– Выйшаўшы з чарговага штрафнога ізалятару, даведаўся, што ў друку узьнялося пытаньне пра становішча ў турмах і зонах. З усьмешкай прачытаў артыкул Aлёны Красоўскай-Касьпяровіч [кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Инавэйшан», тут і далей заўв. рэд.] пра тое, як «за 5 гадоў сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок». Я асабіста назіраў прыезд у зону Красоўскай-Касьпяровіч і Ліхавіда, бачыў іх так званую «інспэкцыю». Ліхавід быў у чырвонай куртцы з капюшонам, які закрываў амаль увесь твар, як у Кені ў Саўт-Парку. Мабыць, ён хацеў, каб яго не пазналі. Але хлопцы зь «дзясяткі» [ПК-10] апазналі Мікіту, бо сустракалі яго з ШЫЗА, дапамагалі яму. Вельмі шкада, што, прайшоўшы ўшчыльную міма мяне, ён не распытаў мяне. Я б распавёў, як у ШЫЗА цяпер узімку у зэкаў забіраюць майткі, як не даюць ўзяць з сабой ручнік і мыла для ног, конаўку для піцьця. Бо за ягоным часам, 5 гадоў таму, гэта ўсё яшчэ было.
Сьмешна чытаць усё гэта, калі на маіх вачох зоны ператварыліся ў лягеры позьнесталінскага кшталту, вядомыя як особлаг [сыстэма асаблівых лягераў ГУЛАГу для палітвязьняў]. Вось толькі нумароў на сьпінах бракуе – прагрэс. На маёй памяці з паляпшэньняў было толькі павелічэньне ліміту атаваркі [магчымасьць набываць тавары ў краме пры калёніі] для злосных парушальнікаў з адной базавай велічыні да дзьвюх – 360 000 рублёў. Затое сьпіс пагаршэньняў... І садавінавыя пасылкі забаранілі, і сродкі гігіены сталі ўключаць у вагу перадачы, і ўтрыманьні заробку павялічылі з 3/4 да 90%, і асабістыя тазікі /вёдры пазабаранялі, і час спатканьня паменшылі, і юрыдычную літаратуру забаранілі – усяго не пералічыш. Час распавесьці, як усё ідзе насамрэч. Хай ведаюць усе.
Прынцыповае адрозьненьне постсавецкіх зонаў ад ГУЛАГу: няма голаду, баракі больш-менш ацяпляюцца, няма самазьнішчальнай працы, забойства зэка больш ня штодзённасьць. У сучасных зонах амаль зжытыя масавыя зьбіцьці зэкаў. Яшчэ ў 2001 годзе на жодзінскім цэнтрале [СІЗА-турма №8 у Жодзіне] арыштаваных сустракалі турэмшчыкі з кіянкамі і віталі: «Сардэчна запрашаем у «“Чорны Бусел”». Зьбівалі дзеля прафіляктыкі. Віцебскую турму залівалі крывёю яшчэ ў 2006-2010 гадох. Мае прыгоды ў Амерыканцы [СІЗА КДБ] – усяго толькі дзіцячы шпацыр у параўнаньні з тымі турмамі. Хоць у 2012 годзе групу зэкаў зьбівалі і ў зоне, быў выпадак. А кропкавыя зьбіцьці без усялякай неабходнасьці працягваюцца і цяпер.
Кулак у зонах таксама не гуляе, але гэта дзякуючы абароне нефармальнага арыштанцкага кодэксу. Прымяніць неабгрунтаваны гвалт да іншага зэка – бязьмежжа, адказваюць адпаведна. Зрэшты, турэмшчыкі актыўна выцясьняюць арыштанцкія традыцыі; калі гэта адбудзецца, наступіць сапраўднае бязьмежжа.
Апошнімі гадамі падцягваюць матэрыяльна-бытавое забесьпячэньне. Робіцца гэта за кошт саміх зэкаў, роля турэмшчыкаў зводзіцца да выбіваньня неабходных сродкаў. Аднак матэрыяльшчыну паляпшаюць толькі такую, якой можна пусьціць пыл у вочы ўсялякім праверкам, што прыяжджаюць. Вось прычына эўрарамонтаў і плязмаў у ленпакоях [пакой правядзеньня вольнага часу ў калёніях]. Але ж мы ведаем: дзе паказуха – там туфта.
Паралельна вонкавым прыгажосьцям забаранілі разэткі ў жылых сэкцыях, а ў кабінках прыбіральняў няма дзьвярэй. Афіцыйна з посуду дазволена адна конаўка (кераміка забароненая). У чым гатаваць кашы і салаты? Для гэтай мэты ўжываюцца плястыкавыя кантэйнеры, якія сягоньня забараняюць у перадачах. Канфіскоўваюць электраімбрыкі.
