Аўторак, 28 Лістапад 2017

“Ня ў тую краіну вы, спадарства, прыехалі…” Украінцы ня могуць знайсьці працу ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Грамадзяне Ўкраіны некалькі месяцаў безвынікова шукаюць хоць якую працу ў Віцебску. Маладая пара ў адчаі зьвярнулася па дапамогу ў сацыяльныя сеткі і атрымала безьліч саркастычных камэнтароў. Карыстальнікі раілі як мага хутчэй купляць зваротны білет: “тут сваіх абадранцаў хапае”. “Гэта ж у якой краіне трэба жыць, каб прыехаць у РБ на заробкі?..” – пішуць.  Украінцы ж пакуль не здаюцца…

Дзевятнаццацігадовая Аніта Леўчанка і яе грамадзянскі муж Яўген расказалі “Віцебскай вясьне”, чаму вырашылі зьехаць з Украіны і выбралі для эміграцыі беларускі Віцебск.

“Для ўкраінцаў – як адрэзана. Разварочваемся і сыходзім…”

Аказалася, што прыехалі ў Віцебск не наўздагад. Тут ужо чатыры гады ў інтэрнаце на Гагарына жыве і працуе маці Аніты.

– Мама прыехала сюды да сваёй роднай сястры, і тая дапамагла зрабіць від на жыхарства і ўладкавацца на працу. Цяпер маці працуе тынкоўшчыкам, як і ва Ўкраіне. Толькі там 4 гады таму ў яе быў заробак 1200 грыўняў (гэта каля 45 даляраў), а тут атрымлівае 300 даляраў. Розьніца адчувальная. Яна прыехала і праз тыдзень ужо працавала. І мы сюды з такім жа разьлікам прыехалі. Але… сутыкнуліся зь іншай сытуацыяй, – распавядае Аніта.

Аніта і Яўген прыехалі ў Віцебск працаваць, але пакуль што застаюцца бяз працы...

Маладыя людзі прыехалі ў Віцебск зь Бярдзянску (Запароская вобласьць) 27 верасьня, зарэгістраваліся і, поўныя энтузіязму, пачалі шукаць працу. Спачатку – праз інтэрнэт, потым – у рэале. Кажуць, каб зэканоміць, праходзілі пешкам за дзень па 20 км:

– Прыходзім, напрыклад, на прадпрыемства, пытаюцца, якія дыплёмы, на каго вучыліся, “паказвайце працоўныя кніжкі”… Але калі чуюць, што мы ўкраінцы – адразу кажуць: не. То бок калі б мы былі беларусамі, то нас бы яшчэ разглядалі як прэтэндэнтаў на вакансіі. А для ўкраінцаў – як адрэзана. Разварочваемся і сыходзім…

Сама Аніта зь лёгкасьцю можа атрымаць у Беларусі від на жыхарства (праз маці), але ў Яўгена іншая сытуацыя. Каб падоўжыць рэгістрацыю, трэба знайсьці афіцыйную працу і аформіць спэцдазвол. З гэтым пакуль вялікія праблемы. А разлучацца маладыя людзі ня хочуць.

Чаму зьехалі з Украіны

Аніта мае спэцыяльнасьць цырульніцы і майстра па манікюры, але бяз стажу, практыкі і афіцыйнай паперы. Расказвае, што дыплём ёй ва Ўкраіне не аддалі, бо не адпрацавала па спэцыяльнасьці патрэбных трох гадоў пасьля заканчэньня вучэльні. Яўген мае правы кіроўцы катэгорый “B” і “C” і 6-гадовы стаж “за баранкай”.

"Як жа быць з працай у вашай краіне? Куды ні павярніся – усюды закон, закон, закон…" - напісала ў сваім паведамленьні ў ВК Аніта

– Дома я  падпрацоўвала кандуктарам. У нас горад курортны, і ўлетку заробкі добрыя. Тысячы чатыры атрымлівала (каля 150 даляраў), а Жэня ўдвая больш зарабляў. Але ж мы кватэру здымалі, гэта 150-170 даляраў зімой, а ўзімку там наогул няма ані працы, ані заробкаў. Не было магчымасьці нават вопратку сабе купіць. Вось гэта нас і вымусіла сюды сарвацца, – расказвае дзяўчына.

Але, як сьцьвярджаюць, быў яшчэ і фактар блізкасьці ваенных дзеяньняў.

– Каб ведалі, што так будзе з працай, не паехалі б, але і там затрымлівацца няма сэнсу. Бо там таксама людзей на калені паставілі. Страшны “беспрадзел”. Гэта ж 70 км ад Данецкай вобласьці. У самім Бярдзянску нібыта і ціха, не страляюць, але ваенныя гойсаюць на танках ды БТР-ах папросту па трасах. Былі такія выпадкі, што на танках і машыны пераяжджалі, пацярпелыя былі. Напружана ўсё… – кажа Яўген.

Прызнаецца, што пра шпіёнскі канфлікт паміж Беларусьсю і Ўкраінай чуў, але пакуль што не пераймаецца. Галоўнае зараз – знайсьці хоць якую працу, бо да канца тэрміну рэгістрацыі застаўся месяц. А спэцдазвол робіцца паводле закону цягам 15 дзён. Тэрміны падціскаюць.

