«Я ўжо ў Горках, на ранейшым месцы ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу – ВВ) і магу перапісвацца да 20 красавіка», – паведаміў у лісьце на волю Міхаіл Жамчужны. Найбольш верагодна, што пасьля названай даты (20 красавіка), ён, як гэта рабілася раней, будзе зьмешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і сувязь зь ім на нейкі час перарвецца, мяркуе праваабаронца Леанід Сьвецік.
Сьвецік паведаміў таксама, што пакуль невядома, які вынік мае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб крадзяжы ў кастрычніку 2010 году з прысядзібнага ўчастку Жамчужнага маёмасьці на суму 300 тыс. недэмінаваных рублёў. Аднак, калі зважаць на адмову сьледчага ВГАСК задаволіць хадайніцтва пацярпелага Жамчужнага у допыце трох важных сьведак, паказаньні якіх маглі б паўплываць на раскрыцьцё злачынства, можна зрабіць выснову, што сьледзтва не зацікаўленае ва ўстанаўленьні ўсіх акалічнасьцяў справы.
Вытрымка з пастановы аб адмове ў хадайніцтве
Праваабаронцы атрымалі таксама дакумэнтальныя пацьверджаньні аб зьнішчэньні судом Першамайскага раёну Віцебску ўсіх матэрыялаў крымінальнай справы, паводле якіх Жамчужны быў асуджаны першы раз і па якім ён адбывае пакараньне ў частцы пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.
Гэтым самым палітвязьня пазбавілі права абскардзіць названыя пакараньні ў судзе і пракуратуры.
Ці пісаць лісты падчас пандэміі
Адзначым, што Міхаіл Жамчужны інфармаваны пра тое, зь якой хуткасьцю ў Беларусі распаўсюджваецца коронавірус і просіць усіх сьцерагчыся і сачыць за сваім здароўем.
«Цяпер, у сувязі з пандэміяй, існуе такая дылема: пісаць лісты ў калёнію ці не? Калі весьці інтэнсіўнае ліставаньне з палітзьняволеным, то ёсьць небясьпека, што праз паперу вірус патрапіць у калёнію. Таму кожны мусіць улічваць гэтую акалічнасьць і прымаць адказнае рашэньне аб перапісцы», – патлумачыў «Віцебскай Вясьне» праваабаронца Леанід Сьвецік.
«Я, з улікам таго, што ад 20 красавіка Міхаіл Ігаравіч як мінімум на дзесяць дзён будзе зьмешчаны ў штрафны ізалятар, пляную напісаць чарговы ліст Жамчужнаму толькі на пачатку траўня», – дадаў праваабаронца.
Лявон Яфрэменка