Сваё жаданьне сустрэцца з палітвязьнем Леанід Сьвецік аргумэнтаваў тым, што знаходзіцца з Жамчужным у сяброўскіх і прафэсійных стасунках, ужо больш за тры гады вядзе зь ім пастаянную перапіску. Апроч таго, зазначыў, што магчымасьць кароткачасовага спатканьня з тымі, хто адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі, прадугледжаная заканадаўствам (ч.3, арт.83 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Аднак на просьбу аб спатканьні адміністрацыя горацкай калёніі адказала адмоўна. Начальнік ПК-9 Петраковіч тлумачыць у лісьце, што Жамчужны “...адбывае меру дысцыплінарнага спагнаньня ў выглядзе пераводу ў памяшканьне камэрнага тыпу і ня мае ніякіх выключных абставінаў для спатканьня”.
Праваабаронца напісаў скаргу ў ДВП
З такім рашэньнем праваабаронца Леанід Сьвецік ня згодны. Ён лічыць, што пры вырашэньні пытаньня аб дазволе на кароткачасовае спатканьне, неабходна найперш кіравацца прынцыпамі гуманнасьці і недыскрымінацыі.
Міхаіл Жамчужны – пэнсіянэр, ён ня мае блізкіх людзей, зь якімі мог бы пэрыядычна сустракацца. Тым больш, што ў апошні час ён больш за 400 сутак правёў у ШІЗА і ПКТ – то бок ва ўмовах жорсткай ізаляцыі, і практычна разарваў сацыяльныя сувязі зь сябрамі, сваякамі і з праваабарончай супольнасьцю краіны. Гэта ёсьць сур'ёзным аргумэнтам для дазволу на першае кароткае спатканьне за больш чым 4 гады знаходжаньня Міхаіла Жамчужнага ў месцах адбыцьця пакараньня.
“Для абароны правоў і законных інтарэсаў палітвязьня Жамчужнага я зьвярнуўся са скаргай ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці. У скарзе прашу адмяніць рашэньне начальніка ПК-9 Петраковіча і дазволіць мне кароткачасовае спатканьне са зьняволеным Жамчужным у любы прадугледжаны законам пэрыяд часу”, – паведаміў “Віцебскай Вясьне” Леанід Сьвецік.
Псыхалягічнае катаваньне Жамчужнага працягваецца
Леанід Сьвецік расказаў, што палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае знаходзіцца ў ізаляцыі. “Прычым ізаляцыя гэтая мае тэндэнцыі да ўзмацненьня жорсткасьці”, – паведаміў праваабаронца.
У апошнім лісьце палітвязень паведаміў, што пачынаючы ад 26 ліпеня адправіў праваабаронцу чатыры лісты, два зь якіх былі зьнішчаныя адміністрацыяй калёніі “за шкоду ахоўваных законам правам дзяржорганаў, грамадзкіх аб'яднаньняў і асобных грамадзянаў”.
Жамчужны просіць папярэдзіць усіх сваіх адрасатаў, што лісты, у якіх піша пра здароўе і ўмовы ўтрыманьня, ня будзе прапускаць служба пэрлюстрацыі калёніі. Апроч віцебскага праваабаронцы, не атрымалі лісты ад палітвязьня Мікола Дзядок і Вольга Нікалайчык.
Міхаіл Жамчужны зьбіраецца абскардзіць дыскрымінацыйныя дзеяньні кіраўніцтва калёніі “як від псыхалягічнага катаваньня і разарваньня сацыяльных сувязяў”.
Лявон Яфрэменка