З «Аднакласнікаў» знікла дубровенская «экстрэмісцкая» суполка
Старонка суполкі «Тарака…а Ус» была дададзеная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 27 кастрычніка 2021 году. «Экстрэмісцкай» яе прызнаў суд Дубровенскага раёну. Суполка знікла з сацыяльнай сетцы ok.ru, але хто яе выдаліў, невядома.
Чэмпіёну Беларусі ў кікбоксінгу Юрыю Свіціну давядзецца адбыць тры гады «хатняй хіміі»
У лістападзе 2021 году суд Дубровенскага раёну вынес прысуд паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») у дачыненні 40-гадовага спартоўцы Юрыя Свіціна. Па версіі следства, ён абразіў пракурора Дубровенскага раёну Міхаіла Пацеева. Суддзя Марыя Цыклінская прызначыла пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф 2900 рублёў. Прысуд набыў ужо законную моц.
Дубровенская актывістка дамаглася ўстаноўкі пандусу ў судзе, дзе яе неаднаразова судзілі
Вядомая ў Дуброўне актывістка Наталля Стрэльчанка паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пра тое, што ў мясцовым раённым судзе ўсталявалі нарэшце пандус для людзей з інваліднасцю. Яна дамагалася гэтага больш за два гады, знаходзячыся яшчэ ў Беларусі. Улетку 2021 году з прычыны ціску з боку сілавых структур Стрэльчанка была вымушаная пакінуць краіну.
Праваабаронцы прызналі палітвязнем дубровенскага актывіста Міхаіла Чамураку
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі актывіста з Дуброўна Міхаіла Чамураку палітычным зняволеным. 7 ліпеня 2021 году Дубровенскі раённы суд прызнаў мужчыну вінаватым у паклёпе (арт. 188 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Пакаранне пачаў адбываць ад 10 кастрычніка.
КПЧ ААН зарэгістраваў скаргу ўдзельніцы прэзідэнцкай гонкі 2020 году Наталлі Стрэльчанкі
Актывістка партыі «Народная Грамада» з Дуброўна Наталля Стрэльчанка атрымала афіцыйны ліст з камітэту ААН па правах чалавека. Яе індывідуальная скарга зарэгістраваная пад нумарам 3946/2021. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году яна вылучалася ў межах стратэгіі «30 кандыдатаў пратэсту». Але яе ініцыятыўная група, як і групы Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага ды іншых кандыдатаў, не была зарэгістраваная выбарчай камісіяй.
Міхаілу Чамураку прысудзілі тры гады «хіміі»: узвёў «паклёп» на старшыню выбарчай камісіі і міліцыянта
7 ліпеня суд Дубровенскага раёну прызнаў даказанай віну мясцовага актывіста Міхаіла Чамуракі, абвінавачанага паводле арт. 188 КК («Паклёп»). Суддзя Марыя Цыклінская ў поўным аб’ёме задаволіла хадайніцтва пракурора і прысудзіла Чамураку тры гады абмежавання волі («хімія»). Цягам 10 дзён вырак можа быць абскарджаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Дубровенскага актывіста Міхаіла Чамураку судзяць за паклёп на старшыню выбарчай камісіі
Прадпрымальніка і актывіста з Дуброўна Міхаіла Чамураку вінавацяць у паклёпе (арт. 188 КК). Пацярпелымі прызнаныя дырэктарка аршанскай школы №3, якая ў жніўні 2020 году кіравала выбарчай камісіяй, а таксама інспектар ДАІ. Крымінальную справу разбірае суд Дубровенскага раёну. Судовы працэс працягваецца ад 29 траўня, Міхаілу Чамураку пагражае да трох гадоў абмежавання волі («хімія»).
На Дзень волі ў дубровенскай актывісткі прайшоў ператрус. Канфіскавалі камп'ютар і тэлефон
25 сакавіка ў Дуброўна ў прыватны дом, дзе жыве актывістка «Народнай Грамады» Наталля Стрэльчанка з дзецьмі, прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі з пастановай на ператрус. Санкцыю на яго даў пракурор Міхаіл Пацееў. Паводле пастановы, нагодай для вобшуку стала нібыта абраза ў мэсэнджары старшыні суду Дубровенскага раёну Марыі Цыклінскай.
7 сутак арышту – за паветраныя балонікі на акне ў Дуброўне
21 студзеня суд Дубровенскага раёну прысудзіў прадпрымальніку Міхаілу Чамураку 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Бел-чырвона-белыя паветраныя балонікі, вывешаныя на акне прыватнага дому, суд палічыў публічным выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў. Актывіста ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння прысуду.
У Дуброўне затрымалі Міхаіла Чамураку. Прайшлі вобшукі: забралі белыя і чырвоныя балонікі
15 студзеня ў Дуброўне міліцыя затрымала 38-гадовага прадпрымальніка і актывіста Міхаіла Чамураку. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён у грамадскім месцы райцэнтра вывесіў бел-чырвона-белыя стужкі. У доме актывіста і ў яго сваякоў прайшлі ператрусы. Канфіскаваныя паветраныя балонікі, якія віселі на акне…