Распачаў сустрэчу вядомы ў Віцебску арганізатар культурніцкіх ініцыятываў Уладзімер Булаўскі. Ён распавёў, што супольнасьць «Сучаснае мастацтва» ў 2013 і 2014 гадох ужо праводзіла невялікія мерапрыемствы на дваровай тэрыторыі, кшталту невялікіх мастацкіх выставаў, імправізаваных канцэртаў, упарадкаваньня гарадзкой тэрыторыі…
Год таму узьнікла ідэя праекту «Дворнік». Праект паўстаў праз тое, што ў Віцебску ў дварох засталося шмат сцэнічных пляцовак, якія можна было б выкарыстаць у культурніцкіх мэтах. На жаль, праект ня быў рэалізаваны ў задуманым выглядзе. Мастак Алесь Канашонак, праўда, пасьпеў зрабіць графіці на адной са сцэнаў. Арганізатары паглядзелі на ініцыятыву некалькі шырэй і вырашылі абвясьціць конкурс «Дзень вуліцы» і прыцягнуць да яго рэалізацыі жыхароў гораду і тых, хто хоча паспрабаваць палепшыць сваю вуліцу і Віцебск у цэлым.
«Калі ў вас ёсьць ідэя, калі вы хочаце пераасэнсаваць тую прастору, у якой жывяце, ці арганізаваць нейкае лякальнае сьвята для сваёй вуліцы, для свайго двара ці нават для свайго раёну, заходзьце на сайт vitebsk4.me і падавайце заяўку на ўдзел у конкурсе. Мы абяром чатыры праекты і дапаможам пераможцам іх рэалізаваць. А каб вам было прасьцей прыдумваць нейкія ідэі і прасьцей іх дасягаць, мы запрасілі на сустрэчу нашых сяброў, рэдактараў часопісу 34mag.net Антона Кашлікава і Аліну Крушынскую», - закончыў Уладзімер Булаўскі.
Антон Кашлікаў адзначыў, што ў сваім часопісе яны асьвятляюць культурніцкія праекты, якія адбываюцца па ўсёй Беларусі, да таго ж самі бяруць удзел у некаторых зь іх, і таму маюць багаты досьвед ды ведаюць, што і дзе праходзіць.
Найбольш любімым культурніцкім фарматам застаецца музычны, але ўсё, што адбываецца апошнім часам у Менску і ня толькі, – гэта зазвычай нейкая сумесь розных зьместаў і падтэкстаў. Напрыклад, музычны фэстываль можа адбывацца зь нейкім спартовым складнікам.
Кіно, кінафэстываль, кінапрагляд – другі напрамак па папулярнасьці, але тут трэба падумаць пра захаваньне аўтарскіх правоў. Добрым прыкладам зьяўляецца арганізацыя кінафэстывалю скандынаўскага кіно «Паўночнае зьзяньне». Арганізатары запрасілі рэжысэраў, кінакрытыкаў, падключылі да ўдзелу амбасады.
Фотавыставы - таксама вельмі папулярныя, але важна пры гэтым задаць пэўную тэму.
Папулярныя і спартовыя мерапрыемствы, пры арганізацыі якіх часта насустрач ідзе бізнэс.
Фэстывалі вулічнага мастацтва, фэстываль стрыт-арту, фэстываль графіці. У гэтым накірунку ў Менску на працягу трох тыдняў праводзіцца вялікі фэстываль урбаністычнага мастацтва, які вырас з таго, што яго арганізатарка захапілася Бразыліяй і пры дапамозе бразыльскай амбасады прывезла ў Менск некалькі мастакоў, якія размалявалі сьцены будынкаў на вуліцы Кастрычніцкай.
На сайце 34mag.net адмыслова для арганізатараў рознага кшталту ініцыятываў распрацаваны і разьмешчаны цэлы шэраг парадаў, якія можна выкарыстоўваць падчас напісаньня і рэалізацыі праекту. Скарыстацца імі можа кожны ахвотны.
Пры канцы сустрэчы Аліна Крушынская, як адна з арганізатараў пяцідзённага міжнароднага фэстывалю – узаемадзеяньня з гістарычным і прыродным ляндшафтам ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёну, распавяла пра досьвед арганізацыі гэткага кшталту імпрэзаў.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2450-u-vitsebsku-ladzitstsa-konkurs-praektau-dzen-vulitsy#sigProIddef4cb9e03
С. Горкі