Нельга насіць ваўняны швэдар. На зіму і лета адна мадэль чаравікоў, са звычайным абуткам пэрыядычна змагаюцца, адбіраюць. Афіцыйна нельга шорты і спартшапачку. Адсутнічае міжсэзонка: порхаўка, куртка, паліто. Альбо роба, альбо ватоўка. Нават манікюрныя абцужкі/нажніцы ў пераліку дазволеных рэчаў адсутнічаюць, на этапе адбіраюць. Што казаць – шчотку зубную трэці месяц не магу купіць, няма.
Але матэрыяльныя ўмовы – не галоўнае. Па-людзку можна і ў руінах жыць. Значна важней сацыяльныя ўмовы: прававое становішча і культурна-псыхалягічная атмасфэра. І вось тут сталінскія парадкі квітнеюць і пахнуць практычна ў першапачатковым выглядзе.
Галоўная рыса, атрыманая ў спадчыну сучаснасьцю ад ГУЛАГу – атмасфэра ўсёдазволенасьці з боку турэмшчыкаў. Арыштант не ўважаецца за паўнавартаснага чалавека, у дачыненьні да яго дазволенае любое бязьмежжа. Такое адчуваньне накатвае зь першых жа дзён.
Мэханіка рабства пачынаецца з маналіту пад назвай «рэжым». Штодзень зэк абавязаны выходзіць у сталоўку, незалежна ад уласнай ахвоты і надвор'я. Для самастойнага прыгатаваньня ежы часу часта не застаецца. Потым ідуць такія самыя абавязковыя паходы ў клюб на нікому не патрэбныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Выхад у санчастку, краму, лазьню таксама адбываецца строем і строга па камандзе.
Увесь дзень ператвараецца ў дурныя перамяшчэньні ўзад-наперад, абавязкова строем, ня расьцягваючыся, па пяць у шэраг. За гэтым адмыслова сочаць. Не дайшоўшы да лякальнага ўчастку атраду якіх-небудзь 20 мэтраў, дзяжурны наглядчык спыніць строй і прымусіць выстраіцца па 5 у шэраг, каб зрабіць апошнія некалькі крокаў.
Літаральна перад вячэрай пайшоў дождж, але выходзіць усё адно трэба. На прамзону, у цэхі дайшлі прамоклыя да ніткі. Нагадаю, дажджавікоў мы ня маем. А проста зараз хлопцаў закрылі ў адстойнік [цесная камера, куды зьмяшчаюць зьняволеных падчас ператрусу ў камэрах] за тое, што загаралі ў лякальцы. Бо паводле ПУР (правілы ўнутранага распарадку) вязьні ўвесь час павінны быць у робах.
Увесь час, ня заняты сталоўкай, клюбам, прамзонай і г. д. мы праводзім у сваіх карпусох. Атрад складае 100-200 чалавек. Лякальны ўчастак корпусу ўяўляе сабой невялічкі вальер, за плотам і калючым дротам. Хадзіць у іншыя лякалькі і карпусы нельга, толькі з дазволу опэра. Перамяшчэньні па зоне атраду ладзяць так, каб вязьні не перасякаліся адзін з адным. У зоне фактычна існуе дзясятак мікразонаў.
Жывем у сэкцыях на 25-70 месцаў. Выбіраць месца нельга, усё вырашае начальнік атраду або опэр, а таксама актывісты. Паводле задумкі, усе павінны ў вольны час сядзець у ленпакоі або ў сэкцыях на табурэтках. Прыдумалі гэта далёкія ад жыцьця людзі, таму масава не выконваецца такі рэжым. Сэкцыі фармуюць паводле прынцыпу сабраць разам абсалютна разнамасных людзей, каб не паўстаў мужчынскі калектыў, каб людзі заставаліся псыхалягічна максымальна разрозьненымі.
За масавым рэжымным дэбілізмам ідзе кропкавы, пэрсанальны. У сьпякоту чапляюцца да незашпіленага верхняга гузіку, у холад – да паднятага каўнеру целагрэйкі або робы. Або забараняюць ісьці на тэлефанаваньні, калі выйшаў пазьней, каб не стаяць дзьве гадзіны ў чарзе. Або запускаюць родных на спатканьне ня раніцай, а пасьля абеду, і ня важна, што людзі прыехалі а 8-й гадзіне. Або адпраўляюць пасылку назад, «забыўшыся» зрабіць пазнаку ў асабовай картцы.
Я нават шалік не магу завязаць так, як хачу, опэр асабіста адчытваў мяне за гэта! Памятаю, як трэба было ставіць атас [уздымаць хвалю абурэньня], каб... памыцца. Я не жартую: калі засьпявалі за абліваньнем вадой на ўмывальніку, саджалі ў ШЫЗА за «парушэньне распарадку дня». Гэта ва ўмовах, калі душ – 1 раз на тыдзень. Такую колькасьць Дэпартамент [выкананьня пакараньняў] лічыць цалкам дастатковым.
