«Міхаіл толькі 9 лютага адбыў ранейшае пакараньне карцэрам, знаходзіўся ў ПКТ, як зноў атрымаў 10 сутак карцэру. Трэці раз ад пачатку году, а за час зьняволеньня ўжо 20-е пакараньне. Кажуць, за тое, што нібыта не прыбраў у камэры», – сказаў праваабаронца пра свайго калегу Міхаіла Жамчужнага.
Андрэй Бандарэнка мяркуе, што насамрэч Міхаіла Жамчужнага караюць за скаргі на былыя пакараньні і за тое, што ён па-ранейшаму адмаўляецца перайсьці ў атрад, дзе трымаюць вязьняў зь нізкім статусам.
«Аказваецца, той выпадак, калі невядомы вязень пагражаў яму ў калідоры мэдчасткі, быў па ліку другі. Жамчужны згадаў пра гэта ў лісьце, але падрабязнасьцяў не паведаміў. Але мне зразумела, што ціск працягваецца, а ён не саступае, змагаецца за свой гонар», – кажа Андрэй Бандарэнка.
Паводле Міхаіла Жамчужнага, у канцы студзеня невядомы вязень напаў на яго ў калідоры мэдычнай часткі калёніі № 9 і пагражаў фізычнай расправай, калі зноў сустрэне на тэрыторыі калёніі. Пра гэты выпадак стала вядома зь ліста вязьня на волю. У адміністрацыі Горацкай калёніі гэтыя зьвесткі не камэнтуюць. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка кажа, што на звароты ў адміністрацыю, каб адносна Міхаіла Жамчужнага прынялі меры бясьпекі, адказаў ён не атрымліваў.
У 2017 годзе Міхаіл Жамчужны паведамляў, што адміністрацыя калёніі загадала яму перайсьці ў атрад, дзе ўтрымліваюць вязьняў зь нізкім статусам, але ён адмовіўся, за што яго пэрыядычна каралі карцэрам або зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). «Па выхадзе з карцэру Жамчужны зноў трапляе ў ПКТ, адкуль зноў адмаўляецца прасьледаваць у атрад, за што зноў трапляе ў карцэр. Гэта карусэль, толькі зь невялікімі варыяцыямі», – кажа Андрэй Бандарэнка. Па зьвестках Андрэя Бандарэнкі, кожнае спагнаньне Міхаіл Жамчужны абскарджваў, але ніводнага разу гэта не дало станоўчага выніку.
Пры гэтым, паводле адваката, які на мінулым тыдні сустракаўся зь Міхаілам Жамчужным, «той выглядае бадзёрым, на ўмовы ня скардзіцца». Калі Міхаіл Жамчужны з карцэра выходзіць у ПКТ, ён атрымлівае пошту, сказаў абаронца Андрэю Бандарэнку.
Выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе завалодаць службовымі зьвесткамі міліцыі і даць міліцыянту хабар. Жамчужны сваёй віны не прызнаў і працягвае дамагацца апраўданьня. Паводле прысуду Міхаіл Жамчужны мусіць адбыць за кратамі яшчэ 3 гады.
Праваабаронцы «Вясны», сябры форуму «За свабоду палітвязьням» ды іншых праваабарончых структур прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і патрабуюць ад беларускіх уладаў перагледзець ягоную справу ў адкрытым судовым паседжаньні, а таксама спыніць перасьлед яго ў калёніі.
Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org