Ці атрымаецца кнігу калі-небудзь надрукаваць, альбо яна будзе існаваць толькі ў электронным выглядзе, пакажа час, але ўжо цяпер аб'ём матэрыялу, сабранага адмыслоўцамі, уражвае. Што тычыцца назвы кнігі, то ён падаецца цалкам абгрунтаваным. Чырвоная кніга – гэта каталёг горадабудаўнічых, архітэктурных ці рухомых аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны Віцебску, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня або частковай страты і патрабуюць захадаў па іх ахове і абароне. Чорная кніга – каталёг горадабудаўнічых, архітэктурных ці рухомых аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны, якія страчаныя незваротна.
Архітэктараў Аляксандра Міхайлюкова і Глеба Арлоўскага прысутным у залі прадставіў адзін з арганізатараў курсаў кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак.
На пачатку свайго выступу, робячы экскурс у мінуўшчыну Віцебску, Аляксандар Міхайлюкоў зазначыў, што, не зважаючы на вялікія страты архітэктурнай і горадабудаўнічай спадчыны, у Віцебску захаваўся шэраг цікавых будынкаў. Разам з тым можна казаць, што з тысячаў архітэктурных і горадабудаўнічых каштоўнасьцяў засталіся дзясяткі. Незваротныя архітэктурныя страты матэрыяльнай культуры гораду складаюць бадай што 95 адсоткаў ад першапачатковага стану. Асноўныя страты зьвязаныя з вайной, але і ў пасьляваенны пэрыяд страчана нямала.
Як патлумачыў адмысловец, нягледзячы на тое, што вялікая тэрыторыя віцебскіх замкаў лічыцца ахоўнай зонай ды мае вялікі культурны і рэгенэрацыйны патэнцыял, дэ-факта яна зьяўляецца ласым кавалкам для архітэктараў і замоўцаў. Трэба ўлічваць тут і магчымасьці для праявы сваіх амбіцыяў з боку ўладных структураў. Усё гэта цягне канфлікты з той часткай грамадзкасьці, якая заклапочаная навуковай рэгенэрацыяй страчанай архітэктурнай спадчыны.
У сувязі з гэтым Аляксандар Міхайлюкоў закрануў праблему пабудовы на плошчы Тысячагодзьдзя Палацу ўрачыстых абрадаў. На погляд архітэктара, сытуацыя складаная і вынікае з ланцужка ўжо зробленых памылак. Існуе шэраг дакумэнтаў, якія намінальна дазваляюць будаўніцтва, хаця з улікам базавых палажэньняў кодэксу аб культуры, тут ёсьць парушэньне заканадаўства. Працягваючы сваю думку, адмысловец сказаў:
– Гэта ня першы раз, калі архітэктары становяцца залежнымі ад дзяржаўных і прыватных замоўцаў. Гістарычная архітэктура, сапраўдная жылая забудова, няхай і ня самая выбітная, цяпер патаньнела, і многія гаспадары лічаць, што, атрымаўшы будынак, можна зь ім рабіць не зусім правамерныя дзеяньні. У гэтым пляне пляц Тысячагодзьдзя мае пустыя ад забудовы месцы, але яны ня вольныя ад таго начыньня, якое ў сабе ўтрымліваюць. Трэба сыходзіць з таго, што плошча мела свае межы, сваё гістарычнае плянаваньне. Таму у дачыненьні да плошчы Тысячагодзьдзя любое прысьпешваньне будзе толькі на шкоду. Як той казаў, усё, што робіцца сьпехам, ня можа быць пасьпяховым.
Цяпер з боку энтузіястаў, якія маюць дачыненьне да архітэктуры, робяцца намаганьні дэталёва разабрацца, якой была гістарычная забудова Ніжняга замку. Калі размова ідзе пра рэгенэрацыю, то мы маем на ўвазе максымальна дакладную копію нейкай забудовы ў тых памерах, з той жа якасьцю, на тых падмурках, якія захаваліся. Вядома, копія ніколі не заменіць арыгінал, але копія, зробленая з розумам, з выкарыстаньнем усёй наяўнай інфармацыйнай базы, цалкам абгрунтаваная. Прычым зь вялікай доляй імавернасьці калі-небудзь яна можа быць ацэненая наступнымі пакаленьнямі гараджанаў.
