Чацвер, 21 Лістапад 2019

Міхаіл Жамчужны: Аб сустрэчах не прасіце, але пішыце больш…

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У сваім апошнім лісьце, які атрымалі ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага віцебскія праваабаронцы, ён паведамляе аб прынцыповай немагчымасьці кароткіх сустрэчаў зь ім калегаў-праваабаронцаў – праз забароны і дыскрымінацыйныя ўмовы, створаныя ў калёніі.

«Сустрэцца са мной не змаглі вядомыя беларускія праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Тацяна Равяка і Барыс Бухель», – піша Жамчужны. Зь ягоных словаў, гэтыя сустрэчы не дазволіла кіраўніцтва сыстэмы выкананьня пакараньня.

Праз двайное шкло

Зьняволены Жамчужны просіць грамадзянскіх актывістаў спыніць спробы дамагацца падобных сустрэчаў яшчэ і праз тое, што ў калёніі створаныя дыскрымінацыйныя ўмовы для камунікацый падчас сустрэчаў.

«Стаўлю ў вядомасьць, што сустрэчы праходзяць праз двайное шкло, размова адбываецца праз тэлефонную трубку пад наглядам супрацоўнікаў калёніі і з аўдыёцэнзурай. Перадача якіх-небудзь дакумэнтаў, нават адвакатам, падчас сустрэчы забароненая!» – расказвае ў лісьце Міхаіл Жамчужны.

Палітвязень лічыць вялікім дабром магчымасьць штомесяц без абмежаваньняў сустракацца з адвакатам зь Менску і па неабходнасьці – зь віцебскім адвакатам. «Гэтымі сустрэчамі загарантоўваецца мая бясьпека», – піша.

«І цэнзары ня дрэмлюць...»

«Зь перапіскай сытуацыя цалкам непрымальная, – кажа праваабаронца Леанід Сьвецік. – На маім прыкладзе, яна зьнізілася да аднаго ліста за месяц, раней ліст ад Жамчужнага прыходзіў амаль кожныя два тыдні. Праўда, былі перапынкі ў ліставаньні, калі Жамчужны знаходзіўся ў ШІЗА».

«І цэнзары, як гаворыцца, ня дрэмлюць», – іранізуе ў лісьце палітвязень.

«Цягам апошніх гадоў вялікая частка ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі зьнішчалася цэнзурай. Апошнія выпадкі – лісты ў Чарнігаўскі Дом правоў чалавека, зь Беларуска-Амэрыканскай асацыяцыі, ад Каўнярова (2019/10/31) – за «цынізм», – удакладняе Жамчужны.

Тым ня менш, зьняволены праваабаронца просіць пісаць яму больш і часьцей. Бо гэтак павялічваецца імавернасьць таго, што хоць частка лістоў знойдзе свайго адрасата.

«У апошні час лісты ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага прыходзяць зь вялікімі затрымкамі, таму кожны ліст становіцца каштоўным той інфармацыяй, якую зьмяшчае, – пра стан здароўя, пра тое, якія падзеі і працэсы адбываюцца ў калёніі», – пракамэнтаваў Леанід Сьвецік сытуацыю наконт ліставаньня з вязьнем папраўчай калёніі №9 Міхаілам Жамчужным.

Лісты дасылайце, калі ласка, на адрас:

213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласьць, Беларусь. Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.