Палітвязень быў затрыманы 29 ліпеня 2021 года ў Менску. Тады ў яго кватэры сілавікі зладзілі ператрус, а самаго Яўгена пры затрыманні збілі. Патрабуючы доступу да тэлефона і камп'ютара, хлопцу нацягвалі нават на галаву пакет, і ён ледзь не задыхнуўся. Яму было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля яму разам з іншымі анархістамі (Аляксандрам Бяловым і Арцёмамі Салаўямі) былі прад'яўленыя новыя абвінавачванні па ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні.
Судовы працэс па іх справе быў закрытым і адбыўся 22 красавіка 2022 года. Суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прысудзіў Яўгену Рубашку, Аляксандру Бялову, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.
На пачатку Яўгена Рубашку з СІЗА-1 этапавалі ў турму № 4. У канцы ліпеня 2022 года палітвязня перавялі ў ПК № 2 г. Бабруйска. У жніўні 2022 г. МУС унёс палітвязня ў "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Падтрымаць палітвязня можна лістамі і паштоўкамі салідарнасці: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Яўгену Аляксандравічу Рубашку.
Інга Сташэўская