Натальля Стрэльчанка абвінавачвае дзяржаву ў тым, што 25 і 26 сакавіка 2018 году супрацоўнікі Дубровенскага РАУС і раённага суду ўчынілі ў дачыненьні да яе дзеяньні, якімі парушылі яе правы, гарантаваныя Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Гэтак, яе беспадстаўнае затрыманьне 25 сакавіка 2018 году супрацоўнікамі РАУС па дарозе ў Менск, дзе яна мела намер удзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Волі, Натальля лічыць парушэньнем артыкулу 9 Пакту. Паводле яго, ніхто ня можа быць адвольна арыштаваным альбо ўтрымлівацца пад вартай.
Тое, што яе неабгрунтавана затрымалі тады, калі яна накіроўвалася на масавае мерапрыемства, Натальля расцэньвае як парушэньне Рэспублікай Беларусь артыкулу 21 Пакту, якім гарантуецца права на мірныя сходы.
Апроч таго, забарона зьдзяйсьняць аўдыё- і фотаздымкі працэсу яе затрыманьня ў фае РАУС і прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці за непадпарадкаваньне патрабаваньням спыніць здымкі, парушаюць, на погляд Натальлі Стрэльчанкі, артыкул 19 Пакту, які гарантуе права на свабоду атрыманьня інфармацыі. Натальля падкрэсьлівае ў скарзе, што ў Беларусі няма закону, які б забараняў відэаздымкі ў такім агульнадаступным месцы, як фае аддзяленьня міліцыі.
Натальля паведамляе КПЧ, што судзьдзя райсуду Татаеў адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа зь яе тэлефону, адабранага ў РАУС пры затрыманьні. Між тым, гэтае відэа было адзіным магчымым доказам яе невінаватасьці. Паводле скаржніцы, гэта парушыла яе права на справядлівы судовы разгляд, якое гарантуецца артыкулам 14 Пакту.
Тое, што 25 сакавіка 2018 году яе ўтрымлівалі ў памяшканьні Дубровенскага райаддзелу міліцыі ад самага ранку да 18 гадзін вечара бязь ежы, абшуквалі з поўным разьдзяваньнем перад камэрай відэаназіраньня перад тым, як зьмясьціць ў ІЧУ, трымалі пад вартай больш за 28 гадзінаў, ведаючы, што яна мае дваіх няпоўнагадовых дзяцей, ёсьць, паводле заяўніцы, парушэньнем артыкулу 10 Пакту. Паводле гэтага артыкулу, усе асобы, пазбаўленыя свабоды, маюць права на гуманнае абыходжаньне і павагу да чалавечай годнасьці.
Быў парушаны таксама артыкул 7, у якім гаворыцца, што ніхто ня можа падвяргацца катаваньням альбо жорсткаму, нялюдзкаму абыходжаньню, якое зьневажае чалавечую годнасьць.
І таму як усе гэтыя парушэньні мелі пад сабой палітычныя падставы (Натальля Стрэльчанка – сябар АГП), гэты факт яна лічыць дыскрымінацыяй, зьвязанай зь яе палітычнымі перакананьнямі. Што парушае артыкул 2 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Натальля Стрэльчанка просіць устанавіць факт парушэньня Рэспублікай Беларусь сямі пералічаных артыкулаў Пакту і рэкамэндаваць уладам Беларусі кампэнсаваць прычыненую дзяржавай шкоду.