Сярод лотаў – адзін з будынкаў былога комплексу казармаў 41-артылерыйскай брыгады, дом №7 па вуліцы Будзёнага. Гэта трохпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай 2 570,3 квадратных мэтраў. Хоць у суправаджальных дакумэнтах пазначана, што будынак 1953 года пабудовы, найхутчэй маецца на ўвазе дата рэканструкцыі, бо помнік архітэктуры залічаюць да канца XIX – пачатку XX стагодзьдзя, а гэтая брыгада была раскватараваная ў Віцебску ў 1899 годзе. Кошт – 1 192 528 рублёў 40 капеек.
Таксама выстаўляецца невялікі двухпавярховы дом №20 па вуліцы Калініна, пабудаваны да 1917 году. Будынак з прыбудовай, вэрандай, ганкамі, цокальным паверхам агульнай плошчай 177,8 квадратных мэтраў. Зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю – забудовай вуліцы Калініна. Кошт – 223 224 рублёў 50 капеек.
Трэці помнік архітэктуры – дом №4 на Смаленскай плошчы. Двухпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай 325,9 квадратных мэтраў, пабудаваны пры канцы XIX – на пачатку XX стагодзьдзя. Ён належыць да забудовы Смаленскай плошчы. Кошт – 282 606 рублёў 16 капеек.
Апроч таго, на аўкцыён выстаўлены будынак былога клюбу лётчыкаў на праспэкце Чарняхоўскага. Гэты будынак, хоць і не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, але пабудаваны да 1917 году, спачатку хацелі зьнесьці, а потым вырашылі прадаць. Кошт – 207 773 рублі 39 капеек.
Усе будынкі прадаюцца з правам заключэньня арэнды на зямельны ўчастак.
Сяржук Серабро, vitebsk.cc