Экспазыцыя ўяўляе такі сабе вінэгрэт, у якім ад глыбоцкай згушчонкі да маляванкі Драздовіча – адзін крок. Але менавіта такой, відаць, была задума арганізатараў – распавесьці усё пра ўсё.
Свае аб’екты гонару прэзэнтаваў на выставе кожны з 21 раёну вобласьці.
Драздовіч, Сергіевіч, Быкаў…
Гэтак, Глыбоччына і Шаркоўшчына прэзэнтуюць сябе творамі Язэпа Драздовіча – маляванкай “Краявід з замкам” (1940-1950 гады, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музэй) і насьценным дываном “Хутар Янцэвічаў” (1935, мастацка-этнаграфічны музэей імя Язэпа Драздовіча).
Язэп Драздовіч. "Хутар Янцэвічаў"
Побач з дываном Драздовіча можна пабачыць карціну Пётры Сергіевіча “Калыханка” (1940-1945) – таксама з фондаў музэю ў Германавічах.
Вушацкі раён у адным абрамленьні падае комплекс фотаздымкаў “Славутыя людзі Вушаччыны” з архіўнымі здымкамі Васіля Быкава, Еўдакіі Лось, Генадзя Гарбука, Петруся Броўкі і Рыгора Барадуліна.
"Славутыя людзі Вушаччыны" на выставе ў Віцебску
А вось самае ганаровае месца на стэндзе Аршаншчыны займае грамата і дыплём, уручаныя ў 1980-я гады Герою сацыялістычнай працы Мікалаю Шарсьнёву.
Імі быў ўзнагароджаны бацька цяперашняга кіраўніка вобласьці.
Людзі і боты
Але адкрываецца юбілейная экспазыцыя стэндам “Самыя-самыя” з 25-ю рэкорднымі дасягненьнямі Віцебшчыны (самы высокі чалавек, самы высокі касьцёл, першая жанчына-парашутыска і г.д.).
Дарэчы, рэканструкцыя абутку самага высокага чалавека Фёдара Махнова таксама прадстаўленая ў экспазыцыі. Дзецям будзе цікава.
Абутак Фёдара Махнова
Наогул, тэма абутку адна зь вядучых на выставе.
Абутак вытворчасьці фабрыкі "Красный Октябрь"
Чаравікі і пантофлі 1960-1980 гадоў ад “Чырвонага Кастрычніку”, “Марка” ды “Белвэсту” абуджаюць цёплыя, але крыху мулкія пачуцьці настальгіі.
“Сталінскі” дыван і гадзіньнікі зь мінулага
Калі ад пачатку экспазыцыі рухацца паводле гадзіньнікавай стрэлкі, то пасьля макету першага тэлевізару “Віцязь-722” (1970-я), які красуецца на фоне дывана “Да юбілею І.В. Сталіна” вытворчасьці віцебскага камбінату дываноў, набрыдзяце на віцебскія гадзіньнікі 1960-х.
Першы "Віцязь-722" на фоне "сталінскага" дывана
Тут сапраўды можна спраўдзіць гадзіньнік, каб не заблукаць у часе.
Выстава добрая і карысная ў тым пляне, што сапраўды рэпрэзэнтуе тое, што можа несьці ў сваёй душы статыстычны жыхар нашага рэгіёну. Шмат этнаграфіі і сацыялістычных сымбаляў, але ўжо знаходзіцца ў ёй сьціплае месца і для Быкава, Барадуліна, Язэпа Драздовіча…
Віцебская вобласьць: троху лічбаў
Паводле рэлізу да выставы, Віцебская вобласьць была ўтвораная 15 студзеня 1938 году. Першапачаткова ў яе склад уваходзілі 8 гарадоў і 20 раёнаў. Існавалі тады яшчэ, прыкладам, Багушэўскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Асьвейскі, Сіроцінскі і Сураскі раёны. У 1954 годзе ў склад вобласьці ўвайшлі Полацкі, Верхнядзьвінскі, Расонскі, Ушацкі раёны. А на пачатку 1960-х – Пастаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Мёрскі ды Браслаўскі.
Прыбыцьцё першай нафты ў Наваполацак. Фота з выставы
На сёньня ў вобласьці 21 раён, два гарады абласнога падпарадкаваньня (Віцебск, Наваполацак) і амаль 6,5 тыс. сельскіх населеных пунктаў.
Прадукцыя заводу трактарных запчастак
Тэрыторыя рэгіёну займае больш за 40 тыс. км2. Насельніцтва складае 1 млн. 187 тыс. чалавек. У вобласьці налічваецца 949 гісторыка-культурных каштоўнасцей.
З настальгіяй - пра КІМ...
Нашая салодкая сучаснасьць...
Зьміцер Міраш, фота аўтара