Каб патэлефанаваць дадому, мне трэба напісаць адразу некалькі заяў на кожнае тэлефанаваньне, здаць разам з усімі ў пэўныя дні, каб іх падпісалі праз 2-3 тыдні. То бок штомесяц зона выдае некалькі тысяч аркушаў для абсалютна бессэнсоўнага рытуалу падпісваньня. Бо тэлефанаваньне ўсё адно запішуць ў адзіны журнал рэгістрацыі. Уся гэтая бюракратычная валакіта ўведзеная з адной мэтай: адбіць у зэка якую-кольвек ахвоту тэлефанаваць дадому.
Часам гэта мае трагічныя наступствы. 18 траўня хлопцу з майго атраду, схільнаму да суіцыду, начальнік атраду ня даў патэлефанаваць дадому маці. Там былі нейкія праблемы з маючым адбыцца спатканьнем. А ўвечары Віталік павесіўся на прамзоне. Думаеце, штосьці зьмянілася? Не. Начальнік атраду быў адпраўлены ў адпачынак на паўтара месяцу, пакуль усё залагодзіцца. Як казаў адзін начальнік: «Мне табурэтку цяжэй сьпісаць, чымся зэка».
Калі раней турэмшчыкі задавальнялі свае садысцкія схільнасьці гвалтам, хамствам, бязьмежжам, то цяпер маскіруюць іх пад патрабаваньні папраўчага працэсу, распарадку дня і рэжыму. Адбываецца толькі перайначваньне быдлячага стаўленьня да чалавека. Бо ў нармальным хляве быдла трымаюць у цяпле, кормяць ўволю, ня б'юць і не крычаць. Так і ў лягерах. Толькі хлеў застаецца хлявом, а быдла быдлам. Вы спытаеце: «Як вы гэта ўсё церпіце?» Зрэдку абурэньні здараюцца, усё-ткі разуменьня паміж турэмшчыкамі і зэкамі робіцца ўсё менш. Якраз нядаўна быў кіпіш і ў нас, на ўзорна-паказальнай «тройцы» [ПК-3]. 22-23 чэрвеня зона адмовілася ад прыёму ежы. Наглядчыкі, большасьць зь якіх раней працавалі на малалетцы [калёнія для непаўнагадовых зьняволеных], усё ніяк не зразумеюць, што маюць справу з дарослымі людзьмі са сваімі норавамі. Іх актывісты чалавека на кружку адсадзілі [перавялі ў разрад «апушчаных», ніжэйшага саслоўя ў турэмнай каставай сыстэме], народ гэтага не зразумеў, абурыўся.
Але такія акцыі – вялікая рэдкасьць. Бо ў рукох адміністрацыі датэрміновае вызваленьне любога зэка. Дый у цэлым эфэктыўна працуе прынцып «падзяляй і ўладар». Усім патрабаваньням рэжыму і да т. п. у значна меншай ступені падвергнутыя актывісты. Раней іх называлі «лягернымі прыдуркамі», а цяпер папросту «казлы». Актывісты – ніжэйшае зьвяно зонаўскай адміністрацыі зь ліку саміх зэкаў. Афіцыйна іх мусяць выбіраць асуджаныя ў атрадах, але насамрэч іх прызначаюць зьверху.
Турэмшчыкі ствараюць ім адносна лепшыя ўмовы жыцьця ў абмен на службу. Часам актывіст паводле свайго ўплыву пераўзыходзіць шмат каго з супрацоўнікаў. Ім часьцей даюць спатканьні, даюць трое сутак, даюць больш тэлефанаваньняў, дадатковыя пасылкі, скрозь пальцы глядзяць на іх парушэньні. Ім дазваляюць хадзіць у госьці ў іншыя лякалькі або на стадыён па-за графікам, у душ. Часам даюць ўласныя габінэты.
Але гэта дробязі. Маючы доступ да пэўнага наглядчыка праз службу, што выконваюць, яны могуць вырашаць розныя пытаньні. Дадатковыя суткі на спатканьні, вага выносімых прадуктаў, дадатковая пасылка, спальнае месца, пасада актывіста, і, галоўнае, – датэрміновае вызваленьне; нават нацкаваць турэмшчыкаў на непажаданага зэка або, наадварот, адмазаць ад спагнаньня – усё магчыма.
Казлы, што прыбылі з «дзясяткі», аказаліся вельмі шчырыя. Хваліліся, як за пару пачкаў цыгарэт ці кавы «адстрэльвалі» [атрымлівалі станоўчыя] характарыстыкі праз інтрыгі ў габінэтах скідвалі з пасадаў сабе падобных. Пра карупцыю і казаць залішне: прадавалі ўсё.
