У далёкім 1991 годзе беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які тады жыў у Воршы, задумаў незвычайны фэстываль. Ідэя была такая: запачаткаваць традыцыю беларускім выканаўцам аўтарскай песьні зьбірацца ў вусьці рэчкі Крапіўны ў пачатку верасьня – там і тады, калі адбылася ў 1514 годзе Аршанская бітва.
За 25 гадоў сваёй гісторыі «Аршанская бітва» перажыла і ўзьлёты, і падзеньні, ператварыўшыся ў буйную адкрытую пляцоўку для бардаў і маладых беларускіх паэтаў.
Апошнія 9 гадоў з-за ціску сілавікоў аўдыторыя фэстывалю зьменшылася зь дзьвюх-трох соцень да 10-20 чалавек, стаўшы амаль што падпольным фэстывалем. Але нязьменным было адно – выступ аўтара ідэі, Андрэя Мельнікава.
І вось сёлета ўпершыню на «Аршанскай бітве – 2016» Мельнікава, які ўсюды называе сябе бацькам фэсту, не было. Ён выбраў нейкую іншую пляцоўку, здаецца, недзе ў Лідзе. Напэўна, там было лепш, чым недзе вечарам у лесе паміж Воршай і Дуброўнай. Калі капітан пакідае тонучы карабель, то яго каманда дзейнічае ўжо па-свойму. Месца капітана фэстывалю на сёньняшні дзень свабоднае.
А што ж «Аршанская бітва»? Яна прайшла бяз нашых бардаў. За адсутнасьцю капітана карабель вёў каардынатар фэсту, аршанскі гісторык-дасьледчык Юрка Копцік, які паказаў напісаную ім адмыслова для фэстываля песьню «Крапівенскае поле».
А што ж нашы барды? Нават не авалодаўшы яшчэ ў дастатковай ступені ні словам, ні голасам, ні гітарай, нашы выканаўцы аўтарскай песьні, тым ня менш, ужо навучыліся ставіць умовы: аплаціце мне праезд плюс ганарар за выступ – хто 50, а хто і 100 у.а. «Рэйтынгавае» старэйшае пакаленьне наогул, падобна, «сьпісалася».
А вечарам у лесе ля Крапіўны сабраліся маладыя і ня надта маладыя людзі з Воршы, Магілёва, Віцебску. Крапівенскае поле па-ранейшаму прываблівае да сябе тых, хто ведае, што гэта за месца і што яно азначае для нас. Чыталі вершы, слухалі беларускую музыку дый проста гаварылі пра надзённае і цікавае ўсім. Падымалі чарку з традыцыйным для гэтага месца тостам – за перамогу. Ды спадзяваліся на лепшы час для Беларусі.
А. Ршанскі, nn.by