Калектыўны зварот да ўладаў падпісалі больш за 30 жыхароў полацкіх Кароўнікаў. Гэты раён знаходзіцца ва ўсходняй частцы Полацку за Дзьвіной і складаецца толькі з прыватнага сэктару. Сувязь з горадам падтрымліваецца аўтобусам, але ходзіць ён з інтэрвалам адзін раз на гадзіну.
Просьбу аб адкрыцьці аптэкі жыхары абгрунтавалі вялікай колькасьцю пэнсіянэраў якія пражываюць у Кароўніках, а таксама – пастановай ураду аб пляне разьвіцьця Полацку ад 2004 года. Пастанова прадугледжвае фармаваньне сеткі аптэкаў з доступам у 300 мэтраў. Кароўнікі ж выцягнутыя больш чым на 2 км і ня маюць ніводнай аптэкі.
“Мы зьвяртаемся да Вас, кіраўніцтва г. Полацку і Полацкага раёну, з просьбай адкрыць на гандлёвых плошчах харчовай крамы №17 у мікрараёне “Кароўнікі” аптэчны кіёск з правам продажу лекаў па ільготных і бясплатных рэцэптах”, – пісалі жыхары ў звароце.
“Хіба ж мы не сацыяльная дзяржава?”
На сустрэчу з палачанамі прадстаўнікі ўладаў прыехалі на дзьвюх машынах за паўгадзіны да прызначанага часу, калі большасьць жыхароў раёну знаходзілася на працы. Аднак за 15 хвілін да пачатку сходу пачалі зьбірацца пэнсіянэры і маці з дзецьмі – прыйшло каля 50 чалавек. Пачалося стыхійнае абмеркаваньне праблемаў раёну.
На сходзе ў Кароўніках
Ад уладаў былі трое прадстаўнікоў арганізацыі, якая адказвае за разьвіцьцё аптэчнай сеткі, і яшчэ двое, адказныя за гандаль. Свае прозьвішчы яны не называлі. Паведамілі, што, маўляў, горад ужо выканаў плян разьвіцьця аптэчнай сеткі на 150-200% і, паводле нарматываў, аптэка ў Кароўніках не прадугледжваецца, бо мала жыхароў – трэба, каб было ня менш за 8 тысяч.
Цікава, што падчас выбараў у раёне звычайна дзейнічае аж два выбарчыя ўчасткі, кожны зь іх налічвае каля 2-х тысячаў выбаршчыкаў.
Людзі абурыліся. “Хіба ж мы не сацыяльная дзяржава?” – выкрыквалі пэнсіянэры. На што ад службовых асобаў пачулі такі адказ: “Не, мы рынкава-сацыяльная дзяржава…”
Папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары
Жыхары выказалі шмат патрабаваньняў, каб палепшыць жыцьцё ў раёне. Казалі пра неабходнасьць добраўпарадкаваньня вуліцаў, пабудовы ходнікаў на вуліцы, па якой дзеці ходзяць у школу, пра ачыстку сьцёкавых канаваў, стварэньне фэльчарскага пункту, уладкаваньне дзіцячай пляцоўкі і пляжу.
Усяго запісалі 18 пунктаў з прапановамі для ўладаў. Аднак службовыя асобы, якія прыехалі на сустрэчу, паведамілі, што ня маюць кампэтэнцыі адказаць на ўсе гэтыя пытаньні. Прапанавалі пісьмова зьвярнуцца ў службы ЖКГ.
Напрыканцы сход у Кароўніках больш нагадваў стыхійны мітынг. Грамадзяне галасаваньнем выбралі ўпаўнаважанага, каб ад іх імя накіраваў ліст гарадзкім уладам, выклаўшы ў ім усе прапановы.
Палачане, якія ня маюць ніводнай аптэкі на ўвесь раён, папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары, калі да іх думак і прапановаў не прыслухаюцца ў выканкамаўскіх кабінэтах.
Аляксандар Марозаў