Як заўважыў спадар Зьміцер, кніга паўстала дзякуючы перадачы «Падарожжы Свабоды», аднак гэта ня зборнік перадач, хаця першапачаткова была менавіта такая задума. Пасьля таго, як рукапіс трапіў у рукі сур’ёзнага рэдактара, Сяргея Дубаўца, яе аб’ём скараціўся напалову і набыў кніжны фармат.
Назва кнігі нарадзілася таксама з парады Сяргея Дубаўца. Пасьля таго, як патасныя назвы кшталту «Лёсы й дарогі» адпалі самі сабой, той параіў аўтару ўзяць цытату з расповеду адной з гераінь і зрабіць яе назвай.
«Быў у пана верабейка гаварушчы…» – гэта анэкдот, які распавяла старая сялянка зь вёскі Дзямідаў за Мазыром. Да рэвалюцыі ў той мясцовасьці жыў магнат Горват, у якога быў гаварушчы верабейка. Так сяляне называлі папугая. Дык вось, гэты папугай меў звычку распавядаць пану пра ўсе сялянскія правіны, якія тыя ўчынілі за час панскай адсутнасьці ў маёнтку. За што ўрэшце і паплаціўся: баронячыся ад панскага гневу зашылі гаварушчаму верабейку сяляне жопу. Пасьля чаго той паўтараў усяго адну фразу: «Шыла-шыла, дый зашыла». Здох не адразу, таму пан нікога не западозрыў, – здох праз сваю языкатасьць ды адданасьць гаспадару.
Спадар Зьміцер кажа, што гэтая гісторыя ўвасобіла ў сабе ўсю сутнасьць кнігі. Гэтая грубаватая народная алегорыя яскрава перадае пакручасты лёс беларусаў у дваццатым стагодзьдзі, калі «жопу зашылі» ня толькі панскім падпявалам, але і самім зашывальшчыкам і усяму народу ў цэлым.
Нявыдуманыя народныя гісторыі, сабраныя па ўсёй краіне ад захаду да ўсходу, адкрываюць чытачу зусім іншую Беларусь і беларусаў зь несавецкай мэнтальнасьцю і каштоўнасьцямі, якія ня здолелі паламаць ані рэвалюцыя, ані калектывізацыя, ані сталінскія рэпрэсіі, ані ідэалягічныя ўстаноўкі. У гэтым і палягае сапраўдная каштоўнасьць кнігі. І хоць у кнізе больш прадстаўленая геаграфія захаду, але тыя гісторыі, якія аўтар пачуў на крайнім усходзе, ні на якім захадзе, як ён выразіўся, ніхто не распавёў бы.
Мяркую, той, хто скарыстаўся з нагоды наведаць сустрэчу з Бартосікам, ня быў расчараваны. У аўтарскім выкананьні народныя гісторыі насычаліся непаўторным калярытам, багатымі сэнсавымі інтанацыямі, індывідуальнымі адметнасьцямі герояў, аўтарскім гумарам ды іроніяй, якіх так не хапае пры асабістым чытаньні. З майго ўласнага перакананьня, твор абавязкова трэба чытаць толькі ўголас, бо інакш губляецца калясальная эмацыйнасьць і ўнутраная энэргія народных расповедаў, гэтак удала ўвасобленых пісьменьнікам.
Скончыўшы чытаньне, спадар Зьміцер узяў у рукі гітару. Некалькі песьняў у ягоным выкананьні сталі сапраўдным падарункам для прыхільнікаў ягонай творчасьці. У сувязі з чарговай гадавінай Уладзімера Высоцкага пачулі прысутныя і некалькі песьняў з рэпэртуару расейскага выканаўцы.
Пасьля сустрэчы ўсе ахвочыя атрымалі ў падарунак прэзэнтаваную кнігу з аўтографам аўтара.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2165-verabejka-gavarushchy-zmitra-bartosika-nareshtse-dalyatseu-i-da-vitsebsku#sigProId8e122678c0
С. Горкі