Паводле Наталлі Макавецкай, адзіны шлях зносінаў з сынам – праз тэлефон. Рэдкія тэлефанаванні з калоніі дазваляюць ёй пераканацца, што з Уладзіславам усё добра, ён пачуваецца нармальна і настрой у яго пазітыўны, наколькі ён можа быць такі ў няволі.
16 сакавіка Уладзіслаў адзначаў дзень народзінаў, і да гэтага дня Наталля Макавецкая даслала яму віншаванне. Але палітвязень яго не атрымаў – яму аддалі толькі ліст з дому. Маці спадзяецца, што перапіска з сынам яшчэ наладзіцца, і звяртаецца да ўсіх, хто піша Уладзіславу, каб не спыняліся і працягвалі гэта рабіць.
Уладзіслаў Макавецкі быў прызнаны вінаватым паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Інцыдэнт, інкрымінаваны Уладзіславу Макавецкаму, адбыўся падчас пратэставага шэсця ў раёне вуліцы Праўды ў Віцебску 6 верасня 2020г. Паводле следства, ён «перашкаджаў законным дзеянням» малодшага сяржанта міліцыі Аляксандра Пятроўскага і старшага сяржанта Дзмітрыя Фядотава. У міліцэйскіх пратаколах засведчана, што Макавецкі замахваўся на Фядотава «рукамі і нагамі», спрабаваў яго ўдарыць і вусна пагражаў яму. Таксама ён нібыта замахнуўся гумовым дручком на Пятроўскага – той дручок сам жа Пятроўскі і згубіў, а Уладзіслаў Макавецкі толькі падняў яго з зямлі. Відавочцы інцыдэнту казалі праваабаронцам, што Уладзіслаў спрабаваў дапамагчы чалавеку, якога міліцыянты збівалі. Пры гэтым ніводзін супрацоўнік міліцыі не пацярпеў. На відэа, прадэманстраваным у судзе, абвінавачанні супраць Макавецкага таксама не знайшлі бясспрэчнага пацверджання. Але суд узяў пад увагу пазіцыю пракурора Філіпенкі, які заявіў, што «міліцыянты не атрымалі пашкоджанняў цела толькі дзякуючы сваім прафесійным якасцям». Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёну Сняжана Кіндзеева прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Віцебску Уладзіслава Макавецкага ведаюць як заўзятага калекцыянера і мастака-растаўратара, які займаецца аднаўленнем артэфактаў Другой Сусветнай вайны. Таксама ён вядомы разьбяр па дрэве і адзін з суаўтараў 23-метровай драўлянай лыжкі, якая экспануецца ў Беразіне. Любоў да народнай творчасці і калекцыянавання была праінтэрпрэтавана віцебскімі міліцыянтамі вельмі своеасабліва: падчас ператрусу ў яго дома было знята відэа, і ў дзень затрымання афіцыйны тэлеграм-канал МУС паведаміў, што хлопец нібыта «з’яўляецца ўдзельнікам апазіцыйнага руху і сур’ёзна захапляецца фашыстоўскай сімволікай».
Напісаць ліст падтрымкі палітвязню можна на адрас:
ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Макавецкаму Уладзіславу Віктаравічу
Андрэй Кот