Серада, 28 Май 2025

“Экстрэмісцкім фармаваннем” прызнаныя сацсеткі віцябляніна Філіпа Шаўрова

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС  з’явілася назва «ŠAŬROŬ LIVE».    Хто такі Філіп Шаўроў, згаданы на сайце МУС як адзіны ўдзельнік гэтага “экстрэмісцкага фармавання”? Рашэнне прызнаць «ŠAŬROŬ LIVE» “экстрэмісцкім фармаваннем” Міністэрства ўнутраных справаў  прыняла 27 мая.

На сайце МУС   пералічаны інтэрнэт-рэсурсы, сярод якіх - і асабістыя старонкі Філіпа Шаўрова: акаўнт у Тэлеграм «Pilip Šaúroú», Тэлеграм-каналы  «Беларусы Варшавы. Палітыка.», «ŠAŬROŬ LIVE», «Каментатарская 3», «Teksty_Šaŭroŭ», «NEFARMAT», Уoutube-канал «19 канал», старонка ў Фэйсбуку  «Піліп Шаўроў» старонка ў «Х» «Pilip Šaŭroŭ».

Філіп Шаўроў лічыць сябе незалежным палітыкам, які выступае і супраць дзейных беларускіх уладаў, і супраць сучасных апазіцыйных структур. Ен былы “маладафронтавец”, пра яго самастойную дзейнасць стала вядома пасля таго, як  ў студзені 2020 года ён пафарбаваў у чырвоны колер далоні помніка Пушкіну ў Мінску.  Пасля ён сам прыйшоў у міліцыю і распавёў пра свой учынак. У Шаўрова  прайшоў вобшук, праз некалькі дзён яму было прад’яўлена першае абвінавачанне - у хуліганстве ( ч.1 арт. 339 КК РБ). Пазней яму выставілі абвінавачанні яшчэ за два эпізоды: ён намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні доўгу міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі ( ч. 1 арт. 339 КК) і напісаў «Свабоду Севярынцу»( ч. 2 арт. 339 КК. 16 красавіка 2020 года быў прызнаны палітычным зняволеным.

Суд над Шаўровым пачаўся 18 траўня. Сваю віну хлопец  прызнаў часткова: толькі частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Ён адмаўляў, што дзейнічаў з хуліганскіх меркаванняў - заявіў, што праз свае дзеянні ён выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Сказаў, што размаляваў помнік Пушкіну, бо не згодны са знешняй палітыкай Расійскай Федэрацыі. Але сказаў, што раскайваецца ў сваіх дзеяннях. Суд Цэнтральнага раёна Мінска  пакараў  Шаўрова штрафам у памеры  1350 рублёў.

Філіп Шаўроў родам з Віцебска. Па адукацыі ён юрыст. Быў актывістам "Маладога фронту" і іншых арганізацый, удзельнічаў у “Курапацкай варце”. Кажа, што яшчэ ў школе стаў займацца грамадскай дзейнасцю. Служыў у беларускім войску з 2016 да 2017 года. Быў гранатамётчыкам. У 2020 годзе, пасля таго як трапіў пад рэпрэсіі,  Шаўроў  з’ехаў за мяжу.

Аляксей Разумаў