Вырашэньне пытаньняў, зразумела, адбываецца на платнай аснове. Але ня гэтулькі асабіста на кішэню (хоць ёсьць і такое), а праз афіцыйнае прыкрыцьцё: фундацыю калёніі. Будматэрыялы, фарба, шпалеры, шыбы, грошы на афіцыйны рахунак, падпіска на газэту «Трудовой путь» – вось галоўная плынь. То бок так ўпадабаныя Красоўскай эўрарамонты робяцца за кошт сродкаў сваякоў зьняволеных, выручаных адладжанай сыстэмай вымагальніцтва. У зоне наўмысна ствараецца штучны дэфіцыт матэрыяльных і сацыяльных выгод, «пераадольваючы» які папаўняюцца рахункі.
Атрымаць пасаду актывіста – «начапіць крыло» – запаветная мара шмат каго. Бо гэта ня толькі палёгка для ўласнага жыцьця, але і далучэньне да ўлады. Дзеля гэтай улады ў лягеры штодня ідзе сапраўдная вайна. Вязьні і турэмшчыкі (я не увыдатняю) гуртуюцца ў кланы. Хто на каго ўплывае, ужо не разабраць.
Апрача адкрытага прывілеяванага саслоўя сярод зэкаў ёсьць і схаванае. Сексоты, стукачы, даносчыкі – адным словам, сукі. Вам уяўляецца пара-тройка нягоднікаў на атрад. Нажаль, не. Мэтодыка турэмшчыкаў у тым, каб ссучыць кожнага.
Прапанову супрацоўнічаць закідваюць пры кожным зручным выпадку. Адзін атраднік [начальнік атраду] выхваляўся мне, што ў яго атрадзе з 120 чалавек стучалі 65. Хочацца верыць, што гэта хлусьня. Аднак у арыштанцкім асяродку ўжо даўно ніхто ніколі нічога ў адкрытую ня кажа.
Шэпт, мігі, завэлюмаваныя фразы... Усё сказанае прылюдна данясуць турэмшчыкам – такое агульнае меркаваньне. Часам хуткасьць складае ўсяго некалькі хвілін! Як правіла, выяўленых сук на люстрацыю не аддаюць. Больш выгадна ведаць who is who [хто ёсьць хто], каб у патрэбны момант нэўтралізаваць гніду або запусьціць у яго вушы дэзу [дэзінфармацыю].
Ссучваюцца з розных прычын. Для адных гэта першы крок па «чырвонай лесьвіцы», каб стаць казлом, актывістам. Для другіх – абяцаньне датэрміновага вызваленьня. Для трэціх – матэрыяльная падсілкоўваньне (немаёмным сексотам даюць цыгарэты і гарбату). Для чацьвёртых – магчымасьць схадзіць у госьці ў іншыя атрады, імунітэт ад дробных парушэньняў.
Але горш за ўсё тое, што нямала і добраахвотнікаў-энтузіястаў, што стучаць з задавальненьня. На тле агульнай забітасьці і прыніжанасьці стукач адчувае сваю значнасьць праз таямнічую ўладу. Як я даведаўся праз гады, былі людзі, якія дапамагалі мне адной рукой і адначасова даносілі на мяне. Мабыць, падабалася гуляць лёсам. Увогуле, лягерная сыстэма спрыяе масаваму ссучваньню народу.
Жыцьцё ва ўмовах пастаяннага супрацьстаяньня турэмшчыкаў, казлоў і сукаў накладвае свой адбітак. Нездарма барак часам называюць вужатнікам. Інтрыгі, каму падпілавалі капыты, каго ўкінулі [падставілі] – вось галоўныя навіны дня. А чаго яшчэ чакаць ва ўмовах герархіі і дэфіцыту?
Меры заахвочваньня палягаюць у праве на паляпшэньне ўмоў утрыманьня. Гэта права на дадатковую атаварку ў некалькі соцень тысяч рублёў, а таксама права на дадатковыя спатканьні і пасылкі. Як яно? Выхоўваюць як сабаку, празь ежу. Казус у тым, што большасьць зэкаў ня маюць сродкаў атаварыцца нават на стандартны ліміт у 900 тысяч рублёў (5 базавых велічыняў). Больш таго, многія «палепшальнікі» ня маюць нават 360 тысяч (2 базавыя велічыні), мінімальны ліміт для злосьнікаў [злосных парушальнікаў] і іскавікоў [зьняволеных, абавязаных выплачваць іскі пацярпелым ці дзяржаве].
Аналягічная сытуацыя і са спатканьнямі: да большасьці проста ніхто не прыяжджае. Тым больш, у нас у лягерах на спатканьні дапускаюцца толькі блізкія сваякі. Дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты і сёстры, сябры, калегі, аднаклясьнікі – забаронена. Гучыць неверагодна, бо мы прызвычаіліся да стэрэатыпаў з кінафільмаў, але гэта праўда. ДВП [Дэпартамент выкананьня пакараньняў] крычыць пра важнасьць падтрыманьня сацыяльных сувязяў, і ў той самы час сячэ іх.
Але працягну пра грошы. Як так атрымліваецца, што ў людзей няма нават 900 тысяч на атаварку? Пераважная большасьць зэкаў – утрыманцы, жывуць на дасланыя на асабовы рахунак грошы. Бо сумленнай працай у зоне зарабіць немагчыма.
