Леанід Гаравы вядзе сталае ліставаньне з палітычнымі вязьнямі, якія знаходзяцца за кратамі: Мікалаем Статкевічам, Міколам Аўтуховічам, Алесем Бяляцкім і іншымі. Пры ліставаньні зь Мікалаем Статкевічам часам узьнікае сытуацыя, калі лісты актывіста не даходзяць да адрасата, бо іх не прапускае цэнзура. Так атрымалася і з апошнім лістом сябра руху “За свабоду”, які ён напісаў на пачатку лістапада.
У атрыманай ад Статкевіча паштоўцы напісана: “Атрымаў пустую капэрту ад Вашага ліста з пазнакай цэнзуры. Значыць, Ваш ліст быў вельмі добры :). Дзякуй за падтрымку. Посьпехаў і плёну ў Вашых справах!”
Леанід Гаравы лічыць, што гэта неабгрунтаванае абмежаваньне права на ліставаньне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Аналягічныя лісты ў няволю без абмежаваньняў даходзяць да іншых палітвязьняў, зь якімі вядзе ліставаньне актывіст. У лісьце няма ніякага грэбаваньня нормамі грамадзкай маралі, а тым больш нахабства і бессаромнасьці, што магло б быць падставай для ненакіраваньня ліста да Міколы Статкевіча.
Актывіст мяркуе, што магілёўскім цэнзарам з турмы №4 гіпатэтычна маглі не спадабацца наступныя абзацы зь яго ліста: “Безь пераводу стрэлак ужо і раніцай, і вечарам цёмна. Цёмна і ў беларускіх пэрспэктывах. Замест вырашэньня рэальных праблем разьвіцьця краіны ўлада цешыць сябе ілюзіяй, што ўсё добра, а гэта да дабра не даводзіць.
Шкада перш-наперш нашых дзетак, калі ім давядзецца разьбірацца з праблемамі, якія ствараліся некалькі дзесяцігодзьдзяў. І пры гэтым наш кіраўнік нядаўна заклікаў моладзь не рабіць пераменаў. Сьвятлана Калінкіна дала на гэта ў “Народнай волі” разгорнуты адказ. Мяркую, што вы чытаеце “Народную волю” і знаёмы зь яе адказам. Нельга зь ёй не пагадзіцца, што заклікі спыніць час і баяцца пераменаў падобныя да адчайных і бездапаможных загавораў спалоханага і дэзарыентаванага чалавека.
Сёньня, як і 20 гадоў назад, як той казаў, у поўны рост паўстала пытаньне пераменаў безь якіх немагчымы рух да годнага жыцьця. На месцах бескантрольная ўлада зьдзіўляе сваёй неадэкватнасьцю і адарванасьцю ад рэальных праблем“.
Леанід Гаравы накіраваў скаргу на неправамоцныя дзеяньня службовых асоб магілёўскай турмы №4 ва ўпраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па Магілёўскай вобласьці.
Крыніца: Гарадок.інфо