Вітаючы ўдзельнікаў, арганізатарка імпрэзы Дар'я Андронава заўважыла, што гэтая сустрэча ёсьць кульмінацыяй праекту “Кнігі, вобразы і думкі”, які ладзіць віцебскі арт-цэнтар VZAP і фонд па падтрымцы сучаснага мастацтва і культуры “Стракаты сьвет”.
Уладзімер Арлоў паведаміў, што ўжо ідзе праца над другой кнігай “Айчыны”, храналягічныя межы якой будуць уключаць пэрыяд ад Агінскага да Багушэвіча. А як паабяцаў у Віцебску Павал Татарнікаў, праца над кнігай мусіць быць завершаная цягам году. Плянуецца, дарэчы, і трэцяя частка – “ад БНР да Рэспублікі Беларусь”.
“Віцебск для мяне не чужы горад”
Як расказаў Павал Татарнікаў, у “Айчыну” ўвайшлі 280 акварэльных малюнкаў. Невялікую частку зь іх віцебчукі змаглі на ўласныя вочы пабачыць у двух залях арт-цэнтру. Мастак пашкадаваў, што выявы Віцебску, якія ёсьць у першай кнізе і будуць у другой, ня трапілі на выставу. Адна з выяваў выстаўляецца ў Таліне ў Нацыянальнай бібліятэцы Эстоніі. Дарэчы, фрагмэнт той “віцебскай” выявы трапіў на вокладку першай кнігі.
Павал Татарнікаў (зьлева) і Ўладзімер Арлоў
Мастак патлумачыў, чаму для яго “Віцебск не чужы горад”. Справа ў тым, што дзякуючы Віцебску ён… нарадзіўся: ягоныя бацькі вучыліся “худграфе”, тут пазнаёміліся і ажаніліся.
“Таму да Віцебску маю сантымэнт”, – падвёў рысу мастак.
“Чаму княства Полацкае і княства Кіеўскае не аб'ядналіся адразу?”
Віцебскі першаклясьнік Сьцяпан Серабро, прыемна ўразіўшы публіку і шаноўных гасьцей, задаў Паўлу Татарнікаву нечаканае пытаньне: “Чаму княства Полацкае і княства Кіеўскае не аб'ядналіся адразу?” Адказ прагучаў ад мастака, але выказаўся і Уладзімер Арлоў.
«І вельмі добра, што Полацкае княства з Кіеўскім не аб'ядналася. Іначай мы, можа быць, ня мелі б сваёй дзяржавы цяпер. Расейскія і ўкраінскія гісторыкі нам увесь час кажуць пра нейкую “Кіеўскую Русь”, але гэта ня больш як міт. Ніякай “Кіеўскай Русі” не было. У хроніках такой назвы няма. Так, былі прэтэнзіі Кіеўскага княства на славянскія землі, але Полацкае княства адбівалася. Гэта была магутная дзяржава, якая займала большую частку сучаснай Беларусі. Існаваньне Полацкага княства – галаўны боль як для расейскіх, так і для ўкраінскіх гісторыкаў...” – зазначыў аўтар “Айчыны”.
“Кожная кніга мае свой лёс”
Другую частку імпрэзы распачаў Уладзімер Арлоў. Пісьменьнік расказаў, як нарадзілася ідэя кнігі:
“Гісторыя кнігі “Айчына” нарадзілася з выразнай і асэнсаванай ідэі – даць нашым беларускім дзецям сучасна аформленую кнігу з чытэльным тэкстам і шыкоўнымі ілюстрацыямі пра герояў і падзеі нашай гісторыі. Правобразам “Айчыны” стала колішняя мая кніга “Адкуль наш род”, якая таксама мае сваю гісторыю. Калі яна выйшла, нядобразычліўцы напісалі на аўтара данос у адміністрацыю прэзыдэнта. Маўляў, кніга падрывае непарушную дружбу двух брацкіх народаў. Кнігу канфіскавалі, і паўгода яна ляжала ў нейкіх сховішчах, дзе яе чыталі прусакі ды пацукі, але дзякуючы заключэньню Інстытута гісторыі кнігу вярнулі…”
Выступае Ўладзімер Арлоў
Калі Арлоў яшчэ толькі выношваў задуму “Айчыну…”, адбылося шчасьлівае знаёмства з Паўлам Татарнікавым, якое, па словах пісьменьніка, ілюструе думку, што “ў такіх выпадковасьцях Бог захоўвае сваю ананімнасьць”.
Урэшце кніга выйшла і атрымала прэмію Цёткі за лепшую дзіцячую кнігу 2016 году. А першы наклад быў прададзены за тры тыдні.
Прыгадаў пісьменьнік і адну “шалёную аўтограф-сэсію”, на якой суаўтары падпісалі чытачам ажно 380 кніжак.
“Іначай прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па ср…цы”
Калі выйшаў “Адкуль наш род”, на аўтограф-сэсію прыйшоў дзядуля шляхетнага выгляду з унукам Арцёмам і папрасіў пісьменьніка падпісаць кнігу, каб Арцём ніколі не забываўся “адкуль наш род”. “Іначай прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па ср…цы”, – гэткім чынам стымуляваў унука дзед.
“І вось на адну з прэзэнтацый “Айчыны” прыходзіць малады чалавек і прыносіць тую самую кнігу. А гэта той самы Арцём, які набывае “Айчыну” ўжо для свайго сына. І гэта было так чульліва, і так кранальна”, – успамінаў Арлоў.
“Памяць і мова бароняць межы Айчыны лепей за армію”
Падчас імпрэзы адбылася віктарына. Найбольш дасьведчаныя чытачы атрымалі ад літаратара і мастака прызы.
Вызначылі і двух пераможцаў сярод тых, хто задаў найлепшае пытаньне. Паўлу Татарнікаву спадабалася пытаньне Сьцяпана Серабро пра мастацкую рэтраспэктыву на адной зь ягоных карцінаў. А Ўладзімер Арлоў адзначыў прызом пытаньне аднаго з удзельнікаў пра музычны інструмэнт, які б мог саліраваць пры чытаньні ці напісаньні кнігі. Для пісьменьніка такім інструмэнтам сталася б дуда.
Падчас імпрэзы Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў таксама свае кнігі “Танцы над горадам” ды “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” (зборнік балядаў). Напрыканцы зычыў віцяблянам таньчыць доўга і шчасьліва там, дзе яны захочуць. Магчыма, і на дахах. Пажадаў таксама паболей жыцьцёвых падзеяў, вартых балядаў. Ды каб у нас заўсёды была свая Айчына Беларусь.
“Мы з Паўлам упэўненыя, што гістарычная памяць і мова бароняць межы Айчыны лепей за любую армію”, – дадаў на разьвітаньне Уладзімер Арлоў.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/3207-vystava-ilyustratsyj-da-ajchyny#sigProIdc2e3e7cc3f
С. Горкі, фота аўтара