Большасьць (прыблізна 80%) колькасьць працаўладкаванымі толькі фармальна: працы няма. Іх выводзяць на прамзону для галачкі (што само па сабе разбэшчвае чалавека). Тыя ж, хто працуе, дзеляцца на дзьве няроўныя групы.
Першыя – некалькі дзясяткаў шчасьліўчыкаў – сапраўды могуць атрымліваць мільёны, бо занятыя на высокадаходных вытворчасьцях (тэнты, мэбля). Другая група – тыя некалькі соцень зэкаў, на працы якіх трымаецца ўся прамзона. Іх «зарплаты» нельга назваць грашыма.
Напрыклад, той, хто працуе на многапіле (станок для абразной дошкі) поўны працоўны дзень атрымлівае на рахунак... 40 тысяч! Згодна з кодэксам, спачатку пагашаюцца выдаткі на ўтрыманьне, але ня менш за 10% заробку ідзе на асабовы рахунак. Значыць, заробак складае 400 тысяч. Як? У некалькі разоў менш за мінімалку! Іншы мой знаёмы працаваў на лесапільні, яшчэ за тым часам, калі на асабовы кошт залічалася ня менш за 25% (да восені 2013). Працуючы на паўтары стаўкі, па 12 гадзін, у выходныя і па начох, ён атрымліваў 90-120 тысяч.
Пракуратура і мінпрацы ўсё гэта пакрываюць, скаргі бескарысныя. Працоўная дамова са зьняволеным не заключаецца, адпаведны пункт у кодэксе адрэдагавалі яшчэ некалькі гадоў таму. Фактычна ў краіне дзейнічае сыстэма рабскай працы, што закранае дзясяткі тысяч чалавек.
Людзі выжываюць, як могуць, падпольна займаюцца усялякімі рамёствамі. Але гэта забаронена, укідваць мамэнтальна, калі няма даху з боку турэмшчыкаў. Думаеш, калі зэк пагодзіцца на «чырвоны дах», ён будзе ў дзелі? Не. Турэмшчык, які «крышуе», забірае сабе ўсё, а наўзамен – толькі паслабленьні па рэжыме (нават лічбавыя плэеры дазваляюць), вырашэньне любых пытаньняў, у тым ліку датэрміновае вызваленьне. Чым не прыгонная гаспадарка?
Выходзіць, што чалавек можа рабіць куфэркі, нарды, шахматы, гравюры, карціны, адзеньне, абутак – але задарма, каб нажываўся наглядчык. У выніку чалавек працы ня можа ані забясьпечыць сябе, ані дапамагчы сям'і, ані пакрыць выдаткі на ўтрыманьне, ані пагасіць пазоў, ані назапасіць грошай да вызваленьня. Любы лягер можа выйсьці на самазабесьпячэньне і прыбытак хоць заўтра, толькі б турэмшчыкі не перашкаджалі. Але дзе разруха – там дэрбан [раскрадваньне]. Бо нікому з начальства гэта не трэба.
Апрача сродкаў на рамонты, першараднае значэньне адміністрацыя надае пагашэньню пазоваў па крымінальнай справе. Усюды разьвешаныя табліцы і цэлыя стэнды з графікам, колькі кожны атрад у якім месяцы пагасіў. Уся пэнітэнцыярная сыстэма на гэта заточаная. Па-першае, амністыя: яна не прымяняецца да тых, хто не пагасіў пазоў. Па-другое, тыя, хто мае пазоў, пралятаюць паўз датэрміновае вызваленьне (хоць паводле кодэксу гэта не абавязкова). Па-трэцяе, іскавікі моцна абмежаваныя па краме: 360 000 (2 базавыя велічыні) на месяц. Калі пры гэтым зэк пазбаўлены пасылак, то гэта азначае напаўгалоднае існаваньне. Таксама іскавікам даюць менш дзён на доўгатэрміновае спатканьне і амаль не даюць вынасу прадуктаў харчаваньня, што засталіся. Бабулькі-маці, якія прыяжджаюць на грамадзкім транспарце, павінны везьці астатняе назад.
Турэмшчыкі рэгулярна прамываюць глузд: «плаці, плаці, плаці». А з чаго плаціць, зарабіць жа немагчыма! На гэта адміністрацыя мае супэрадказы: 1) плаціць з грошай, дасыланых блізкімі на ежу; 2) няхай заплацяць сваякі; 3) калі родныя ня маюць грошай, няхай возьмуць крэдыт у банку. Банкі страчваюць велізарную магчымасьць, бо толькі прапануй крэдыт «арыштанцкі» – мэтавая аўдыторыя знойдзецца ўмомант.
Як бачыце, у зонах наладжаная сыстэма ўзаконенага вымагальніцтва. Прычым яна закранае ня гэтулькі зэкаў, колькі іх сваякоў. Але турэмшчыкі не спыніліся і на гэтым.
