Нагодай для такога суворага пакараньня паслужыў выпадковы ўдзел Пятра ў групавым фатаграфаваньні на адной з вуліц гораду. Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова ўсьлед за маёрам міліцыі Аляксандрам Рыбаковым палічыла фатаграфаваньне масавым мерапрыемствам, прызнала Бярлінава вінаватым і падвергла адміністрацыйнага арышту на трое сутак з утрыманьнем яго ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
У сваёй скарзе Бярлінаў прыводзіць довады таго, што ён стаў ахвярай дзеяньняў з боку дзяржаўных органаў і арганізацыяў. Так, Пётар паведамляе пра тое, што касацыйная і наглядныя судовыя інстанцыі, куды ён зьвяртаўся са скаргамі на рашэньне судзьдзі Цыганковай, разгледзелі скаргі не на яго карысьць. Паводле меркаваньня заяўніка, судзьдзя Цыганкова была прадузятай. Яна адназначна прыняла бок абвінавачваньня і не стала высьвятляць усе акалічнасьці, фактычны бок справы, ня стала знаходзіць аб’ектыўныя дадзеныя яго невінаватасьці і недатычнасьці.
На думку Бярлінава, судовае рашэньне суду першай інстанцыі не зьяўлялася справядлівым. Усе ўдзельнікі фотасэсіі былі пакараныя штрафамі. І толькі ён адзін за тое ж самае правапарушэньне, што і астатнія (удзел у пікетаваньні), быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту. Бо гэты від пакараньня расцэньваецца грамадзтвам і дзяржавай як найбольш карны, г.зн. ужываецца толькі ў крайніх, асаблівых выпадках у адміністрацыйнай вытворчасьці.
«Адміністрацыйны арышт успрыняты мною як пакараньне, не прапарцыйнае ўчыненаму дзеяньню. Бо калі мае паводзіны расцэньваць як удзел у пікеце, то маімі ўчынкамі не былі ўшчэмленыя правы і рэпутацыя іншых асоб. Да таго ж я не рабіў замах на бясьпеку, грамадзкі парадак і маральнасьць насельніцтва, якія ахоўваюцца дзяржавай. Прынамсі, мне не ставілася ў віну гэта судом», – сьцьвярджае Бярлінаў.
Ён мяркуе, што з боку дзяржавы грубым чынам было парушанае яго права на справядлівы, бесстароньні і незалежны суд. І выказвае шкадаваньне, што касацыйная і наглядныя судовыя інстанцыі не ўлічылі ўсе яго довады і рэабілітуючыя акалічнасьці.
Пётар Бярлінаў, пакрыўджаны беларускай дзяржавай грамадзянін, просіць Камітэт па правох чалавека прызнаць яго скаргу прымальнай для разгляду па сутнасьці. Ён настойвае на тым, каб Рэспубліка Беларусь была прызнаная парушальнікам Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, ліквідавала ўсе дапушчаныя парушэньні і аднавіла яго грамадзянскія правы, а таксама пакрыла яму маральную шкоду ў выглядзе грашовай кампэнсацыі.