У адозьве гаворыцца: «Многія жыхары нашага гораду выказалі сваё жаданьне выйсьці на акцыю і ўзяць непасрэдны ўдзел. Віцебская кааліцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу заяўляе сваю падтрымку гэтага мерапрыемства і заклікае ўсіх гараджан, нязгодных з прынятым дэкрэтам і палітыкай дзейнага прэзыдэнта, выйсьці на плошчу і выказаць сваё стаўленьне да сытуацыі, якая склалася ў краіне. Разам мы – сіла!»
Старшыня кааліцыі Ўладзімер Кійко абураны, што ў тым самым месцы і ў той самы час, дзе заплянаваная акцыя, улады зьнячэўку вырашылі правесьці сьвяткаваньне Масьленіцы. Паводле яго словаў, яшчэ нядаўна ніякай Масьленіцы на плошчы Перамогі ладзіць ніхто не зьбіраўся. На ягоную думку, гэта сведчыць пра тое, што мясцовая ўладная вэртыкаль спалохалася мірных пратэстаў грамадзян і спрабуе такім спосабам сарваць правядзеньне акцыі.
«Нягледзячы на гэта, мы мяркуем, што выйдзе шмат гараджан, бо незадаволенасьці людзей дзеяньнямі ўладаў няма мяжы, і многія разумеюць, што маўчаць нельга, – сказаў Уладзімер Кійко. – Беларускі нацыянальны кангрэс цалкам падзяляе і падтрымлівае імкненьне людзей змагацца за свае правы, выходзячы зь мірнымі акцыямі пратэсту. Гэта ёсьць іх канстытуцыйнае права і самы эфэктыўны спосаб змаганьня ў нашай краіне».
Уладзімер Бяляўскі