У 2013 годзе, у «эпоху значных паляпшэньняў», атаваркі сталі зразаць і для тых, хто мае грамадзянскія іскі, з крымінальнымі справамі ніяк не зьвязаныя. Гэта абсалютна незаконна, таму звычайна турэмшчыкі адступаюць, калі зэк пачынае абурацца. Хоць для некаторых гэтыя абурэньні сканчаюцца атэстацыяй «злосны парушальнік», з тым самым мінімальным лімітам ў 360 тысяч. Тым, хто імкнецца пайсьці на датэрміновае вызваленьне, усяляк даюць зразумець, каб плацілі грамадзянскія пазовы, інакш камісія адмовіць.
Як адбываюцца пакараньні і рэпрэсуюць нежаданых? Памятаю, як у першы раз наглядчык сказаў мне: «Ня ведаю, за што на цябе ў штабе засінілі [чым ты не дагадзіў], але там вырашылі выкінуць цябе на кічу [справадзіць у штрафны ізалятар]. Ты стаіш на прыборцы рукамыйніцы, але ты ж ня будзеш дзьверы на дальняк [туалет] праціраць? Дык што нічога асабістага. Круці тарпеды». Вось і ўсё: пратрэш хаця б ручку туалету – едзеш пеўнем ў гарэм [у камэру для «апушчаных»], адмовісься – у ШЫЗА.
Варыянтаў паставіць зэка ў безвыходнае становішча безьліч. Бывала, раздаецца з раніцы па зоне сыгнал ўставаць, не пасьпееш з нараў зьлезьці, як у сэкцыю ўрываюцца наглядчыкі. Стаялі ўжо «зараджаныя» для адстрэлу [з намерам прыкмячаць дробныя парушэньні і караць за іх]. Пішуць рапарт: «Ня выканаў каманду “Пад'ём”». Ня ўстаў, калі наглядчыкі зайшлі ў сэкцыю (а яны заходзяць па некалькі разоў на дзень) – рапарт. Ці перавернуць матрац на нарах, запішуць «антысанітарны стан спальнага месца». Або зарадзяць суку сачыць, калі ты мыцца з тазам вады пойдзеш, або пакуль не засьнеш на нарах. Хоць няма такога пункту «забаронена мыцца на ўмывальніку» і «забаронена спаць днём». Пішуць «парушэньне распарадку дня», маўляў, калі паводле распарадку тры гадзіны масава-культурных мерапрыемстваў (а іх няма!), то нібыта зэк усё адно вінаваты. Трэба сядзець на табурэтцы або целік глядзець. Красоўскай трэба было б самой ПУР пачытаць, перш як за правы зэкаў брацца. Бо вельмі ўтульна размахваць паперамі на канфэрэнцыях з воклічамі «Паглядзіце! У нас усё гуманна!» Толькі папяровыя правы ў сапраўдным жыцьці выпусташаныя.
Яшчэ распаўсюджаны мэтад рэпрэсіяў – ператрус асабістых рэчаў і праверка адпаведнасьці іх вопісу. У ніводнага зэка яна не супадае, проста немагчыма ўсё ўлічыць дакладна. У лістападзе 2014 мне вось так падкінулі на торбу зарадку ад трубы [мабільны тэлефон] і беларускія 40 тысяч. Супадзеньне, але менавіта тады мне прыйшлі раздрукоўкі маіх скаргаў ў ДВП і пракуратуру. Фішка ў тым, што сярод зэкаў ходзяць толькі баксы, рагатала ўся зона. Часьцей падкідваюць сім-карты.
Трымайся рэжыму, не трымайся – розьніцы няма. Калі прынятае рашэньне, то шанцаў няма. Ну, апроч як шукаць уплывовых постацяў зь ліку казлоў, турэмшчыкаў або вальнячых [вязьні зь ліку абслугі, якім дазволены выхад за межы свайго атраду], хто пацягне масу [закіне слова].
У гэтай зоне мяне спачатку двойчы ставілі на пеўневыя прыборкі [прыборка памяшканьняў, якія забаронена рабіць усім, апроч «апушчаных», згодна з арыштанцкіх законаў, самая чорная праца], у выніку я наогул на іх плюнуў. Цяпер жа асабліва падкрэсьліваюць, што аб'екты прыборак мужыцкія [дазволеныя для прыборкі звычайнымі вязьнямі, «мужыкамі»]. Спачатку скампрамэтуюць свой падыход, а потым «шчыра» рэпетуюць, чаго ж гэта я адмаўляюся.
Вось жа, прыходзіць малады шчанюк і патрабуе, каб тут і зараз сталі прыбіраць у яго на вачох. То бок ставяцца, як да дзяцей, як быццам дарослыя мужыкі самі ня ў стане павырашаць побытавыя моманты ў сябе ў атрадзе. Натуральна, гэта зьневажальна ў любым наборы, таму і зьяўляецца ўлюбёным сродкам турэмшчыкаў. Для іх гэта кшталту як пальцам пагразіць, маўляў, «усё ведаем, усё бачым».
