Ірляндзкі паб «Торвальд» быў адчынены ў гістарычным доме з чырвонай цэглы ў сымбалічную дату – на сёлетні Дзень Волі, 25 сакавіка. Названы ў гонар ісьляндзка-ірляндзкага місіянэра Торвальда Кодрансана па мянушцы Вандроўнік, які ў 986 годзе заснаваў хрысьціянскую царкву ў Полацку.
За кароткі час паб стаў прыкметнай культурніцкай пляцоўкай, знакавым месцам для жыхароў Віцебску. Штовечар тут зьбіралася «прасунутая» публіка, каб спалучыць куфаль фірмовага піва зь сяброўскай гутаркай. Пад яго дахам зладжана блізу сотні разнаплянавых імпрэзаў, ад канцэртаў да прэзэнтацыяў.
Ідэя арт-пабу належыць Віталю Броўку. Ён вядомы прадусар і арганізатар канцэртаў, зладзіў тысячы выступаў папулярных беларускіх і замежных выканаўцаў. Ягонай правай рукой – колішні выкладчык, навуковец Сяргей Русецкі. Нейкі час таму перабраўся зь Менску, цяпер загадчык пабу. Абодва прынцыпова беларускамоўныя, з выразна акрэсьленай грамадзянскай пазыцыяй.
А днямі сталых наведнікаў «Торвальда» чакаў непрыемны сюрпрыз: дзьверы аказаліся зачыненыя, а на вывешаным аркушы напісана, што цяпер тут можна набыць толькі квіткі на канцэрты. Як паб установа не працуе.
Броўка патлумачыў, што прычын было некалькі. З аднаго боку, актыўная дзейнасьць сама па сабе ўжо вымагала большай плошчы, зь іншага, да ўстановы ўзьніклі прэтэнзіі ў жыхароў суседняга дому:
«Да месца, дзе адчыніўся і паўгода адпрацаваў бар “Торвальд”, узьніклі пэўныя пытаньні з выкананьнем нарматываў у розных сфэрах. Справа ў тым, што занадта актыўная і насычаная палітра падзеяў выклікала пэўнае раздражненьне ў жыхароў суседняга з пабам дому – атрымліваецца, што ў нас уваход роўненька ў вокны кватэры, дзе жывуць досыць сталыя людзі. То бок вэрхал узьняў менавіта суседні дом, пасьля чаго зьявіліся праблемы. Дарэчы, жыхары нашага дому, дзе, уласна кажучы, і працуе паб, асаблівых прэтэнзіяў не выказвалі. Ну, і як кампраміснае было прынятае рашэньне пераехаць у іншае месца. Цяпер шчыльна над гэтым працуем».
У свой час Віталь набыў кватэру па Камсамольскай вуліцы пад дызайн-студыю. Але на пачатку гэтага году ў коле сяброў узьнікла ідэя: чаму б не абсталяваць пляцоўку для аднадумцаў, каб сумясьціць прыемны антураж з размовамі на высокія тэмы? Сышліся на думцы, што месца надзвычай атмасфэрнае, у выніку зьявіўся «айрыш паб» з арт-ухілам. Ад лякальнага месца для самых блізкіх установа хутка разраслася да «клюбу» сяброў «Торвальда».
Месяц таму пра ўнікальную беларускую пляцоўку ў Віцебску расказвала Радыё Свабода. Тады загадчык пабу Сяргей Русецкі пералічваў ужо праведзеныя імпрэзы і казаў пра пляны на будучыню:
«Актыўна ладзім музычныя мерапрыемствы, спакойна можам прыняць да 70 чалавек. Нават у невялічкую залю здолелі “ўціснуць” імправізаваную сцэну. Вядома, канцэрты толькі акустычныя, бо самы істотны недахоп – тое, што мы знаходзімся ў жылым доме. Адсюль і абмежаваны графік, і суседзі, зь якімі трэба падтрымліваць нармальныя адносіны. Таксама арганізуем кінапаказы, праходзяць навуковыя лекцыі, канфэрэнцыі. Безумоўна, у плянах – пашырэньне прасторы, хоць не ўяўляем, ці можна цяперашнюю атмасфэру кудысьці перанесьці. Мы знаходзімся ў будынку, які мае статус культурнай каштоўнасьці пачатку ХХ стагодзьдзя, тыповы віцебскі будынак. Іх у горадзе шмат: з чырвонай цэглы, нетынкаваныя, своеасаблівы знак віцебскага архітэктурнага стылю».
У сваю чаргу, Віталь Броўка ставіцца да цяперашніх выпрабаваньняў па-філязофску. Магчыма, кажа ён, гэткі паварот падзеяў нават да лепшага: каб ня вымушаная патрэба шукаць альтэрнатыву, невядома, колькі яшчэ разгойдваліся б з ідэяй пашырэньня прасторы:
«А цяпер пераяжджаем у цэнтар, да самага помніка Альгерду, – кажа ён. – Старое памяшканьне аказалася не прыстасаванае для такой колькасьці мерапрыемстваў, якія мы пачалі ладзіць. Па новым адрасе месца нашмат больш. Агулам 200 квадратаў, дзьве аўтаномныя залі: адна больш імпрэзавая, другая збольшага будзе нагадваць ужо знаёмы інтэрʼер. Апроч таго, больш працяглы рэжым працы, а ня так, каб прыстасоўвацца да графіку жыхароў. Побач няма жылых дамоў – акрамя Мікалая Васільевіча Мартынава зь сямʼёй (заснавальнік і гаспадар абутковай фірмы Marco. – рэд.), ніхто не жыве. “Торвальд” заменіць кавярню “Ля Ратушы”, якая мела вельмі спэцыфічную славу: належала, скажам так, калякрымінальным колам, і тусаваліся там досыць сумнеўныя тыпчыкі. Цяпер мы тое месца як мінімум акультурым, што задавальняе і гарадзкія ўлады».
Віталь Броўка мае надзею, што пасьпяховы віцебскі бізнэсовец Мікалай Мартынаў таксама стане заўсёднікам абноўленага арт-пабу – балазе ўсе звыклыя атрыбуты захоўваюцца.
Пры канцы цікаўлюся, як Віталь плянуе выкарыстоўваць нерухомасьць па Камсамольскай вуліцы – на права ўласнасьці, падаецца, ніхто не замахваўся?
«Так, тое памяшканьне застаецца ў маёй уласнасьці, – кажа Віталь Броўка. – Думаецца, што гэта будзе добрая штаб-кватэра для культурна-асьветніцкай установы Viciebsk4Me (“Віцебск для мяне”), я там адным з сузаснавальнікаў. Што тычыцца арт-пабу “Торвальд”, штодня працую над тым, каб да канца месяца ён запрацаваў у новым месцы, адчыніў дзьверы для нашых старых і новых сяброў».
Гаспадары арт-пабу «Торвальд» маюць працягваць традыцыю беларускамоўнай культурніцкай пляцоўкі. Тым больш, першыя паўгода працы яскрава прадэманстравалі: попыт на роднае слова ў прапанаваным фармаце надзвычай высокі.
Як кажа Сяргей Русецкі, за прамінулы час ён не прыгадае ніводнага выпадку адмоўнай рэакцыі на беларускі кантэнт. І робіць выснову: у Віцебску жывуць беларусы па сваёй сутнасьці, якім проста не хапае месцаў для камунікацыі. «Торвальд» такую магчымасьць забясьпечвае.
Ігар Карней, svaboda.org