Таму ня цяжка здагадацца, што асноўны асартымэнт, прадстаўлены ў краме, разьлічаны на людзей, якія шануюць свае традыцыі і любяць гісторыю і культуру Беларусі. Адпавядае слогану і інтэр'ер крамы. Асноўныя колеры – чырвоны і белы.
Як напісана на афіцыйнай старонцы крамы ў сацыяльнай сетцы, «Мэта крамы "Князь Вітаўт" – Моцная Беларусь, а гэта немагчыма ўявіць бяз моцнай нацыянальнай сьвядомасьці, бязь веданьня сваёй мовы, сваёй гісторыі, без шанаваньня сваіх спрадвечных сымбаляў і традыцыяў».
Асартымэнт вельмі разнастайны: акрамя сувэнірнай прадукцыі (бірулькі, значкі, налепкі, кубкі, невялікія бел-чырвона-белыя сьцяжкі), таксама шырока прадстаўленая разнастайная вопратка ў нацыянальным стылі (цішоткі, кепкі, спадніцы) і розная прадукцыя для школы (сшыткі, кнігі, асадкі).
Паводле аднаго з уладальнікаў крамы, Алега Чапарава, за першы няпоўны дзень працы прыйшло даволі шмат пакупнікоў, хоць шырокай рэклямнай кампаніі яны пакуль не праводзілі. На яго думку, крама будзе карыстацца папулярнасьцю ў месьцічаў, і наведвальнікаў будзе станавіцца толькі больш.
З нагоды адкрыцьця крамы а 16-й гадзіне прайшла гістарычная віктарына. Асноўныя пытаньні, зразумела, былі прысьвечаныя князю Вітаўту і ключавым сымбалям Беларусі – гербу Пагоня і бел-чырвона-беламу сьцягу. На мерапрыемства сабраліся мясцовыя прыхільнікі беларускай гісторыі і культуры. Нягледзячы на досыць складаныя пытаньні, удзельнікі здолелі правільна адказаць на большасьць зь іх.
Можа паўстаць пытаньне, як стала магчыма, што ў цэнтры гораду, які зьяўляецца вельмі «прарасейскім», магла зьявіцца гэткая крама. Але ня трэба забываць, што ўжо колькі гадоў у Беларусі ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне праводзіцца палітыка фармальнай падтрымкі нацыянальных ідэяў – нават чальцы БРСМ пачалі хадзіць на парадах у вышыванках. Імаверна, і адкрыцьцё ў Віцебску крамы «Вітаўт» стала праявай новай палітыкі, што праводзіцца ў краіне. Тым больш, што адкрыцьцё крамы супала з пачаткам расейскіх вайсковых вучэньняў. Як бы там ні было, але добра, што зьявіўся такі гандлёвы пункт у горадзе.
У Віцебску ўжо ёсьць помнік вялікаму літоўскаму князю Альгерду і кафэ з аднайменнай назвай. Нагадаем, што князь Альгерд зьяўляўся родным дзядзькам Вітаўта. Засталося толькі адкрыць рэстаран або гатэль з назвай «Ягайла», які быў ня толькі вялікім князем літоўскім, сынам Альгерда і стрыечным братам Вітаўта, але яшчэ і князем Віцебскім.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2422-na-mape-vitsebsku-zyavilasya-yashche-adna-admetnaya-belaruskaya-kropka#sigProIddfacdfc16c
Уладзімер Бяляўскі