Акрамя ШЫЗА, пазбаўляюць спатканьняў (2 працяглых, 3 кароткіх на год) і пасылак (3 на год), абмяжоўваюць атаварку як злосьніку, 360 тысяч. Вось так у ХХІ стагодзьдзі чалавека караюць ежай і забаронай бачыцца з бацькамі і блізкімі. Ужо адно гэта ёсьць беспардоннае скотства. Але і гэта яшчэ ня ўсё.
Дробныя подлянкі ў атрадзе, накшталт выварочваньня тумбачкі, рэчаў, ліставаньня, нацкоўваньня казлоў і сукаў або дэманстратыўнага пакараньня усяго атраду/сэкцыі ў разьлік ўжо не бяру. Зачыненьне чалавека ў бэтонны дворык а-ля «стакан» на гадзіны ці нават цэлы дзень – наогул штодзённая завядзёнка.
Пасьля ШЫЗА зэка ўжо могуць зьмясьціць у ПКТ, лягерную турму, на паўгода. Там чалавека пазбаўляюць ня толькі спатканьняў і пасылак, але і тэлефанаваньняў. Гэта што да пытаньня падтрыманьня сацыяльных сувязяў, якія прапагандуюцца ДВП.
А ўжо пасьля ПКТ наступны прыпынак – «крытая», турма толькі для парушальнікаў. У Беларусі іх дзьве: у Магілёве – для першаходаў [упершыню асуджаных], у Гародні – для страгачоў [асуджаных на строгі рэжым]. Адпраўляюць на тры гады, пасьля назад у лягер. Нямала людзей паехалі туды, каб толькі не прасякнуцца лягерным скотствам, ня стаць ідыётамі. Пра падобнае я чытаў ва ўспамінах вязьняў ГУЛАГу, калі людзі ў лягерах марылі вярнуцца ў манаскія кельлі палітізалятараў.
Але і гэта не мяжа. У крымінальным кодэксе прысутнічае артыкул 411 «Злоснае непадпарадкаваньне». Фармальны склад – парушэньне на цягам году пасьля ПКТ [памяшканьне камэрнага тыпу, від пакараньня злосных парушальнікаў]. Да двух гадоў плюс да тэрміну. Можна заехаць у зону з годам, а адседзець усе 25, па законе! Інакш кажучы, у Беларусі ня важна, які артыкул: усё адно тэрмін бязьмежны. Чалавек будзе сядзець столькі, колькі вырашаць наверсе. Чым гэта адрозьніваецца ад сталінскага ОСО [Адмысловая нарада пры НКУС], калі людзям па адседцы падаўжалі тэрміны?
Ніякага грамадзкага кантролю няма і ў памоўцы. Калі прыяжджаюць важныя камісіі, зэкаў заганяюць на ленпакой, а ва ўсіх ключавых пунктах зоны расстаўляюцца супрацоўнікі. У траўні 2015 сюды прыяжджала дэлегацыя на чале зь нейкім аўстрыйцам. Нас загналі ў цэх на промцы, на ўваходзе стаў начальнік, каб толькі нас ня бачылі.
Хаця навошта скардзіцца? У сакавіку 2014 прыяжджаў начальнік ДВП. Ён падышоў да двух вязьняў у сталоўцы, пацікавіўся якасьцю баланды. Трэба сказаць, супец ў той дзень быў хвацкім дзярмом, суцэльная вада, пра што мужыкі адкрыта і сказалі. Праз 2 гадзіны абодва ўжо былі ў ШЫЗА. Знайшліся парушэньні-с.
Легальнай сувязі з воляй амаль няма. Кожны ліст праходзіць праз цэнзуру, у тым ліку і скаргі. Без дазволу адміністрацыі нельга напісаць у газэту. Скаргі ў ДВП і пракуратуру выходзяць далёка ня ўсё: глядзяць на адпраўніка. Звычайна прэсуюць, правяраюць, ці не адступіць. Калі ж праяўляе цьвёрдасьць, і на волі ёсьць падтрымка, то шанцаў больш. Хоць што перашкаджае пракурору забіраць скаргі раз у тыдзень самастойна?
Зрэшты, карысьці ад гэтых скаргаў амаль ніякай. Ні разу я ня чуў, каб пракуратура або суд адмянілі несправядлівае рашэньне адміністрацыі. Афіцыйныя адказы – стандартныя адпіскі кшталту «усё нармальна, парушэньняў ня выяўлена». І гэтак – заўсёды.
Турэмшчыкі знайшлі цікавы спосаб барацьбы са скаржнікамі: на рукі скаргі не выдаюць, а копіі – ня робяць. Сядзі і перапісваліся ад рукі! Гэта новаўвядзеньне апошніх гадоў.