Далей архітэктар патлумачыў, што першапачаткова Палац шлюбаў плянаваўся як асобны будынак з чатырма фасадамі. Затым было вырашана, што адзін з фасадаў будзе нагадваць колішні Дзяржаўны банк, але па аб'ёме ён не супастаўляльны з банкам гістарычным. Апроч таго, паўстае пытаньне, чаму палац мусіць быць падобны да банку? Там была маса іншых будынкаў, сярод якіх і гасьцініца «Брыстоль».
Спадар Аляксандар сказаў:
– Можаце са мной не пагаджацца, але гэта ўсё за вушы прыцягнута. Тут адбываецца падмена паняцьцяў. Ніякіх адносінаў ні да рэгенэрацыі, ні да рэстаўрацыі гэты праект ня мае. Нейкая гульня ў стылі. Калі ўжо банк, то ў яго было канкрэтнае месца, канкрэтныя прапорцыі. Што называецца, счытвайце інфармацыю з першаўзору, тады гэта будзе хаця б нешта. Каб увасобіць ідэю, ёсьць шмат альтэрнатыўных месцаў. Узяць хаця б трэці корпус саляных складаў у Задзьвіньні. Гэта будзе добрая справа. Па аб'ёме гэта досыць супастаўляльныя будынкі.
Пытаньне пабудовы Палацу шлюбаў стала самым хвалюючым ня толькі для выступоўцы, але і для прысутных у залі. Некалькі пытаньняў, зададзеных лектару слухачамі, тычыліся менавіта гэтай праблемы.
Калі Аляксандар Міхайлюкоў у сваім выступе казаў найперш пра аб'екты з Чорнай кнігі ды закранаў рознага кшталту тэарэтычныя пытаньні, то Глеб Арлоўскі засяродзіўся на канкрэтных гістарычных аб'ектах з Чырвонай кнігі і іх архітэктурных адметнасьцях. Як ён патлумачыў, у кнігу ўлучаныя аб'екты дзьвюх катэгорыяў, то бок аб'екты, якія знаходзяцца пад пагрозай поўнага зьнікненьня, і аб'екты, якія знаходзяцца пад пагрозай частковага зьнікненьня.
У першую катэгорыю ўключаныя аб'екты, якія не зьяўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, помнікамі архітэктуры і не ўваходзяць у гістарычны цэнтар. Хоць яны не зьяўляюцца асобнымі помнікамі архітэктуры, але маюць усе падставы быць імі. На жаль, праз гэтую нявызначанасьць архітэктурныя будынкі могуць губляць свае гістарычныя рысы, аж да поўнага зьбіцьця дэкору ці зьнікненьня адметнасьцяў праз атынкоўку, уцяпленьне фасаду пенаплястам ці сайдынгам.
У шэрагу такіх гістарычных помнікаў прамоўца назваў дарэвалюцыйны будынак па вуліцы Лякаматыўнай, 14 (паліклініка №7), будынак былога сьвечачнага заводу на вуліцы Мічурына, 18, жылы дом па вуліцы Мічурына, 5А, будынак па вуліцы Маўзона, 51 і цэлы шэраг іншых будынкаў, некаторыя зь якіх датуюцца нават 18-м стагодзьдзем.
Як зазначыў Глеб Арлоўскі, дзеля максымальна дакладнага датаваньня гісторыя кожнага будынка адсочваецца па гістарычных мапах і архіўных дадзеных. Робяцца абмеры, фіксуюцца іх памеры і габарыты. Гэта неабходна для магчымага ў далейшым аднаўленьня або аналізу сабранай інфармацыі. Работа па каталягізацыі архіўных аб'ектаў працягваецца.
У наступнай частцы лекцыі, якая мусіць адбыцца ўжо ў новым годзе, віцебскія архітэктары паабяцалі падрабязьней распавесьці пра горадабудаўнічыя і рухомыя каштоўнасьці Віцебску.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/3024-arkhitektary-stvarayuts-chyrvonuyu-i-chornuyu-knigi-vitsebsku#sigProIdeea55ccb95
С. Горкі