Не ўдалося наведаць суды і яго калегам-праваабаронцам. Так, разгляд адной са скаргаў судом Барысаўскага раёну быў прызначаны на 31 кастрычніка. На гэтае паседжаньне Жамчужнаму ўдалося запрасіць сяброў і праваабаронцаў зь Менску. Аднак калі грамадзкія актывісты прыбылі ў прызначаны час у суд, высьветлілася, што судзьдзя Аляксандар Шутко разгледзеў скаргу палітвязьня на гадзіну раней.
Яшчэ адзін судовы разбор адбыўся праз 3 тыдні. Каб не ствараць праблем судзьдзі, 22 лістапада ўпершыню за ўвесь пэрыяд турэмнага жыцьця Жамчужны быў зьмешчаны на 5 сутак ў штрафны ізалятар. Нагода: пільная адміністрацыя западозрыла яго ў падрыхтоўцы да ўцёкаў. Ужо калі палітвязень знаходзіўся ў ШЫЗА, яму паведамілі пра тое, што 23 лістапада ў Барысаўскім раённым судзе будзе разгледжаная яго чарговая скарга на «парушэньне рэжыму». Аднак судзьдзя Ірына Пасюк не знайшла часу паведаміць палітвязьню, якая зь яго скаргаў будзе разглядацца.
Па выхадзе палітвязьня з ШЫЗА кіраўніцтва папраўчай калёніі паведаміла, што праз тры дні, 28 лістапада, яму зноў давядзецца адбываць пакараньне ў ШЫЗА. Гэтым разам нібыта за гучную размову ў бараку, на што паскардзіліся адміністрацыі зьняволеныя «нізкага статусу». Аднак зь невядомай прычыны ані 28 лістапада, ані наступнымі днямі Міхаіла Ігаравіча ў ізалятар для парушальнікаў рэжыму не пасадзілі. Відаць, на гэтыя дні Барысаўскі раённы суд не прызначыў разгляд пакінутых скаргаў палітвязьняў.
Лявон Яфрэменка