са мной сядзелі, палілі. Але дзень на дзясяты ці адзінаццаты памянялі правілы паленьня: цыгарэты дазвалялі ў камэры, а запалкі – не, раз на дзве гадзіны давалі прыкурыць праз «кармушку» – я такі дзіўны спосаб бачыў упершыню. А ў Менску, напрыклад, там не давалі цыгарэт у камэру, і паліць можна было толькі падчас шпацыраў. Для людзей гэта было як катаваньне.
Калі чыста па-чалавечаму, то пра Воршу кепскага слова не скажу. Некаторыя рэчы, сапраўды, трэба выправіць, Але там ня самыя дрэнныя ўмовы.