43-гадовага Дзмітрыя Палякова асудзіў суд Першамайскага раёна Віцебска. Справу Палякова разбіраў суддзя Міхаіл Юрчанка, які і дагэтуль выносіў карныя прысуды па палітычных справах, і які нядаўна пайшоў на падвышэнне – быў прызначаны старшынём Лепельскага раённага суда.
Паводле абвінавачання, 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года, знаходзячыся ў замежжы, Дзмітрый Палякоў размясціў у Telegram у агульнадаступнай публічнай групе, інфармацыйная прадукцыя якой прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі, абразлівыя каментары з ненарматыўнай лексікай на адрас прадстаўнікоў улады – кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
За абразу прадстаўнікоў улады прызнаны Дзмітрыю Палякову было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафа памерам 100 базавых велічынь. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Палякова кампенсацыю маральнай шкоды на карысць траіх пацярпелых на агульную суму 5500 рублёў.
Уладзімір Лісіца, ураджэнец Украіны, былы "афганец", працаваў вартаўніком. Быў затрыманы за тое, што пакінуў у "Аднакласніках" каментары, якія былі кваліфікаваны як абраза прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Яго старонка ў гэтай сацыяльнай сетцы прызнана «экстрэмісцкай».
Справу Уладзіміра разгледаў суддзя Аляксей Лапушанскі, працэс у судзе Лёзненскага раёна прайшоў у снежні 2023 года. Паводле выраку, Уладзімір Лісіца мае адбыць тры гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама сплаціць 7 400 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам – генеральнаму пракурору Беларусі Андрэю Шведу і наваполацкаму дэпутату гарсавета Мядзведскаму -- па 3 000 рублёў кожнаму.
Барыс Малаеў