Людзі “ніжэй за плінтус”

– Зараз вакансіі кіроўцы і не глядзім ужо, шукаем якую чорную, брудную працу. Бо з кіроўцам ужо аднойчы не атрымалася. Быццам бы згадзіліся Жэню ўладкаваць на прадпрыемстве “Меліяводгас”. Падалі заяву на спэцдазвол. Дырэктар сказаў, што заплаціць, бо дазвол каштуе 5 базавых, а грошай у нас ужо няма, жывем на мамін заробак. Жэня нават адпрацаваў там два дні. Прайшоў мэдкамісію, дзе таксама за кожнага доктара давялося плаціць як замежніку, недзе 50 рублёў толькі на мэдкамісію аддалі. Чакаем. А ў выніку прыходзіць адмова. У цэнтры занятасьці нам тлумачаць, што тая вакансія мусіла вісець у цэнтры занятасьці ўвесь час, пакуль робіцца спэцдазвол, а на прадпрыемстве яе чамусьці зьнялі. Карацей, нешта незразумелае… – кажа Аніта.

– Ды яны нам потым сказалі, што нават калі б вісела гэтая вакансія, усё роўна нам бы адмовілі, таму што ў Беларусі шмат кіроўцаў – маўляў, у нас сваіх беспрацоўных хапае. Ці ўзялі беларуса на тую вакансію, ня ведаем, але машына пакуль стаіць бяз справы, – дадае Яўген.

Распавядаюць, што прайшлі ўжо па ўсім буйным прадпрыемствам гораду – былі на “Белвэсце”, “Сан Марка”, на бройлернай фабрыцы і мясакамбінаце, на прадпрыемствах “Віцебскае малако” і “Віцебскія дываны”. Усюды атрымалі прыкладна адзін і той жа адказ. Маўляў, цэнтар занятасьці ўсё роўна ня дасьць вам дазвол. Ці: “Разгледзелі б, калі б вы былі нейкімі спэцыялістамі, а на простыя спэцыяльнасьці ў нас у саміх людзей больш чым дастаткова”.

– Ніхто ня хоча нават на прыбіральшчыцу рабіць спэцдазвол. Хоць вакансіі вісяць жа. Мы як нейкія адрынутыя зараз. Людзі “ніжэй плінтусу”. Пасярод ночы прачынаесься і заснуць ня можаш, думаеш, што рабіць далей. Ходзіш, бывае, цэлы дзень, аж сьлёзы наварочваюцца, – гаворыць Аніта.

Варыянты: вёска альбо зваротны квіток ва Ўкраіну

Але маладыя людзі не губляюць надзеі. На 28 лістапада прызначана размова на рубаўскім “Даламіце”. “Ведаеце, за прыцягненьне замежнай працоўнай сілы нам трэба плаціць грошы, і лепш паразмаўляць наконт гэтага з дырэктарам”, –паведамілі ў аддзеле кадраў.

Украінцы кажуць, што, калі там не атрымаецца, будуць паспрабуюць шукаць месца ў вёсцы, што ім ад самага пачатку і раілі рабіць іх суайчыньнікі з Мазалава, Рудакова ды Віроўлі. Бо ў Віцебску – глуха.

Тым ня менш, нашыя суразмоўцы кажуць, што ў Беларусі нашмат лепей, чым ва Ўкраіне. Чыста і строга. Больш заводаў і фабрык. Прадукты таньнейшыя. Зьяжджаць адсюль не хацелася б.  Але пасьля двух месяцаў пошукаў працы, хочаш ня хочаш, пачалі задумвацца пра квіток назад. Аднак на яго таксама трэба спачатку зарабіць.

Кажуць, што, калі нават вернуцца ва Ўкраіну, то ўсё роўна ненадоўга. Абмяркоўваюць варыянт эміграцыі ў Расею, але чамусьці ня ў Польшчу, дзе зараз працуе больш за мільён іх суайчыньнікаў. Упэўненыя, што туды едуць адны “заходнікі”.

– Хачу пажадаць будучым эмігрантам, якія сюды прыедуць, каб мы былі апошнімі, хто сутыкнуўся з такімі праблемамі. І каб ніхто ня ведаў, што такое быць беспрацоўным і сядзець бяз грошай у чужой краіне..

– Гэта… Каб хоць трошкі прасьцей зрабілі тут для ўкраінцаў – было б лягчэй, а так… –  дадае ейны сябар.

Зьміцер Міраш, фота аўтара          

2 камэнтары

  • Спасылка на Камэнтар Рубон Аўторак, 28 Лістапад 2017 Дадаў Рубон

    Выглядае, быццам бы ватнікі... хіба свабодны чалавек будзе жыць у палоне забабонаў, што з Украіны ў Польшчу па працу едуць толькі "западэнцы"?..
    Здаецца, што й Беларусь яны абралі, бо разьлічвалі тут на "рускі мір".

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Зьмітрок Чацвер, 30 Лістапад 2017 Дадаў Зьмітрок

    Хутчэй за ўсё, проста маладыя і неабазнаныя. Будзе ім Беларусь школай...

    Паскардзіцца
Залагініцца каб дадаць камэнтары