Але самы сьвежы «прававы апгрэйд» – забарона на валоданьне кодэксамі і іншымі юрыдычнымі матэрыяламі. У лютым 2015, на «тройцы», у мяне самога канфіскавалі дасланыя абнаўленьні ў УВК і КК, нават акт склалі. Карыстацца юрыдычнай літаратурай можна, толькі ўзяўшы яе ў начальніка атраду. Такія вязьні бяруцца да ўвагі. Гэта зроблена для таго, каб паменш наглядных скаргаў па крымінальнай справе пісалі.
Характэрны прыклад бяспраўя, самавольства і кругавой парукі адбываецца проста зараз з маім знаёмым Шаманам Віктарам. Увесну 2015 на яго было накладзенае спагнаньне за тое, што нібыта нанёс сабе тату на сьпіне. Падставай паслужыў данос. Віця растлумачыў, што гэтая татуіроўка была зроблена яшчэ на волі. Аднак у мэдычнай картцы апісаньне гэтага тату адсутнічала па халатнасьці лекара, што рабіў агляд. Бо кожны новапрыбылы ў зону зэк аглядаецца, яго тату заносяцца ў картку, часта праз рукавы. Віця напісаў скаргі ў пракуратуру з просьбай запытаць амбуляторную картку з жодзінскай турмы (СТ-8), у якой дадзеныя пра гэтую татуіроўку ўнесеныя. Скаргі выпушчаныя не былі.
Тады Віця адправіў іх нелегальна, за што адседзеў у ШЫЗА. Віцебская пракуратура адказала, што з боку адміністрацыі зоны парушэньняў няма: спагнаньне правамернае. А запыт у СТ-8 ніхто не рабіў. Але Віктар самастойна дапісаўся да СТ-8, яны даслалі адказ, што амбуляторная картка была адпраўленая ў зону разам зь ім. Такім чынам, доказ невінаватасьці ляжыць проста тут, у асабістай справе. Але нікому да гэтага справы няма. А на коне ж – амністыя, якая не прымяняецца да Віці з-за гэтага спагнаньня.
Арыштанты збольшага ня лічаць патрэбным змагацца, бо датэрміновае вызваленьне знаходзіцца ў руках адміністрацыі. Менавіта яна вырашае, ці «выправіўся» зэк. Мала хто ведае: каб атрымаць датэрміновае вызваленьне, чалавек павінен прызнаць віну. Так рука руку мые, замятае сьляды і сьледча-судовага бязьмежжа.
Што тычыцца адмысловага стаўленьня да палітычных, то відавочна, што сама лягерная сыстэма зьяўляецца асаблівым стаўленьнем. Палітычны вязень займае ў ёй становішча непажаданага зэка, да якога прымяняецца адточаны набор рэпрэсіўных мэтодыкаў. Са спэцыфічных – сустрэча з адвакатам праходзіць толькі праз шкло ў пакоі кароткіх спатканьняў; вялікая частка адрасатаў лістоў заблякаваная. Я не магу атрымаць лістоў ад старых сяброў, якія да палітыкі ня маюць дачыненьня.
Жывучы ў рэжыме ўсебаковай рэгламэнтацыі, арыштант амаль губляе прастору для ініцыятывы, самарэалізацыі. Культурнае жыцьцё ў лягеры ўбогае, для галачкі. Прыгон і рабская праца, узаконенае вымагальніцтва, выкшталцоны зьдзек над асобай – характэрная рэчаіснасьць лягеру.
Хто ж выходзіць зь лягераў? Сутнасьць «выпраўленьня» – ператварыць чалавека ў бязвольны аўтамат, паўзун перад уладай. Турма робіць усё, каб максымальна выключыць чалавека з грамадзтва, каб яму не было куды вяртацца. Адны вызваляюцца азлобленымі, без гроша ў кішэні, бязь веры ў справядлівасьць і чалавечнасьць. Другія ж перасягнулі ўсе мажлівыя мяжы маральнага: грамадзтва для іх як выпрабавальны палігон сваёй прагі ўлады і ссучанай маралі. Трэція наогул выходзяць бязвольнай гароднінай, у іх забітая воля.
Афіцыйны рэцыдыў – 54%! Больш за палову. Нават з так званых тых, «якія сталі на шлях выпраўленьня» – чвэрць. Але ня трэба памыляцца наконт астатніх. Прайшоўшы «турэмныя ўнівэрсытэты», многія ўжо не трапляюцца, робячыся прафэсійнымі злачынцамі. Яшчэ частка зусім пакідае краіну, разумеючы, што іх замятуць пры першым зручным выпадку. Лягерная псыхалёгія атручвае ўсё грамадзтва, бо лік ідзе на сотні тысяч тых, хто прайшоў праз турэмную мясарубку.
Лягеры некалькі падрасьлі матэрыяльна, бо час ідзе. Але мэнтальна – што галоўнае! – гэта ўсё той самы ГУЛАГ.