Заяўнікі просяць гарадзкія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі на адной з цэнтральных плошчаў гораду і шэсьце цэнтральнай вуліцай Віцебску. Як паведамляе прэс-служба руху «За свабоду», галоўнымі лёзунгамі акцыі будуць «За сувэрэнную і незалежную Беларусь!», «За скасаваньне дэкрэту № 3», «За спыненьне зьменаў пэнсійнай сыстэмы да паляпшэньня эканамічнага становішча», «Уся ўлада – народу на свабодных, тайных і адкрытых выбарах».
Заяўнікамі выступілі каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Леанід Гаравы і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў.
«Мы падалі заяўку на Дзень Волі на шэсьце і мітынг у Віцебску. Збор плянуецца пасьля поўдня на адной з цэнтральнай плошчаў гораду, а потым – рух па вуліцы да другой плошчы, дзе будзе мітынг», – сказаў Леанід Гаравы.
Заяўнікі нагадалі, што, паводле беларускага заканадаўства, да атрыманьня дазволу нельга паведамляць дату, месца і час масавай акцыі.